17.01.2020 / 10:01

Вольга Тумар – адна з укладальніц кулінарнай кнігі, якая хутка пабачыць свет. Дзяўчына прызнаецца, што зрабіць кнігу яе натхніла дачка Маруся, якая ў сілу сваіх асаблівасцяў мусіць далікатна харчавацца. А таксама выпадковае знаёмства праз сацыяльную сетку. Звязваць прафесійна сваё жыццё з кухняй Вольга не збіраецца.

Уводзіны

Калісьці Вольга працавала ў бізнас галіне: займалася арганізацыяй мерапрыемстваў, маркетынгам, піярам, рэкламай. Па словах дзяўчыны, такі занятак ёй пасаваў і падабаўся. Пакуль аднойчы яна не зразумела, што хоча чагосьці больш звязанага з сацыяльнымі і экалагічнымі праектамі. Так Вольга патрапіла ў таварыстве "Зялёная сетка" у кампанію "Гарадскі Ляснічы".

"На той момант я ўжо збіралася ў дэкрэтны адпачынак і думала, пасля буду спалучаць прыемнае з карысным. У прынцыпе так яно і атрымалася. Але ў мяне нарадзілася настолькі незвычайнае дзіця, што большую частку часу мяне займалі пытанні рэабілітацыі, аднаўлення. І мноства загадкавых фактараў, якія адбыліся пры нараджэнні", — кажа яна.

Праз пэўныя асаблівасці дачкі, Вольга пачала паглыблена вывучаць розныя галіны. Адной з іх было харчаванне, як частка здаровага і гарманічнага стану чалавека разам з генетыкай, экалогіяй, сацыяльнымі кампанентамі.

Дзяўчына адчувала на сабе вялікую адказнасць, бо даводзілася прымаць рашэнні за дзіця.

"Прымаць рашэнні адносна яе харчавання, выключаць некаторыя рэчы, назіраць за ёй, штосьці дадаваць, даведвацца пра некаторыя методыкі, раіцца са спецыялістамі. Мы спрабавалі розныя спалучэнні бялкоў, тлушчоў і вугляводаў, жывёльных і раслінных".

Вядома гэта не магло не адбіцца і на харчаванні ўсёй сям'і: мужа і самой Вольгі. Яны пачалі спрабаваць есці тое, што прапаноўвалі Марусі. І на сабе адчуваць, што арганізму падыходзіць, а што не зусім.

Дапамагае дзяўчыне больш паглыбіцца ў тэму наведванне семінараў і стасункі са спецыялістамі, а таксама бацькамі, якія маюць падобны досвед.

 

Частка 1. Знаёмствы

Вольга даволі актыўная карыстальніца Instagram. Яна падрабязна і часта распавядае пра тэрапеўтычны заняткі дачкі, рэкамендацыі дактароў, і дзеліцца натхняльнымі відэа і фотаздымкамі дасягненняў Марусі, сумесных падарожжаў і забаў.

Аднойчы ў дырэкт сацыяльнай сеткі Вользе напісала Соня Соболь з прапановай сустрэцца і пазнаёміцца. Па словах дзяўчыны, па старонцы было вельмі складана зразумець, што гэта за чалавек і чаму ўзнік інтарэс да камунікацыі. Як высвятлілася Соня – доктар-педыятар. Не так даўно ў яе нарадзілася дзіця. За выключэннем некаторых нюансаў у засваенні глютэна, яно не мае фізіялагічных ці генетычных асаблівасцяў. І ўсё ж дзяўчына зацікавілася тэмай аздараўлення і паўнавартаснага харчавання.

Будучы ў дыкрэце Соня пачала наведваць курсы PreventAge, навучацца нутрыцыталогіі. І праз гэта разумець, што ёсць штосьці за рамкамі той праграмы, якую яна атрымала ў медуніверсітэце: адкуль якія вітаміны бяруцца і як што ў кішэчніку адбываецца, як адлюстроўваецца на здароўі чалавека.

Калі дзяўчаты сталі больш стасавацца і праводзіць часу разам, размаўляць пра агульную тэму на адной мове, хтосьці ім падказаў скласці кнігу рэцэптаў. Яны падхапілі гэту выпадкова кінутую ім ідэю, ператварылі ў канцэпт.

"Мы вырашылі зрабіць кнігу, выключаючы ўсе прадукты, якія найчасцей выключаюць пры лячэбных пратаколах, пры пэўным рэжыме харчавання. Самымі папулярнымі аказаліся: глютэн, малочныя, мяса, рыба, цукар, дрожжы, прадукты жывёльнага паходжання", — распавядае Вольга.

Такім чынам атрымалася кніга веганскіх рэцэптаў. Дзяўчына не хавае, што спецыяльна не імкнуліся так рабіць, бо яны спажываюць і мяса, і рыбу, і малочныя прадукты. Хаця спробы прытрымлівацца веганства былі. Аднак раз канцэпт атрымаўся такім, ім захацелася зламаць стэрэатып наконт веганства, прадэманстраваць, што стравы могуць быць прывабнымі, смачнымі, сытнымі і простымі.

Важную ролю ў гэтым іграе візуальнае афармленне праекта. Дзяўчаты намагаліся знайсці прафесійнага фатографа, які б мог адзняць усе стравы. Адзінае, што яго паслугі яны маглі пакрыць з продажу кніг. Вядома, на такія ўмовы пайсці мог не кожны. І тут, зазначае Вольга, ім пашанцавала, бо на прапанову адгукнулася Таццяна Сібас, якая якраз рыхтавала дыпломную працу ў галіне кулінарыі.

Таццяна ўзялася не толькі адфатаграфаваць сабраныя стравы, але як дызайнер звярстаць кнігу — аформіць яе ў канчатковы прадукт.

"Па нашай кнізе яна абараніла дыпломную працу. Праўда, выпускала яе ў тым выглядзе, у якім патрэбна было ёй, бо па тэрмінах мы не паспявалі дасылаць адэкватныя тэксты, таму ўвайшлі не ўсе рэцэпты. Абаранілася яна на "выдатна", а мы атрымалі каштоўныя рэкамендацыі ад выкладчыкаў і прафесароў", — дадае Вольга.

 

Частка 2. Рэцэпты — стравы

Першыя кулінарныя апрабацыі і эксперыменты для кнігі дзяўчаты праводзілі на Вользінай кухні.

"Мы пачалі тэсціць усе рэцэпты, якія былі ў нас у галовах, рэцэпты, якія мы ў кагосьці даведваліся, чыталі. Мы не ўтойваем, што іх мы бралі ў іншых блогераў і кулінарных аматараў. Глядзелі ідэі, шмат перакладалі з англійскай мовы", — распавядае яна.

Увесь працэс Вольга фіксавала ў сваім Instagram, праз які ж нярэдка даводзілася звяртацца за парадамі да людзей. А таксама вывучаць інтарэс да кнігі патэнцыйнай аўдыторыі. За гэты час давялося адбракаваць нямала рэцэптаў.

Пасля падрыхтоўчага перыяду, які заняў з паўгады, партнёркі ўзяліся ўпарадкаваць і даводзіць выбраныя стравы да ладу. Вольга прызнаецца, што па сваёй натуры яна візуал, таму для яе было вельмі важным, каб усё атрымалася не толькі смачнымі, але і прывабным па афармленні.

"Для мяне эстэтычная складаючая адна з галоўных. Я калі дома для сябе гатую <...>, калі мне непрыгожа, то знікае апетыт. Гэта можна назваць хваробай. Але акрамя пажыўнасці стравы і яе складнікаў, мне важна, каб гэта была прывабная падача", — распавядае Вольга.

Усяго ў іх атрымалася сабраць каля 60 рэцэптаў, якія падзеленыя па катэгорыях: сняданкі, гарачае, соўсы, супы, салодкае, напоі. Асобным раздзелам ідуць праросткі і дзікаросы, куды уключаны рэцэпты квашанай капусты ці, напрыклад, песта з дзьмухаўцоў.

Важным для кнігі дзяўчаты палічылі даступнасць інгрэдыентаў да страў. Яны імкнуліся максімальна пазбягаць незразумелых прадуктаў.

"Інгрыдыенты, якія мы дадаем у нашыя стравы звычайныя, іх можна набыць у любой краме. З самых дарагіх – какосавае масла, але яго ўжо можна знайсці практычна паўсюдна.  Арэхі ёсць у інгрэдыентах — яны не самыя танныя, але іх невялікая колькасць. Шмат садавіны і гародніны. Рознастайныя крупы. Раслінныя, зеляніна. Для нас важна было не рабіць складаных рэцэптаў, мы разумелі, што будуць гатаваць звычайныя мамы", — падкрэслівае яна.

Звярнулі сваю ўвагу ўкладальніцы і на сезоннасць прадуктаў, што забяспечвае максімальную карысць і экалагічнасць у харчаванні.

Для смелых кулінараў, якія не баяцца адысці ад рэцэптуры, дзяўчаты пакінулі месца для эксперымента ў выглядзе невялікіх падказак-парад, з чым і як можна спалучыць тыя ці іншыя прадукты. Такім чынам, людзі могуць натхніцца і зрабіць цалкам сваю, аўтарскую, страву.

"Мне падабаецца такая гульня. Лічу, што кухня гэта заўсёды імправізацыя і творчасць, заўсёды пад настрой. І з Соняй у нас атрымаўся выдатны тандэм. Яна прагматычна-матэматычнага складу чалавек, для яе важныя дакладныя дазіроўкі, канкрэтныя рэцэптуры. Я ж больш у аблоках. І праз гэта мы маем залатую сярэдзіну: структураваны рэцэпт з рэкамендацыямі і палёту для творчасці", — адзначае Вольга.

 

Частка 3. Пратэставана на людзях

Першымі, на кім можна было "праверыць" тую ці іншую страву, вядома, былі блізкія і родныя Вольгі і Соні, а таксама невялікая каманда, што была ключана ў працэс.

Па словах гераіні, напачатку яе муж Жэня няхай і з павагай, але ўсё ж з асцярогай ставіўся да сустрэч на кухні. Затым паступова стаў уцягвацца і цікавіцца, калі наступны раз можна будзе вечарам зладзіць дэгустацыю. Не бянтэжыла яго адсутнасць у стравах звыклых яму прадуктаў: мяса, сыра і смятаны.

"Яму падабалася і для мяне гэта таксама адзін з кампліментаў нашай кнізе. Бо мы думалі пра тое, як зрабіць стравы сытнымі і пажыўнымі, каб сапраўдны беларускі мужык наеўся. Я спадзяюся, у нас гэта атрымалася", — смяецца Вольга.

Станоўча адрэгавалі на рэцэпты і наведвальнікі аднаго з экамаркетаў "Пастэрнак", дзе дзяўчаты праводзілі невялікі кулінарны майстар-клас. Нягледзячы на тое, што непасрэдна на месцы ім давялося эксперыментаваць з супам праз адсутнасць аднаго з інгрыдыентаў, гледачы цёпла ацанілі страву, не пакінуўшы ні кроплі.

 

Пасляслоўе

Кнігу можна будзе набыць online у фармаце pdf. Невялікі наклад асобнікаў Вольга і Соня думаюць зрабіць у друкаваным выглядзе па замове для распаўсюду ў сяброўскіх кавяранях і канцэптуальных месцах.

Автор:
Фотограф:
Аляксандр Лібертад
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость