Больш за 9000 удзельнікаў з 70 краін прыехалі ў Бельгію, каб абмеркаваць, што можна зрабіць для будучыні на лакальным узроўні. Адной з галоўных тэм дыскусій і варкшопаў была зялёная Еўропа.
Адкрыццё тыдня было ў фармаце пытанняў і адказаў. Юных палітыкаў з рэгіёнаў запрасілі на сцэну, і яны пыталі больш дарослых калег пра праблемы, якія датычыліся Еўропы і рэгіёнаў. Так, Марк Лемайтрэ, генеральны дырэктар па рэгіянальнай і гарадской палітыкі Еўрапейскай камісіі, заклікаў маладых мяняць палітычную дынаміку ў пытаннях, звязаных з экалогіяй і змяненнем клімату.
Асобна юнакі запыталі пра памяншэнне выкідаў СО2. Марк звярнуў увагу, што, як варыянт, у Еўропе магчыма рабіць грамадскі транспарт больш танным (у Бруселі, напрыклад, праезд каштуе 1,40 еўра), каб ён стаў больш даступным. А гэта наўпрост можа зрабіць улада ў рэгіёнах.
Да таго ж генеральны дырэктар адзначыў, што зараз авіяцыя зусім не дысцыплінаваная ў гэтым плане. Фактычна нішто не стымулюе яе зніжаць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу. У гэтым напрамку таксама неабходна працаваць.
Пасля сесіі пытанняў і адказаў гледачы ў зале галасавалі, якая з тэм да іх бліжэй за ўсё: экалогія, інавацыі, сацыяльныя пытанні і гэтак далей. Прыемна адзначыць, што ўсё ж такі зялёны лад жыцця цікавіць еўрапейцаў больш.
Да канца тыдня ўдзельнікаў чакалі некалькі напружаных дзён майстар-класаў і лекцый. Яны праходзілі адразу ў трох будынках, таму трапіць на ўсе, на жаль, не атрымалася, але мы імкнуліся зачапіць найбольш важныя тэмы, якія зараз хвалююць Еўропу.
Шмат дыскусій было наконт зніжэння выкідаў у атмасферу, у тым ліку абмяркоўвалі рэалізацыю Парыжскага пагаднення, успаміналі выступ Грэты на саміце ў ААН. Як адзін з варыянтаў разглядалі больш шырокае выкарыстанне электробусаў. Адзін з праектаў прадугледжвае распаўсюджванне такога транспарту ў 22 еўрапейскіх гарадах, каб знізіць шкодныя выкіды ад аўто. Вядома ж, многае залежыць ад эканомікі ў цэлым. На дыскусіях абмяркоўвалі, як зрабіць яе больш экалагічнай.
У якасць варыянта зялёнага бізнесу абмяркоўвалі развіццё пешага сельскага турызму. Калі людзі вандруюць на сваіх нагах, яны, як правіла, затрымліваюцца даўжэй, а іх выдаткі размяркоўваюцца па шэрагу малых прадпрыемстваў рэгіёна. Жыхары атрымліваюць ад гэтага выгаду і адчуваюць гонар за мясцовую самабытнасць.
Да таго ж было даволі шмат сесій, дзе рэгіёны расказвалі пра ўласны вопыт барацьбы са змяненнем клімату і выкарыстанне розных экалагічных падыходаў у рэгіёне. Такі абмен вопытам быў карысны для недзяржаўных арганізацый і рэгіянальнай улады. Напрыклад, свой вопыт паказваў Осла, які сёлета з’яўляецца еўрапейская зялёнай сталіцай.
Адной з самых цікавых частак была ўзнагарода найбольш інавацыйных рэгіянальных праектаў Regiostars Awards. Амаль усе яны так ці інакш былі звязаны з экалогіяй. Яны ўжо рэалізуюцца ў пэўных еўрапейскіх рэгіёнах, прычым даволі часта супрацоўнічаюць адміністратыўныя адзінкі на мяжы розных краін.
Адзін з прызоў узяў праект па інавацыйнай вытворчасці аднаўляльнай энергіі Energy Cells GR. Распрацоўшчыкі прыдумалі праграму для чатырох раёнах Люксембурга, Германіі, Францыі і Бельгіі, якая можа кіраваць размеркаваннем і захоўваннем энергіі. Яны выкарыстоўвалі дадзеныя выпрацоўкі ад паветраных і сонечных электрастанцый, а таксама колькасць ужывання энергіі ад мясцовых жыхароў.
Праграма, створаная па выніках даследавання, яднае гэтыя аднаўляльныя крыніцы энергіі ў адзіную энергасістэму. Яна больш эфектыўна перанакіроўвае электрычнасць паміж рэгіёнамі, што дазваляе эканамічна выкарыстоўваць крыніцы энергіі.
Другі прыз на конкурсы атрымаў праект CobBauge. У яго планах зрабіць дамы больш экалагічнымі. Для гэтага быў крыху мадэрнізаваны старажытны спосаб будавання сцен. Аўтары праекту робяць будаўнічыя блокі з зямлі, раслінных валокнаў і вады. Па іх разліках, такі дом выкідвае СО2 на 38 % ніжэй, чым звычайны. Адзіная праблема – выраб такіх блокаў займае шмат часу, але наватары плануюць неяк справіцца з гэтым недахопам і зрабіць канструкцыю яшчэ танней. Час у іх на гэта ёсць: праект цягнецца да чэрвеня 2023 года. На яго рэалізацыю Еўрапейскі саюз вылучыў 2,8 мільёна еўра.
Іншы праект Climate Active Neighbourhoods (CAN) таксама атрымаў падтрымку і фінансаванне. Кансультанты паказваюць лёгкія лайфхакі, як выкарыстоўваць менш вады, электрычнасці і іншых рэсурсаў дома. Тым самым знізіць аплату камунальных паслуг. Размова ідзе не толькі пра энергазберагальныя лямпачкі, але і, напрыклад, пра тое, што зачыненыя шторы ноччу таксама дапамагаюць зберагчы цяпло і адпаведна грошы на ацяпленне. З такіх нюансаў складаецца ўся энергаэфектыўнасць дома або кватэры. За тры гады існавання праект ужо дапамог больш чым 1300 хатнім гаспадаркам палепшыць сваю энергаэфектыўнасць і тым самым скараціць выкіды парніковых газаў на 526 тон штогод.
Спецыяльны прыз ад гледачоў атрымаў праект CityWalk для Дунайскага рэгіёну. Ён заахвочвае гараджан пакінуць сваё аўто ў гаражы і проста ўзяць і прагуляцца да крамы ці да працы. Актывісты кажуць, што гэта не проста праект, а лад жыцця. Яны робяць гарады больш прыязнымі для пешаходаў, каб жыхарам было прыемна і зручна хадзіць пешшу.