Аляксандр Лукашэнка падпісаў 13 траўня ўказ аб «інвестыцыйным праекце» па пабудове «эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу» ў Менску пад назвай «Паўночны бераг». 16 траўня ўказ быў афіцыйна апублікаваны на Pravo.by.
З указу вынікае, што:
- комплекс дазволена будаваць у раёне Даўгінаўскага тракту і Навінак, ад МКАД да прыватных дамоў у раёне вуліцы Арлоўскай, ад Цнянскага вадасховішча да Зацані і аж да вадасховішча Дразды;
- інвестарам і замоўнікам прызначаная прыватная кампанія «Рыверсайд Дэвелапмент Холдынгз Лімітэд» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў бізнесоўцы Мухамеда Алі Аль-Абара, які раней быў старшынём праўлення «Эмірэйтс Блю Скай», што ўваходзіла ў «Дана Холдынгз» (ён раней абяцаў інвеставаць у праект €4 млрд);
- замоўніку дазволена фармаваць цану аб’ектаў долевага будаўніцтва без абмежавання прыбытку, «на падставе фактычных выдаткаў»;
- колькі чалавек збіраюцца пасяліць у раёне, невядома, аднак дазволена будаваць са шчыльнасцю не больш за 448 чалавек на гектар (у комплексе «Менск-Мір» дазвалялі 427 чалавек/га, тады як у найбольш шчыльна забудаваным паўднёвым захадзе Менску цяпер жыве каля 174 чалавек/га) і ў сярэднім 14 тысяч м² жытла на гектар;
- сярэдняя плошча кватэры запланаваная ў 45 м² на чалавека, таксама на чалавека разлічваюць 6,4 м² зялёных тэрыторыяў агульнага карыстання;
- стаянкі і паркоўкі маюць будаваць з разліку на 370 машынаў на 1000 жыхароў (на 2020 год на 1000 менчукоў было 320 машынаў);
- запланаваныя мінімум дзве школы сумарна на 2000 месцаў, пяць дзіцячых садкоў сумарна на 1500 месцаў, апорны пункт міліцыі, пажарнае дэпо і аб’екты паштовай сувязі;
- таксама маюць збудаваць міжнародны выставачны цэнтр, цэнтр міжнароднага гандлю, тры спартовыя аб’екты і «Інстытут штучнага інтэлекту» – пра іх ніякіх падрабязнасцей ва ўказе няма.
Кампанія «Dana Holdings», з якой спачатку звязвалі праект, летась трапіла пад Еўрапейскі пакет санкцый з фармулёўкай «Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць блізкія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае высокую пасаду ў кампаніі. Такім чынам, Dana Holdings / Dana Astra здабывае выгаду, падтрымліваючы рэжым Лукашэнкі». Пасля гэтага «Дана» згарнула дзейнасць дзвюх (але не ўсіх) сваіх кампаніяў. Яшчэ да санкцыяў «Дана» будаўніцтва васьмі дамоў у «Менск-Свеце».
Жытло «Даны» за шчыльнасць забудовы ў народзе празвалі «чалавейнікамі» – мурашнікамі для людзей.