16.06.2016 / 10:06

Рачны бабёр – самы буйны грызун, які сустракаецца ў Беларусi. Звяркі з’яўляюцца выключна раслінаяднымі, у рацыён іх уваходзіць больш за 80 відаў травяністых і водных раслін. Любяць яны паласавацца карой і галінкамі таполі, асін і вярбы. У апошнія некалькі гадоў назіраецца сапраўднае нашэсце баброў, iх колькасць перавысiла аптымальную.

На пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі Еўропы бабёр знаходзіўся на мяжы поўнага знішчэння. Прынятыя ахоўныя меры дазволілі не толькі аднавіць папуляцыю гэтага каштоўнага пушнога звера, але і значна пашырыць арэал яго распаўсюджання.

Прычым сустракаюцца яны не толькі ў меліярацыйных каналах, але нават і на тэрыторыі гарадоў. Пагаспадарылі звяркі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць». Сляды іх дзейнасці можна было назіраць на рацэ Мухавец у межах горада Пружаны. Па самых сціплых падліках, колькасць бабра ў Брэсцкай вобласці ў апошнія гады вагаецца ў межах 70 тысяч асобін, што перавышае аптымальную ў два разы.

Бабра можна цяпер сустрэць практычна ў кожным канале на тэрыторыі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласцi, паведамляе газета «Раённыя буднi». Гаспадарнікі пачалі біць трывогу. І сапраўды, звяркі наносяць урон як сельскай гаспадарцы, так і лясной. Плаціны ўзнімаюць узровень вады і змяняюць гідралагічны рэжым тэрыторыі. У выніку назіраецца падтапленне пасеваў сельгаскультур і лясных угоддзяў. Некаторыя дрэвы, асабліва елка і сасна, гінуць.

Церпяць ад баброў і дарогі, якія праходзяць уздоўж меліярацыйных каналаў. Звяркі рыюць норы, куды можа праваліцца нават аўтамабіль або трактар.

Дастаткова прывесці адзін яскравы прыклад. На канец мінулага года на меліярацыйных каналах у Пружанскiм раёне налічвалася 117 бабровых плацін і была падтоплена і пераўвільготнена глеба на плошчы каля 1100 гектараў.

Зразумела, што настаў час прымаць кардынальныя і рашучыя меры па промыслу рачнога бабра.

Ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Пружанскага райвыканкама ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў паступаюць пісьмы аб прыняцці падобных мер. І трэба адзначыць, што такая работа вядзецца. Але наколькі яна эфектыўная, гэта іншая справа.

У Пружанскiм раёне створана і працуе камісія па пяпярэджанні знішчэння і пашкоджання паляўнічымі жывёламі сельскагаспадарчых і лясных культур. У лютым бягучага года прынята рашэнне райвыканкама «Аб дэлегаванні паўнамоцтваў па рэгуляванні распаўсюджанняколькасці бабра рачнога ў фондзе запасу паляўнічых угоддзяў Пружанскага раёна». Вызначаны і зацверджаны спіс асоб, якія ўпаўнаважаны ажыццяўляць здабычу і адлоў баброў.

Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах даў дазвол на здабычу і адлоў у перыяд з 5 студзеня па 31 сакавіка бягучага года 120 асобін баброў на меліярацыйных каналах нашага раёна.

Але, паводле паведамленняў адпаведных служб, за перыяд дазволу было здабыта толькі 15 баброў. Работа гэта будзе працягнута восенню.

Як высвятляецца, упаляваць бабра не так проста. Звяркі вядуць актыўны лад жыцця толькі ноччу і ў прыцемках. Да таго ж для іх адлову патрабуюцца спецыяльныя пасткі.

Паўстае пытанне: а што рабіць з мясам бабра? У рэспубліцы няма спецыяльных цэхаў па яго перапрацоўцы.

Паколькі колькасць баброў у апошнія гады значна павялічылася, то яны часта наведваюцца ў населеныя пункты раёна. Звязана гэта таксама і з перасыханнем каналаў падчас засушлівага лета мінулага года. Апошні такі выпадак нядаўна адбыўся ў вёсцы Калядзічы Пружанскага раёна.

Людзі не ведаюць, што рабіць з няпрошаным госцем. Узяць яго голымі рукамі немагчыма, але гэта і нельга рабіць, паколькі небяспечна для жыцця. Вось чаму ў раёне створана камісія для арганізацыі і прыняцця мер па выдаленні (усыпленні, ліквідацыі) з тэрыторыі населенага пункта, садаводчага таварыства або дачнага кааператыву дзікай жывёлы. А звяртацца грамадзянам пры ўзнікненні падобных сітуацый неабходна перш за ўсё ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Источник:
Автор:
Фотограф:
открытые интернет-источники
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость