Уласна ў мяне напярэдадні вечарам не знайшлося часу, каб прыгатаваць з сабой абед, не было часу і з раніцы. Таму я хуценька праманіторыла кухню, ухапіла два яблыкі, ківі і некалькі лустаў шэрага тоставага хлеба. Па дарозе ў офіс заскочыла ў краму, каб набыць там авакада.
Такім чынам я засталася без паўнавартаснага абеду, але забяспечыла сябе некалькімі даволі сытнымі перакусамі.
Што можа быць прасцей, чым ператварыць мякаць авакада ў пюрэшку, акуратна намазаць яе на тоставы хлеб, а зверху накрыць скрылікам ківі? З кубачкам кавы ці гарбаты такія бутэрброды стануць выдатным спосабам не памерці з голаду ў офісе.
У Ані праблемы з абедамі вырашаюцца проста: калі не ўзяла штосьці з сабой, выратуе кулінарыя ў бліжэйшай краме, дзе, напрыклад, можна набыць сушы. Аднак усё ж перавагу дзяўчына аддае хатнім стравам.
«Грэчка з грыбамі хутка гатуецца раніцай, займае каля 25 хвілін: проста адварыць грэчневую крупу, грыбы закінуць на патэльню з невялікай колькасцю алею, туды ж спецыі: соль, хмелі-сунэлі і крыху перцу. Атрымоўваецца вельмі сытны абед», — кажа яна.
Затым дадае, што грыбы яшчэ можна смажыць разам з цыбуляй і морквай, але з раніцы на гэта часу можа і не хапіць. А так звычайна Аня гатуе зусім простыя стравы: сою, гародніну, рыс, грэчку. А перакусіць можна садавінай, печывамі, шакаладкамі.
Больш грунтоўна да абедаў падыходзіць Алёна і стараецца прыгатаваць нават некалькі страў. Напрыклад, кашу, суп, і абавязкова набывае якія-небудзь веганскія смакоты: намазкі ці салодкія рэчы.
На гэты раз дзяўчына прыгатавала рызоту з машам.
«Мне вельмі падабаецца па смаку спалучэнне маша, карры і смятаны — салодка-прана-свежы. І гатуецца проста: цыбулю падсмажваем на аліўкавым алеі да залацістага колеру, затым на патэльню высыпаем буры рыс, абсмажваем яго 2-3 хвіліны, за якія ён убярэ смак цыбулі. Дадаем кубачак вады ці можна булёну з гародніны і праз хвілін 5-7 маш. "Варым" едзе 25-30 хвілін, пастаянна падліваючы ваду, бо трэба, каб рыс варыўся, але сачыць за тым, каб ён не ператварыўся ў кашу-пюрэ. Як толькі рызота будзе гатова, дадаем зялёны гарошак — замарожаны ці кансерваваны, соль, карры. Усё размешваем і варым яшчэ 5-6 хвілін. Затым парцыённа кладзем соевую смятану і зелянінкі», — распавядае рэцэпт Алёна.
У цэлым, самай простай парадай можа быць тое, што варта мець у офісе пэўны запас, напрыклад, аўсяных шматкоў ці грэчневай сечкі, якія хутка заварваюцца кіпнем, кансерваванай гародніны, а таксама садавіны.
Усім смачна есці!