Свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі «Дажынкі» пройдзе ў Дзяржынску восенню, але ўжо цяпер улады асвойваюць выдзеленыя на яго сродкі. Пры гэтым у жыхароў не спыталі, ці хочуць яны правядзення мерапрыемства ў сваім горадзе і ці падтрымліваюць маштабную рэканструкцыю. Усе рашэнні былі прыняты Менскім аблвыканкамам без грамадскага абмеркавання.
Жыхары, пастаўленыя перад фактам, пачалі масава звяртацца ў органы ўлады, пісаць скаргі і каментары. Вось некаторыя з іх:
«У Дзяржынску дзеля «Дажынак-2026» знішчаюць парк, якому не менш за 50 гадоў. Усе дрэвы раптам прызналі аварыйнымі. Публічнага абмеркавання не было, абгрунтавання ў СМІ таксама. Проста пачалі высякаць. Новыя дрэвы пасадзяць, але колькі гадоў трэба, каб яны выраслі?»
«Дапамажыце спыніць масавую высечку дрэў у Дзяржынску. Пакуль будзем хадзіць па інстанцыях – усё вырубяць. Я ўжо налічыла 29 знішчаных дрэў!»
«Ішла з Койданава – там пад корань зрэзалі алею векавых таполяў. Па зрэзах відаць, што дрэвы былі здаровыя. Фізічна балюча глядзець. І дзеля чаго? Аднадзённага свята?»
«Трэба надаваць гэтаму агалоску: калі я правільна зразумела, плануюць высекчы 300 з 400 дрэў у горадзе!»
Чыноўнікі адказваюць:
«Вы не разумееце, гэта будзе парк мары».
Абуранасць жыхароў не змяншаецца, таму ў справу ўключылася дзяржаўная прапаганда. У СМІ з’явіліся матэрыялы пра «горад мары», які нібыта атрымаюць жыхары да «Дажынак». Парк абнеслі стужкай і забаранілі ўваход – нібыта дзеля бяспекі.
Улады прызналі, што высечка была, але сцвярджаюць, што выдалялі толькі аварыйныя дрэвы.
«Гэта не суцэльная высечка, а выбарачная санацыя, вымушаная і дакладна разлічаная мера», – заяўляе кіраўнік мясцовай адміністрацыі Аляксандр Пішчык.
Прапагандысты пішуць, што замест «хаатычных зараснікаў» з’явіцца сучасная паркавая зона з шырокай пешаходнай алеяй, якая злучыць два паркі.
Аднак нават з апублікаваных планаў відаць, што дзясяткі дрэў будуць знішчаны, а прастору паміж паркамі закладуць пліткай.
Чыноўнікі таксама сцвярджаюць, што будзе выдалена толькі 11 аварыйных дрэў, праведзена санітарная абрэзка, а замест старых высадзяць новыя.
Але жыхары Дзяржынска гэтым словам не вераць, бо на ўласныя вочы бачаць зусім іншую карціну.