Яны падазраюць мясцовыя ўлады ў карупцыйных сувязях з прыватнымі будаўнічымі кампаніямі.
Людзі аб’ядналіся супраць свавольства чыноўнікаў
Мясцовыя жыхары набылі зямлю і пабудавалі дамы побач з лесам. Лес быў на Генеральным плане. А цяпер, паводле чыноўнікаў, тут будзе не лес, а дарога, далей – школа. А ўсё дзеля таго, як кажуць мясцовыя жыхары, каб выгодна было камерцыйным забудоўнікам, якім адыдзе гэтае поле.
Паводле мясцовых жыхароў, тут можа быць прымітыўная карупцыйная схема, грашовая сувязь між чыноўнікамі і забудоўнікамі, якія паставяць на полі шматпавярховікі. А да шматпавярховікаў трэба камунальныя сеці. Таму спачатку ў лесе пабудуюць школу, павыразаўшы дрэвы.
Потым да камунікацыяў, пабудаваных за бюджэтны кошт, падключаць камерцыйнае жытло. А мусіць быць наадварот. Таксама на сёлетнім Генеральным плане з’явілася чатырохпалосная дарога праз пасёлак Вопытны. Месцамі яе плануюць пракласці праз двары і дамы прыватных уласнікаў, людзей, што законна тут пабудаваліся.
Бараўляны, Лескаўка, Лясны і Вопытны – паселішчы, нетыповыя для Беларусі
Тут шмат медычных установаў – дзіцячы і дарослы анкалагічны цэнтр, туберкулёзны дыспансер, клінічная абласная больніца. Тут жыве шмат медыкаў, шмат людзей з вышэйшай адукацыяй. Каб спыніць знішчэнне лесу, мясцовыя жыхары і перапісваюцца з органамі ўлады, і актыўна дзеюць у інтэрнэце.
"Намёты пад кантролем, на іх наведзеныя прыватныя IP-камеры, мы бачым, што тут адбываецца. Намёты як сімвал, знак уладзе: рабяты, давайце дамаўляцца", – зазначыў жыхар пасёлку Юрый Філіпаў.
Улады дамаўляцца не хочуць і ўсяляк пазбягаюць відэакамераў
"Калі вы пакажаце мяне па сваіх каналах, дзе-кольвек, я на вас падам позву", – выступіў з пагрозамі ўсім прысутным Іван Ліпніцкі, старшыня Менскага абласнога Савету дэпутатаў.
Спадар Ліпніцкі – былы намеснік міністра аховы здароўя – лічыць праблему надуманай.
"На пытанне, чаму праектуецца садок і школа ў лесе, а не на полі побач, ён сказаў: я вам адказаць не магу", – падзяліўся ўдзельнік ініцыятыўнай групы Вадзім Трафілоўскі.
Пад дрэвамі, прызначанымі на спілоўванне, ужо працуюць геадэзісты, робяць праект каналізацыі для школы. Але містыка: старшыня бараўлянскага сельсавету не ведае, што гэта за людзі.