Раней арнітолагі ведалі, якія птушкі адлятаюць ад нас, якія прылятаюць зімаваць, а якія застаюцца. Зараз сітуацыя змянілася. Некаторыя птушкі, якія лічыліся пералётнымі, цяпер у невялікай колькасці застаюцца: берасцянкі, шпакі, некаторыя вадаплаўныя. Адпаведна колькасць відаў, якія мы можам назіраць зімою, павялічылася. Магчыма гэта звязана са зменамі клімату і тым, што людзі сталі больш назіраць за птушкамі (бёрдуотчынг).
Для людзей, якія пастаянна назіраюць за птушкамі, зіма цікавая тым, што можна ўбачыць віды, якія сустракаюцца толькі ў гэтую пару года. Такіх відаў некалькі. Самыя вядомыя амялушкі (рус. свиристель) — яркія птушкі, якія лятаюць групкамі, харчуюцца рабінай і ягадамі амялы.
Больш звычайныя чачоткі
Зімуюць у нас гілі (рус. снегирь). Гэтыя птушкі харчуюцца насеннем, таму іх можна назіраць там, дзе ёсць старыя явары і ясені.
Сустракаецца і драпежны від — касматаногі канюх. Праўда, яго можна ўбачыць толькі за горадам.
Ёсць рэдкія віды, якія сустракаюцца ў нас кожны год, але ўбачыць іх лічыцца за ўдачу: сняжуркі, рагатыя жаўрукі, горныя чачоткі.
Зміцер Вінчэўскі лічыць, што дзікіх птушак карміць не трэба, бо гэтым мы толькі робім ім шкоду.
— Яны ў стане самі здабыць ежу. Карміць птушак можна з мэтай назірання за імі. Найпрасцей назіраць за вераб’інымі. Для гэтага можна зрабіць сталоўку. Асабліва добра гэта рабіць, калі ёсць дзеці. Каб паказаць ім, як выглядаюць самыя звычайныя віды, што жывуць побач з намі, звярнуць увагу на паводзіны розных птушак ля сталоўкі.
Для дзікіх птушак найбольш пасуе нейкая прыродная ежа — рознае насенне. Самае таннае і даступнае — сланечнікавае. Яно не павінна быць смажаным і не павінна быць салёным. Другая ежа, не зусім прыродная, але таксама падыходзіць, — несалёнае сала. Можна даваць розныя арэхі: грэцкія, арахіс. Іх таксама птушкі будуць есці з задавальннем.
Часта можна назіраць, як людзі кормяць птушак рознымі хатнімі крупамі: просам, рысам і інш. Па словах Зміцера Вінчэўскага, такую ежу птушкам даваць можна, але яны яе не вельмі ахвотна ядуць, бо ў прыродзе такое не сустракаюць. На пытанне, ці можна карміць птушак хлебам, як белым так і чорным, адназначнага адказу няма, паколькі не хапае дастакова доказаў таго, што хлеб птушкам не зашкодзіць. Таму арнітолаг раіць лепш хлеб не даваць.
— Варта памятаць, што зіма такі час, які спрыяе натуральнаму адбору ў жывёл, — кажа Зміцер Вінчэўскі. — У гэты час слабыя хворыя птушкі павінны загінуць, каб від працягваў сваё існаванне. Выратаваць усіх птушак тэарэтычна магчыма, але гэтым мы зробім вялікую шкоду віду, бо пакінем слабыя гены. Каб рэальна дапамагчы птушкам, не трэба высякаць расліннасць, асабліва каля дамоў. Там птушкі гняздуюцца, там для многіх з іх хаваецца ежа: насенне, насякомыя. Не трэба пасля здзіўляцца, што ў гарадах становіцца менш птушак.