Спадарожнікавы здымак вялізных астравоў між рачных рукавоў заварожвае: такога ландшафту больш нідзе ў Беларусі, бадай, не ўбачыш.
Міжрэчча Дзітвы на спадарожнікавым здымку
Праз некаторы час на здымку будзе проста пляма, як на месцах іншых выпрацаваных торфараспрацовак. Лёгкія Лідчыны будуць незваротна пашкоджаныя.
Торфараспрацоўка на Дакудаўскім балоце, спадарожнікавы здымак
Дзітва — адна з нямногіх рэк, якія не кранула меліярацыя за савецкім часам. Гэта ўнікальная для Беларусі рака з двума звілістымі рэчышчамі, паміж якімі – агромністыя астравы і пойменны лес. У гэтых дзікіх мясцінах амаль не бывае людзей.
Але цяпер будуць і людзі, і тэхніка: міжрэчча Дзітвы аддалі ў канцы 2015 года пад торфараспрацоўку, якой неўзабаве пачне займацца ААТ “Тарфабрыкетны завод Лідскі”.
Знішчыць, каб не памерці
Завод хоча асвоіць новыя плошчы, бо цяперашнія вырабаткі заканчваюцца. Дагэтуль працы вяліся на верхавым Дакудаўскім балоце, у захаванне якога былі ўкладзеныя немалыя грошы.
Вясной 2017 года мясцовыя жыхары з дапамогай грамадскай арганізацыі “Багна” сабралі каля 700 подпісаў супраць распрацоўкі торфу ў пойме Дзітвы. Прапаноўвалі зрабіць тут заказнік. Але да 2024 года дзейнічае рэгіянальная схема рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Гродзенскай вобласці, якая не прадугледжвае ставарэння заказніка ў пойме Дзітвы.
Даследаванні, якія праводзіліся тут раней, вынеслі вердыкт: тэрыторыя зарастае, чырвонакніжныя віды адсюль знікаюць, таму… сэнсу захоўваць яе няма.
На карце-схеме паказаныя тарфянікі Лідчыны, аддадзеныя пад торфараспрацоўку
Завод не хоча закрывацца і шукае новыя радовішчы торфу паблізу. Тры з іх – “Парачанскае”, “Райста” і “Хвалькаўшчына” – знайшлі ў пойме Дзітвы. Ацэначна-пашуковых прац на двух апошніх яшчэ не праводзілася. Вышуковыя працы вяліся толькі на “Парачанскім”, дзе на тэрыторыі 693,5 га запасы торфу ацэненыя ў 3,13 млн тон.
Тарфянікі Дзітвы, аддадзеныя пад распрацоўку
Як адзначыла начальнік вытворчага аддзела ААТ “Торфабрыкетны завод Лідскі” Святлана Манюк, ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пакуль не праводзілася, праектна-каштарысная дакументацыя яшчэ не распрацоўваецца.
Стратэгія захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў і схема размеркавання тарфянікаў па напрамках выкарыстання на перыяд да 2030 года была зацверджаная Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1111 ад 30 снежня 2015 года “Аб некаторых пытаннях у вобласці захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў”. Пастанова грунтавалася на матэрыялах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на стадыі праекта ўзгаднялася з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі. Для разгляду грамадскасці праект ціха вывесілі на сайце Мінпрыроды. Ніякіх заўваг не паступіла.
Торф лічыцца альтэрнатывай прывазному газу і спажываецца ў асноўным унутры краіны як паліва. Торфабрыкеты стратныя, і іх вытворчасць спансуецца дзяржавай. Амаль чвэрць брыкета ператвараецца ў залу. Нават за сабекошт людзі не хочуць іх купляць. Але ці ўзважваецца пры гэтым і тое, што будзе страчана? Прычым незваротна.
За 10-15 гадоў, якія завод прапрацуе ў пойме Дзітвы, ён з унікальных мясцінаў зробіць пустэльню. То бок з рэдкімі біятопамі і чырвонакніжнымі відамі можна развітацца: меліярацыю і іх захаванне сумясціць немагчыма.
Чырвонакніжнікі міжрэчча Дзітвы пад пагрозай
Сёлета ў міжрэччы Дзітвы знайшлі вельмі рэдкага ў Еўропе матылька, мнагавочку блакітнаватую, і гэтае месца стала чацвёртай тэрыторыяй у нашай краіне, дзе зарэгістраваны гэты від. Тут расце берула (сіела) прамая, вельмі рэдкая расліна, і цэлыя гектары чырвонакніжнай мядзведжай цыбулі.
Акрамя таго, на астравах Дзітвы жывуць зімародкі, драчы, шэрыя жураўлі, чаплі-бугаі, чаплі-лазянікі. Гродзенскае тэлебачанне засняла тут арлана-белахвоста. У пратаколе пасяджэння грамадска-кансультацыйнага экалагічнага савету пра Гродзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 15 чэрвеня 2018 года гаворыцца: “У раёне торфабрыкетных распрацовак ААТ “Дзітва” (Лідскі раён) знаходзіцца гняздоўе арлана-белахвоста. Гэты ўчастак зямлі НАН Беларусі аддала пад здабычу торфу. На сённяшні дзень стаіць вострая праблема ў захаванні месца гнездавання гэтых рэдкіх птушак”.
Арлан-белахвост
Ужо 20 гадоў тут рэгулярна рэгіструюцца вяртлявыя чаротаўкі, від птушак, якому пагражае глабальнае знікненне. Хоць штораз рэгіструюцца ўсяго некалькі самцоў, якія спяваюць, але шматгадовая прысутнасць тут гэтага віду кажа, што гэта важная для яго тэрыторыя, на якой жыве ўжо не адно пакаленне гэтых птушак.
І яна, магчыма, будзе знішчаная.
Для прыкладу: недалёка адсюль, праз мяжу, знаходзіцца адно з апошніх у Літве месцаў гнездавання вяртлявай чаротаўкі ў запаведніку “Жувінтас”. Тут жывуць адзін самец і тры самкі гэтага віду. І месца іх жыцця – пад надзейнай аховай. Сёлета ў межах праекта LIFE MagniDucatusAcrola Беларусь завезла туды 50 птушанят вяртлявай чаротаўкі. Ёсць спадзеў, што папуляцыя будзе расці, калі птушаняты на наступны год вернуцца ў гэтыя мясціны. Аналагічную аперацыю магчыма правесці і на Дзітве. Кожнае новае месца гнездавання віду важна для выратавання віда ад знікнення. Месцаў, дзе ўвогуле можа жыць вяртлявая чаротаўка ў Беларусі – няшмат.
Для Еўропы Дзітва – найкаштоўнейшае месца з вельмі рэдкімі відамі, якія варта ахоўваць і аднаўляць іх папуляцыю. Але ў самой Беларусі чамусьці гэтай каштоўнасці не бачаць.
Вяртлявая чаротаўка. Фота С. Зуёнка
Так, вяртлявую чаротаўку назіралі тут не кожны год. У 2011 на просьбу АПБ гнездавы біятоп гэтай птушкі плошчай 133 га узялі пад ахову. У 2013 супрацоўнікі НАН Беларусі правялі абследаванне тэрыторыі, знайшлі шмат рэдкіх відаў і прапанавалі пойму ракі Дзітвы ў Лідскім раёне як перспектыўную для абвяшчэння тут заказніка мясцовага значэння. Адначасова вучоныя адзначылі, што тэрыторыя зарасла, гідралагічны рэжым змяніўся, бо тут больш не косяць сена і не выпасаюць кароў, і гэта прыводзіць да выцяснення “чырвонакніжных” відаў. У 2014 годзе падчас паўторных палявых даследаванняў як і ў 2013 годзе, вяртлявай чаротаўкі не знайшлі.
Міжрэчча Дзітвы разглядалі як перспектыўны заказнік
Было прызначанае дадатковае абследаванне ў 2017 – і тады на Дзітве зарэгістравалі аднаго самца вяртлявай чаротаўкі. А ў 2018 годзе спецыялісты АПБ адзначылі тут ужо двух самцоў.
Тут жыве вяртлявая чаротаўка
ААТ “Тарфабрыкетны завод Лідскі” на замену страчаных месцаў жыцця вяртлявай чаротаўкі ў пойме Дзітвы ў 2017-2020 годзе плануе аднавіць 1500 га нізінных балотаў, дзе, як заяўляецца, зможа жыць гэтая птушка. Адпаведны праект распрацаваны і ўзгоднены з Глабальным экалагічным фондам.
Але вучоныя ставяцца да гэтага скептычна.
Алег Созінаў, загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, к.б.н.: Такія разважанні не што іншае як падмена паняццяў: маўляў, ну, выпрацуем мы тарфянік – вы ж усё роўна адновіце. На гэта ёсць добры адказ: уявіце сабе чалавека, якому адрэзалі руку ці нагу і паставілі пратэз. Навошта калечыць чалавека, каб потым ставіць яму пратэз? Ён ужо не будзе паўнавартасным, як раней. З аднаўленнем экасістэм тое самае. Няма гарантыі, што атрымаецца вярнуць іх да сыходнага стану. І ў любым разе, гэта доўгі працэс. Каб аднавіць верхавое балота з метровым слоем торфу, спатрэбіцца тысяча гадоў. А каб асушыць яго, трэба ўсяго дзесяць гадоў. З нізіннымі балотамі такая ж сітуацыя. Адноўленае балота – не тоеснае натуральнаму. Я яшчэ не чуў і не бачыў, каб на месцы адноўленага балота вырасталі асочнікі, такія як на Званцы, напрыклад. Вяртлявая чаротаўка жыве менавіта на асаковых балотах, таму адноўленыя тарфянікі яна не заселіць.
Што такое рэдкія біятопы?
“У ХХІ стагоддзі ўсё больш практыкуецца цэльны падыход у ахове прыроды – захаванне біятопаў, – тлумачыць біёлаг Алег Созінаў. – Калі не чапаць від, але высекчы лес, то і від гэты знікне, бо ў яго не будзе асяродку для жыцця. У біятоп уваходзяць усе элементы экасістэмы. Калі выдаліць адтуль адзін элемент, можа парушыцца ўся сістэма. Ахоўныя біятопы падзяляюцца на рэдкія і тыповыя. Калі біятоп рэдкі, то з высокай імавернасцю там сустракаецца многа рэдкіх відаў. У пойме Дзітвы мы з супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі знайшлі два рэдкія біятопы – адзін на сушы і адзін — водны. Падрыхтавалі на іх ахоўныя дакументы, але Лідскі райвыканкам іх пакуль не падпісаў”.
Нават калі на тэрыторыі не знойдзена “чырвонакніжнікаў”, такія рэдкія біятопы трэба браць пад ахову. Іх у міжрэччы Дзітвы два: раўнінныя вадацёкі з расліннасцю класа Potametea і гіграфільныя высокатраўныя экатонныя лугі ўздоўж вадацёкаў і па перыферыі лясных масіваў. Яны вельмі вялікія па плошчы, і ўзяцце іх пад ахову можа паўплываць на планы торфараспрацоўкі.
Рака Дзітва. Фота Дзмітрыя Іўчанкі
Начальнік кіравання справамі Лідскага райвыканкама Мікалай Сянько запэўніў, што цягам тыдня ахоўныя дакументы на гэтыя рэдкія біятопы, а таксама на расліну берулу прамую, будуць падпісаныя.
Што будзе пасля асушэння Дзітвы?
Калі будзе праводзіцца торфараспрацоўка, то населеныя пункты ніжэй па цячэнні атрымаюць забруджаную тофакрошкай ваду. Ужо цяпер сітуацыя з вадой кепская: лідскія ачысныя збудаванні часам скідваюць у Дзітву сцёкі. Экалагічная абстаноўка для мясцовых жыхароў пагоршыцца яшчэ больш.
Пасля асушэння поймы Дзітвы павялічыцца небяспека тарфяных бур і пажараў: эрозія і мінералізацыя глебы гэтаму спрыяюць. Ды і сельская гаспадарка вяскоўцаў пацерпіць праз змену гідралагічнага рэжыму.
Навуковец Алег Созінаў упэўнены, што эканамічнага сэнсу ў торфараспрацоўках на Дзітве няма: слой торфу там вельмі тонкі – метр-паўтара, таму рэнтабельнасці такога прадпрыемства чакаць не выпадае. “Для мяне асушаць у ХХІ стагоддзі поймы, спрастоўваць рэкі – гэта нешта дзікае, – кажа навуковец. – На Захадзе зноў меандруюць рэкі, а мы дабіваем тое, што яшчэ не знішчылі…”
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Пролетая над Дитвой (фото, от которых захватывает дух)