16.10.2019 / 11:10

Проста ў галоўным холе сталічнага гандлёвага цэнтра Dana Mall 14 кастрычніка адкрылася выстава “Рэвалюцыя моды – на шляху да цыркулярнай эканомікі”. Яна прысвечаная шведскай fashion-індустрыі, якая арыентаваная на экалагічнасць і ўстойлівасць.

Выставу немагчыма не заўважыць: насупраць галоўнага ўвахода ў гандлёвы цэнтр – стэнды на драўляных ножках з вялікімі фотаздымкамі, яскравай інфаграфікай, цікавымі тэкстамі. Атмасферу стварае пара кашуль з назвай экспазіцыі. Можна даведацца пра шведскія брэнды, якія ідуць па шляху эка-вытворчасці, і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца.

Некаторыя тэксты рвуць шаблон. Напрыклад: “Адзенне традыцыйна вырабляецца з натуральных, сінтэтычных валокнаў, або іх сумесі. Натуральныя валокны лічацца больш экалагічнымі, паколькі яны аднаўляльныя і біяраскладальныя, але ў рэальнасці ўсё складаней. Для вырошчвання натуральных валокнаў можа спатрэбіцца велізарная колькасць вады, хімічных рэчываў і энергіі”.

Бадай, галоўная ідэя выставы – папулярызацыя эканомікі замкнёнага цыклу. На адным са стэндаў можна прачытаць наступнае:

У індустрыі моды дамінуе лінейная структура, “узяць, зрабіць, выкінуць”.

Лінейная бізнэс-мадэль прадугледжвае марнаванне вялікай колькасці абмежаваных рэсурсаў, яна неўстойлівая з эканамічнага, гуманітарнага і экалагічнага пунктаў гледжання. Важна перайсці да цыркулярнай эканомікі, у якой кожная сувязь у ланцужку стварэння кошту звязана ў цыкл закрытага тыпу, дададзеная вартасць захоўваецца як мага даўжэй, а колькасць адкідаў памяншаецца”.

Цыркулярная эканоміка моды ўключае ў сябе паведічэнне колькасці бізнэс-мадэляў, якія прапануюць альтэрнатыву спажыванню новай моды. Арганізатары выставы раяць:

Выбірайце сэканд-хэнды як мага часцей, бо гэта найбольш выгадна для навакольнага асяроддзя, і арандуйце або пазычайце адзенне, якім вы будзеце карыстацца толькі зрэдку”.

А ў шведскіх сэкандах, дарэчы, можна набыць не толькі адзенне. Па асартыменце тавараў яны нагадваюць савецкія камісіёнкі ці крамы канфіскату: прадаецца усё, ад мэблі да посуду. Але маштабы значна, значна большыя. Нямала пахадзіўшы па крамах сетак Myrorna i Humana ў 2009-м, магу засведчыць асабіста. Да таго ж, кошты часта ўмоўныя.

Шведскія сэканды, 2009 год
Шведскія сэканды, 2009 год

Да сённяшняга дня мала што памянялася.

На адкрыцці выставы “Рэвалюцыя моды” прысутнічала амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан. Яна распавяла пра бягучыя і будучыя экалагічныя праекты Амбасады. У планах – пазнаёміць беларусаў праз сацыяльныя сеткі з канцэпцыяй устойлівай кухні. Гэта трэнд у Швецыі: шэф-павары прапагандуюць такі падыход да працы, калі выкарыстоўваюцца ўсе прадукты без адкідаў.

Выстава “Рэвалюцыя моды – на шляху да цыркулярнай эканомікі” працуе ў Dana Mall (вуліца Мсціслаўца, 11, метро Усход) да 20 кастрычніка. Яна праходзіць у межах Тыдня Моды ў Беларусі. Праект рэалізуецца Амбасадай Швецыі ў Мінску ў супрацоўніцтве з Беларускай палатай моды пры падтрымцы Шведскага Інстытута.

 

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость