16.07.2020 / 10:07

Сацыяльным праектам – бясплатна.

Святы як такія граюць вельмі важную ролю ў нашых жыццях, але для прыроды нашыя святкаванні часта абарочваюцца рознага кшталту непрыемнасцямі. Галоўная праблема – смецце. Але ж ёсць праблема – будзе і рашэнне.

Дакладней, ужо ёсць. Праект Экасвята быў прэзентаваны на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, дайшоў да фіналу і нават атрымаў падтрымку з боку бізнэсу. Дар’я разам з паплечніцамі і паплечнікамі будзе дапамагаць іншым людзям рабіць іх мерапрыемствы больш экалагічнымі.

“Я эколаг па адукацыі, і шмат гадоў працую ў гэтай сферы, - расказвае жанчына. Мой лад жыцця таксама можна назваць экалагічным. Я прытрымліваюся амаль усіх важных прынцыпаў – не набываю непатрэбныя рэчы, хажу ў краму са сваёй торбай, стараюся рабіць так, каб не было ў мяне шмат пластыку, падтрымліваю іншыя экалагічныя ініцыятывы”.

Прафесійная і асабістая зацікаўленасць і натхнілі Дар’ю на тое, каб стварыць Экасвята. Спачатку яна планавала сама займацца арганізацыяй экалагічных мерапрыемстваў, але потым змяніла падыход. Новы галоўны акцэнт – шэрынг прыстасаванняў, упрыгожванняў і іншых рэчаў для мерапрыемстваў.

“Я кансультавалася з цэнтрам экалагічных рашэнняў, размаўляла з івэнтарамі, і яны запэўнілі мяне, што гэта акурат тое, чаго не хапае, - расказвае Дар’я. Напрыклад, у мяне ёсць нейкі склад, на якім шмат упрыгожванняў, касцюмаў і іншага, і я магу гэта здаваць у арэнду. Камерцыйныя арганізацыі і фізічныя асобы будуць плаціць за тое, каб скарыстацца рэчамі, а некамерцыйныя праекты змогуць браць іх бясплатна”.

Галоўная ідэя ў тым, каб не трэба было набываць нейкія рэчы пад кожнае мерапрыемства, а каб можна было іх паўторна выкарыстоўваць. Рэчы могуць быць самыя розныя – ад тэхнікі і мэблі да гірляндаў, банераў і посуду.

“Я размаўляла з івэнт-агенцыямі, і яны расказалі, што часам пасля мерапрыемстваў застаюцца асадкі, алоўкі і іншыя рэчы, якія проста выкідаюцца, - працягвае актывістка. І я разумею, што будзе лепей, калі гэтыя прадметы пойдуць не ў сметніцу, а хтосьці ўсё ж зможа імі скарыстацца. Так, на гэтым прадметах могуць быць лагатыпы кампаній, але гэта не заўжды так ужо важна. Канечне, у ідэале было б прыйсці да сітуацыі, калі кампаніі ад пачатку не замаўляюць гэтую лішнюю прадукцыю, але гэта ўжо іншае пытанне”.

Дар’я сцвярджае, што зараз агенцыі гатовы аддаваць нескарыстаную прома-прадукцыю, але яны не гатовыя штораз займацца пошукам тых, каму гэта можа быць патрэбна: “А калі яны будуць ведаць, што, напрыклад, я забяру ўсё, што яны могуць аддаць, гэта моцна спрасціць ім жыццё”.

Увогуле, у Дар’і склалася ўражанне, што івэнт-агенцыі зацікаўлены ў супрацы з Экасвятам. Канечне, зараз гэта не вельмі актуальна праз пандэмію COVID-19, але ў будучыні агенцыі чакаюць, што вырасце попыт на экалагічнасць, і да іх будуць звяртацца не проста за арганізацыяй мерапрыемстваў, а за арганізацыяй максімальна экалагічных мерапрыемстваў.

Таксама івэнт-агенцыі могуць самі прапаноўваць кампаніям рабіць іх івэнтыбольш экалагічнымі, але пакуль яны самі часта не ведаюць, як гэта арганізаваць. І калі будзе нехта, хто можа зрабіць гэта “пад ключ”, так будзе депш для ўсіх.

 

Як Экасвята можа дапамагчы вам?

  1. Дапаможа арганізаваць мерапрыемства з клопатам пра экалогію

Вам падкажуць, якую прома-прадукцыю браць, а ад якой лепш адмовіцца, які посуд варта абраць, як арганізаваць асобны сбор смецця і шмат што іншае.

  1. Забярэ непатрэбныя вам прадметы пасля свята

Толькі не блытайце гэтую ініцыятыву з клінінгавай кампаніяй! Ёй не трэба званіць, каб за вамі прыбралі ў канферэнц-залі. Але калі ў вас засталіся ўпрыгожванні, канцылярскія тавары, непатрэбная раскладная мэбля ці нешта яшчэ, што можа быць паўторна выкарыстана, абавязкова званіце Экасвяту!

  1. Дасць прамэблю, упрыгожванні ці посуд для вашага мерапрыемства

Калі вы камерцыйная арганізацыя, за арэнду прадметаў давядзецца заплаціць, але калі вы займаецеся дабрачыннасцю ці іншымі некамерцыйнымі праектамі, Экасвята дапаможа вам бясплатна.

Кантакты арганізатаркі ініцыятывы шукайце тут. І не саромейцеся званіць ці пісаць ёй, калі ў вас ёсць рэчы, якія вы можаце аддаць, каб у будучыні імі скарысталіся іншыя.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость