17.08.2015 / 12:08

Адназначна, дзіця не з'яўляецца перашкодай для летняга адпачынку. Што варта ўлічваць у дарозе з маленькім падарожнікам распавяла аўтарка нашага парталу. Маладая сям'я на працягу двух тыдняў наведала 7 мястэчак і гарадоў, што агулам склала 1600 кіламетраў.

На пачатку мне падаецца важным абмеркаваць у сям’і, хто чаго чакае ад адпачынку. Для мяне мора і сонца для адпачынку недастаткова. Я люблю схавацца ў сельскую мясцовасць, але з выгодамі, і час ад часу кудысьці выязджаць. Мужу і сыну больш патрэбныя мора. Мы паспрабавалі аб’яднаць нашыя жаданні і паехалі на мора, спыняючыся ў розных гарадках.

Пакуем рэчы і едзем

З маленькім двухгадовым дзіцём мы ехалі ўпершыню. Мы планавалі наведаць некалькі гарадоў у дзвюх краінах. Таму рэчаў у падарожжы мусіла быць шмат, і мы абралі аўто.

На пачатку варта скласці спіс з самых неабходных рэчаў для сям’і, якія спатрэбяцца ў дарозе і ў адпачынку. Гэта зручна пры пакаванні, каб нічога не забыць. Вельмі педантычна я складала аптэчку: начутая рознымі непрыемнымі гісторыямі з дзецьмі і страхоўкамі, я пастаралася ўзяць лекі самага рознага дзення. Абавязкова мусяць быць супрацьалергічныя прэпараты – як мазь, так і кроплі ці таблеткі, нават калі дзіця ніколі не мела алергіі. Невядома, як маленькі арганізм зрэагуе на іншаземную ежу, напоі ці ўкусы насякомых. Крэмы ад сонечнага выпраменьвання, рэпеленты, спрэй ад драпін і апалаў – абавязковы набор. Гэта я трымала ў сумцы заўсёды з сабой. Набываць усё гэта на месцы няма ні часу, ні жадання – лепей пра гэта паклапаціцца перад выездам. І абавязкова зрабіць страхоўку.

Вельмі важным момантам у дарозе для дзіцяці з’яўляецца аўтакрэсла. Мы ніколі не дазваляем сыну ехаць у машыне па-за межамі дзіцячага крэсла, таму сын збольшага да яго прывык. У свой час мы даволі скрупулёзна абіралі дзіцячае сядзенне па ўзроўні бяспекі і зручнасці. Яно дазваляе рэгуляваць спінку для сядзення і сна. У дарогу набралі цацак, кніжкі і пачастункі. Абавязкова мусіць быць шмат піцця. Час ад часу мы рабілі прыпынкі, каб сын набегаўся. У выніку доўгія пераезды мы пераадольвалі досыць камфортна і спакойна. Самы доўгі кавалак нашай дарогі за адзін дзень ляжаў з польскіх Сейнаў у літоўскую Палангу і склаў каля 400 кіламетраў.

Некалькі словаў пра кандыцыянер. У спёку без яго з дзіцёнкам вельмі цяжка. Але ён сушыць слізістыя горла і носа, што можа выклікаць розныя захворванні. Таму час ад часу па рэкамендацыі педыятра я ўвільгатняла нос саляным растворам тыпу “Квікс”. Усё абыйшлося. Увогуле, варта пачытаць больш дэталёвыя рэкамендацыі на тэму “дзіця і кандыцыянер у аўто”.

Как спастись от жары? Часть 1. Советы автомобилистам

У падарожжы нам вельмі прыдаўся турыстычны дзіцячы ложак-манеж, які лёгка складаецца ў кампактную торбу з ручкамі. Часам гэта эканоміла нам грошы. Таму што многія ўладальнікі апартаментаў пагаджаліся здаць нам жыллё па кошце на два чалавека толькі пры ўмове, што нам не спатрэбіцца дадатковы ложак для дзіцяці. Праўда, гэта працуе збольшага для дзяцей да 3-х год. Пасля плату за трэцяга чалавека ўсё роўна патрабуюць.

Жыллё

Калі вы едзеце ў адно месца, то пра жыллё, хаця б на першы час, варта паклапаціцца заранёў. Гэта зэканоміць час і нервы, але не грошы. Таму што шукаць жыллё на месцы ў курортным горадзе аказваецца танней. Мы падарожнічалі па розных гарадах, таму жыллё я забраніравала на booking.com толькі на некалькі першых дзён. На сайце ёсць варыянты браніроўкі без папярэдняй аплаты – гэта вельмі зручна, да таго ж можна змяняць даты ці ўмовы. Чым раней замаўляць жыллё, тым больш варыянтаў – камфортных і не вельмі дарагіх. Нам пашанцавала, мы замовілі цудоўную аграсядзібу калі польскіх Віграў, а пазней у Каўнасе. З гэтым жыллём усё было цудоўна.

З польскай Сувальшчыны мы накіраваліся на Коўна, а пасля ў Палангу, дзе жыллё заранёў не замаўлялі. З Балтыкай гэта ўвогуле складана – там надвор’е змяняецца вельмі хутка, адпаведна хутка змяняюцца і кошты, і наяўнасць прапановаў. Як і ва ўсіх курортных гарадах, на пад’ездзе да горада турыстаў чакаюць пасярэднікі і гаспадары жылля. Яны настойліва і наперабой прапануюць сваё жыллё. Надвор’е было халодным і дажджлівым, таму за 35 еўра можна было зняць двухпакаёвыя апартаменты з усімі прыбамбасамі, уключаючы пральную машыну. Для Палангі ў канцы ліпеня гэта няшмат. Мы не ведалі, колькі там затрымаемся, таму ўзялі на тыдзень. Пасля надвор’е кардынальна змянілася. За тыя ж умовы гаспадары прасілі 50-60 еўра. Але і за такія грошы жылля было не знайсці – здавалася, усе літоўцы ірванулі на мора. Пляжы былі забітыя. Дарэчы, беларусаў мы сустракалі не так багата, як мы думалі. Гэтаксама паменела расейцаў – мясцовыя казалі, што з-за крызісу не прыехала шмат расейцаў, на якіх літоўскае ўзбярэжжа разлічвае. Яны плацілі за жыллё, не гандлюючыся, а таксама набывалі дарагія сувеніры – напрыклад, ваўняныя коўдры, ільняное адзенне, бурштын. А зараз дарагі тавар ляжыць.

Ежа і атракцыі

Калі казаць пра адпачынак на моры, то літоўская Балтыка для адпачынку з дзецьмі цалкам пасуе. Бялюсенькі мяккі пясочак, плыткія берагі, сасновае паветра – усё гэта вельмі прыемна. Сын мог калупацца ў пяску ці вадзе бясконца. Асабліва мяне цешыла думка пра закальванне – вада ў моры была каля 19-20 градусаў, і купанне ў прахладнай вадзе мусіла трохі закаліць дзіцячы арганізм. Нават спёка каля Балтыкі пераносіцца лягчэй, чым на якімсьці паднёвым узбярэжжы. Да таго ж няма патрэбы ў акліматызацыі.

Праўда, шумная Паланга асабіста мяне трошкі напружвала. Мяркую, больш спакойна было б на Куршскай касе або ў прыгарадзе Палангі, напрыклад, раёнчыку Кунігішкі. Апошні мне падаўся надзвычай сімпатычным – дамкі хаваліся ў лясной паласе зусім блізка да мора. Але жыллё там браніруюць ужо зімой. І летам на месцы знайсці штосьці цяжка. Куршская каса ж абыдзецца даражэй за Палангу.

Харчаваліся мы часткова ў кавярнях, часткова гатавалі самі. Некаторыя кавярні на ўзмор’і мелі дзіцячыя столікі, вугалкі з цацкамі, дзіцячыя меню. Тады можна было больш-менш спакойна пасядзець і паесці. У іншых кавярнях сына даводзілася вылоўліваць з розных куткоў. У гэтым сэнсе нам падалася цікавай ідэя падарожнічаць некалькімі сем’ямі – разам дзецям прасцей знайсці занятак, гэтак лягчэй за імі прыглядаць. Таксама ў Паланзе было дастаткова прапановаў апартаментаў менавіта на дзве сям’і – з рознымі пакоямі і агульнымі ваннай і кухняй. Замаўляць такі варыянт жылля аказваецца больш выгодна.

У крамах даволі багаты выбар рознай дзіцячай ежы або якасных прадуктаў, якімі спакойна можна карміць дзіця. Дзіцячае харчаванне там даражэйшае. Напрыклад, беларускае фруктовае пюрэ добрай якасці можна набыць да 10 тысяч за баначку. За такія грошы ў Літве можна набыць баначку толькі на акцыі, прычым горшага складу – з крухмалам ці нават араматызатарам. Калі пашукаць, на паліцах гіпермаркетаў ёсць розныя экалагічна чыстыя ёгурты, сыркі, сокі, мюслі, арганічная гародніна, нават сасіскі – без штучных дадаткаў, курынае мяса ці яйкі “курыц вольнага выпасу” – выбар дастатковы для тых, хто спрабуе прытрымлівацца здаровага і экалагічнага харчавання. Прычым я заўважыла, што практычна на ўсіх прадуктах пазначаецца працэнтны склад – напрыклад, 100 грамаў джэму зроблены з 50 грамаў абрыкосавага пюрэ. Для экалагічных прадуктаў ёсць асобныя паліцы. Гэтаксама ёсць паліцы з малаком, сырам, ёгуртамі, зробленымі для лактавеганаў. Ёсць вугалкі з арганічнай гароднінай. Яе няшмат, але яна ёсць, бываюць зніжкі. Кошты на такія прадукты даволі высокія. Напрыклад, пакецік чыстых сасісак без штучных дабавак у 220 грамаў каштаваў каля 30 тысяч у пераліку на беларускія рублі – ці ў 2 разы даражэй за звычайныя беларускія сасіскі. Або экалагічны ёгурт з натуральнай ваніллю, а не штучным ванілінам – каля еўра за маленькую баначку, ці ў 3 разы даражэй за звычайны наш беларускі. Дарэчы, беларускую прадукцыю ў літоўскіх гіперах таксама можна ўбачыць. Канешне, каб знайсці ўсё гэта здаровае харчаванне, трэба напружыцца – на літоўскіх прадуктах найчасцей надпісы на літоўскай, латыскай і эстонскай мовах. На мясцовым рынку, як і ў нас, гандлююць гароднінай-садавіной з уласных падворкаў. Тэарэтычна гэта лепшая гародніна, чым галандская ў крамах. Але яна і даражэйшая.  

Складалася ўражанне, што на адпачынак толькі і прыехалі, што сем’і з малымі дзецьмі. Дзеці былі рознага ўзросту, шмат было немаўлятак. Гэта прадаўцы паслугаў добра ўлічваюць. Можна было браць ровары напракат з дзіцём амаль любога ўзросту. Малых пасадзіць у спецыяльнае крэсла ззаду ровара і апрануць шлем, узяць маленькі ровар ці машынку. Былі ровары, ззаду якіх прычапляўся вазочак, у які можна было садзіць дзіця. Гэтаксама, калі мы захацелі пакатацца ўсе разам на лодках у польскіх Віграх, нам сказалі: без праблем. Выратавальную камізэльку падабралі па памеры і нашаму двухгадоваму сыну. Імкненне арганізаваць наш адпачынак найлепей, калі было цікава і нашаму дзіцяці, выразна адчувалася што ў польскім турыстычным мястэчку, што на літоўскім узбярэжжы. Гаспадары жылля, якое мы здымалі, прапаноўвалі цацкі, дазвалялі бегаць паўсюль і кранаць розныя рэчы, частавалі і даглядалі кароткі час, пакуль мы збіралі рэчы.

Гэтаксама ў Паланзе і ваколіцах безліч дзіцячых драўлях пляцовак і некалькі забаўляльных комплексаў кшталту гарадзенскіх Каробчыц.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость