17.03.2026 / 15:03

Вёска Тэльмы, што  за сем кіламетраў ад Берасця. Акрамя спрэчнай будоўлі ў зялёнай зоне, мясцовыя чыноўнікі ледзь не закрылі і «Дом берасцейскага бусла». Але на гэты раз не атрымалася. Расказваем, чаму. 

Фото - Envato
Фото - Envato

Як узнік Дом берасцейскага бусла і чым ён займаецца

У вёсцы Тэльмы на прыватным падворку зоаабаронца Дзмітрый Аўдзееў стварыў пункт дапамогі птушкам. Некалькі гадоў таму ён стаў сведкам, як буслы выкінулі з гнязда птушаня. Такое паводзіны для іх не рэдкасць: пры недахопе ежы або калі з’яўляюцца слабыя ці хворыя птушаняты, бацькі пазбаўляюцца ад іх. Гэта натуральны механізм адбору, які дазваляе выжыць мацнейшым.

Менавіта такое птушаня і выратаваў Аўдзееў. Каб зразумець, як правільна дапамагчы, ён звярнуўся ў Пскоўскі дом бусла. Паступова людзі пачалі прывозіць яму параненых і хворых птушак, і ў 2024 годзе ён адкрыў цэнтр дапамогі «Дом берасцейскага бусла».

Да гэтага пра зоаактывіста амаль не было інфармацыі. Цяпер вядома, што ён займаецца выратаваннем птушак, супрацоўнічае з дзяржаўнымі органамі і падобнымі цэнтрамі ў Расеі.

Сёння ў яго ўтрымліваюцца 14 белых буслоў, адзін чорны бусел з Чырвонай кнігі Беларусі і два лебедзі.

«Кожная птушка ў нас на ўліку, ёсць дакументы і акты выняцця з дзікай прыроды. У нас строгая справаздачнасць, бо птушка – уласнасць дзяржавы. Важна выратаваць яе: лячыць, карміць, але не прыручаць», – кажа Аўдзееў.

Што здарылася і як вырашылася праблема

Тэрыторыя цэнтру часткова выходзіла на суседні ўчастак, які арэндаваўся. Уладальнікі адмовіліся працягваць дамову, бо мелі іншыя планы.

У райвыканкаме прапанавалі два іншыя ўчасткі, але яны не падышлі. Тады Аўдзееў апублікаваў відэа, у якім заявіў, што праект пад пагрозай закрыцця. 

Пачаўся эфект снежнага каму: грамадства, актывісты, журналісты і нават дзяржаўныя прапагандысты падтрымалі яго.

У выніку ўлады Берасцейскага раёна ўмяшаліся і прапанавалі новыя ўчасткі, якія падыходзяць для дзейнасці цэнтра.

«Гэта будзе проста “Артэк” для дзікіх жывёлаў, якія трапляюць да нас», – сказаў Аўдзееў.

На тэрыторыі ёсць воданапорная вежа з вялікім бусліным гняздом, вакол – ворныя палі.

«Буслам тут будзе раздолле. Гэта проста казка», – дадаў ён.

Чаму гэта спрацавала

Публічнасць і салідарнасць часта становяцца самым эфектыўным інструментам.

Разам з грамадскім дзеячам Ігарам Маслоўскім які шмат гадоў займаўся вырашэннем розных пытанняў на Берасцейшчыне разбіраем гэты кейс.

«Безумоўна, улады адсочваюць грамадскую думку ў такіх непалітычных пытаннях. І шырокае публічнае агучванне праблемы сапраўды працуе на яе вырашэнне. Любы чыноўнік безумоўна баіцца скандалаў, баіцца публічнага агучвання праблем, баіцца начальства, што яму «прыляціць» за не вырашэнне пытанняў, якія знаходзяцца ў яго кампетэнцыі. Акрамя таго, для мясцовых уладаў важна дэманстраваць, што яны кантралююць сітуацыю і не дапускаюць канфліктаў, якія могуць набыць шырокі розгалас», – кажа Маслоўскі.

І адзначае, што нават сёння ў Беларусі дзейнічае і шэраг фармальных інструментаў на ўлады.

«Па-першае – гэта звароты, у тым ліку калектыўныя. Самы просты – электронны зварот праз дзяржаўныя сайты ці партал 115.бел. Ёсць і так званыя «гарачыя лініі». Можна і трэба абскарджваць адказы ўладаў у вышэй стаячыя органы, а таксама ў наглядныя ці кантрольныя структуры. Але практыка паказвае: калі відэа ў TikTok, YouTube або Facebook набірае тысячы праглядаў і сотні каментароў, для чыноўнікаў гэта становіцца сігналам, што праблема выйшла ў публічную прастору. У такой сітуацыі ім прасцей і бяспечней вырашыць пытанне, чым тлумачыць, чаму яно застаецца нявырашаным. Менавіта таму публічнасць і салідарная рэакцыя грамадства часта становяцца самым эфектыўным інструментам», – падводзіць рысу актывіст.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость