17.12.2019 / 11:12

Штогод Беларускі моладзевы савет Rada выбірае мацнейшых актывістаў/ак, ініцыятывы і праекты ў 12 намінацыях. Сярод якіх ёсць экалагічны накірунак. У сыходзячым годзе на экалагічную прэмію адабрана ажно шэсць намінантаў.

"У намінацыі “Экалагічная моладзевая ініцыятыва / праект” заўсёды моцныя пераможцы, напрыклад, у мінулым годзе перамагла “Зялёная мапа” Цэнтра экалагічных рашэнняў. У пазамінулым — берасцейская арганізацыя “Час Зямлі”, якая за некалькі год сталі звыш актыўнай і рупліва працуе у экалагічнай галіне дагэтуль", — каментуе Зялёнаму парталу Зміцер Герыловіч, старшыня моладзевай арганізацыі.

 

ZeroWaste Market

Летам у культ.цэнтры Корпус адбыўся першы ZeroWaste Market, які арганізавалі дзве актывісткі Карына Маліноўская і Ксюша Малюкова. На адной пляцоўцы ўдалося сабраць фудкорт, які гатовы працаваць па канцэпцыі нуль адходаў, правесці некалькі карысных майстар-класаў і прадэманстраваць ашчадны для рэсурсаў планеты бізнас, і некалькі ініцыятыў, якія прасоўваюць разумнае спажыванне праз выкарыстанне шматразовых рэчаў.

"Праводзячы маркет, хочам паказаць, што жыццё без смецця існуе, распавесці пра рух “нуль адходаў” і натхніць іншых жыць экапрыязна", — кажуць дзяўчаты.

Раней Market спрабаваў прайсці адбор на конкурс Social Weekend. Аднак прайсці ў конкурсную праграму не ўдалося. І нягледзячы на гэта, арганізатаркі збіраюцца працягваць ладзіць мерапрыемства для прасоўвання безадходнай канцэпцыі. 

 

Чат-бот па сартыроўцы ад Ecoidea.by

Цэнтр экалагічных рашэнняў распрацаваў спецыяльны бот-падказку для ўсіх, хто хоча сартыраваць смецця і рабіць гэта правільна.

Як распавядае Яна Бондар, удзельніца каманды распрацоўшчыкаў online-дапаможніка, ідэя стварыць падобны прадукт узнікла з вялізнай колькасці пытанняў і зваротаў ад людзей праз сацыяльныя сеткі, у інфаслужбу ўстановы. Чат-бот не толькі спрасціў працу экспертам ЦЭР, але і дазволіў акамуляваць запыты, вылучаць найбольш праблемныя пытанні.

"Каля 50% запытаў тычацца пластыка, а дакладней упакоўкі ад чыпсаў, маянэза, кетчупа, алею, малака, ёгуртаў. Немала пытанняў паступае ад аўтаўладальнікаў па тым, куды і як здаць на ўтылізацыю адпрацаваныя запчасткі", — падкрэслівае дзяўчына.

Здараюцца і кур'ёзныя пытанні, напраклад, куды выкідаць прэзерватывы для перапрацоўкі. Хаця раней людзі саромеліся звяртацца з такімі запытамі праз сацыяльныя сеткі.

У будучым дапаможнік можа тэматычна пашырыцца, закрануўшы "хімічную бяспеку" — саставы прадуктаў і тавараў, бяшкоднасць іх для чалавека. Аднак перад гэтым распрацоўшчыкі намераны зразумець зацікаўленасць і запатрабаванасць у такім пашырэнні саміх карыстальнікаў.

Па словах Яны, каманда заўсёды рада зваротнай сувязі і прапановам ад людзей, бо камунікацыя дазваляе падтрымліваць і актуалізаваць бот у патрэбным накірунку.

 

Зялёны клуб моладзевага адгалінавання партыі "Зялёныя"

Штомесяц, пачынаючы з лета бягучага году, Беларускія маладыя Зялёныя ладзяць сустрэчы ў рамках Зялёнага клубу. Самі "зялёныя" ахарактарызоўваюць выбраны імі фармат, як бяспечную прастору для абмеркавання актуальных пытанняў наваколля і палітычнай павесткі.

Ідэя ці хутчэй неабходнасць уладкавання такога кшталту сустрэч узнікла з рэчаіснасці. Па словах Веранікі Яновіч, удзельніцы каманды, гледзячы на энергетычную палітыку, якую праводзіць Беларусь, сусветны кліматычны крызіс, агульную сітуацыю ў свеце, падалося вельмі важным прасоўваць "зялёныя" каштоўнасці і ідэі сярод людзей.

Для абмеркавання выбіраюцца разнастайныя тэмы: ад лічбавага грынвошынгу да кліматычных дзеянняў, атамнай энергетыкі ў кантэксце Беларусі.

"У будучым мы ставім для сябе мэту стварыць устойлівае “зялёнае” кам'юніці ў рамках клуба і маладых Зялёных. А таксама надалей ладзіць сустрэчы з беларускімі і замежнымі экспертамі для абмеркавання “зялёных ідэй", — зазначае дзяўчына.

 

Фестываль KONTAKT

На тэрыторыі Белавежскай пушчы на хутары Войтаў мост і ў вёсцы Новы Двор у канцы лета праходзілі арт-рэзідэнцыя і валанцёрскі летнік, мэтай якіх была падтрымка і дапамога мясцовай супольнасці. Лагічным завяршэннем тыднёвага івэнта стаў фестываль KONTAKT.

"У рэзыдэнцыі прынялі ўдзел мастакі з розных гарадоў Расіі і Беларусі, прадстаўнікі разнастайных практык: street art, land art, перформансы, інсталяцыі, традыцыйная практыка выцінанкі, sound-мастакі", — кажа Bazinato, куратар арт-рэзідэнцыі.

Галоўным вынікам рэзідэнцыі, па словах Bazinato, стала крутая каманда людзей, асабісты досвед кожнага і неверагожныя ўражанні, рэалізацыя індывідуальных і групавых праектаў, здаровая экалогія ў камандзе і вакол.

"Рэзедэнцыя дазволіла мне і іншым удзельнікам убачыць балючыя кропкі жыхароў вёскі Новы Дров. Акрамя болю і страху, мы пабачылі мінулае гэтай мясцовасці, памяць некалькіх пакаленняў праз фотаархівы і гісторыі людзей. Праз узаемадзеянне з насельніцтвам нашай камандзе ўдалося выявіць асноўныя бытавыя і сацыяльныя патэрны паводзін, трафік жыццядзенасці і сувязі паміж рознымі ўзроставымі групамі", — дзеліцца ён.

Сваю ролю сыграла і мясцовасць, якая спалучае ў сабе сацыяльнае ўстройства і прыроднае наваколле, жывое асяроддзе з казуркамі, дрэвамі, мікраарганізмамі, жывёламі — стварае магчымасць для прыгод і эксперымента. 

У будучым арганізатары намераны працягваць рэзідэнцыю, але крыху ў змененым фармаце.

 

Выстава ZaWtra

Інтэрактыўная выстава пра адказнае стаўленне да адходаў, скіравае на змяншэнне ўтварэння і раздзельны збор. Так кажа пра выставу ZaWtra намесніца дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар'я Чумакова.

Выстава створана ў рамках кампаніі "Мэта99" дзяржаўнай установай "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў" Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў супрацы з ЦЭР. Арганізатары ставілі мэтай зфарміраваць у наведвальнікаў агульную карціну, што адбываецца са смеццем, калі мы выкідаем яго, як абыходзяцца з адходамі ў свеце і ў нашай краіне, чаму бытавыя звычкі ўплываюць на наваколле.

"На нашай планеце фактычна нічога нельга выкідаць. Смецце нікуды не дзяецца, яно працягвае суіснаваць з намі ў тым ці іншым выглядзе. І ў нашых сілах паўплываць на празмернае ўтварэнне адходаў — жыць у стылі zerowaste. І для гэтага не варта чакаць заўтра", — тлумачыць дзяўчына.

Дзякуючы мабільнаму павільёну з інтэрактыўнымі стэндамі, у якіх аб'яднаны тэматычныя зоны: "Захаванне адходаў", "Спальванне адходаў", "Перапрацоўка адходаў", "Папярэджанне ўтварэння адходаў", выставу змаглі пабачыць у Мінску, Гродна і Баранавічах. У 2020 годзе праект працягне сваю работу, а выстава — падарожжа па гарадах.

 

Акцыя #mnenevseravno ад рэдакцыі EX-PRESS.BY

У ліпені рэдакцыя сайта EX-PRESS.BY запусціла экалагічную акцыю. Якая складалася з трох этапаў. Усё распачалося з марафону, пад час якога трэба было зфатаграфаваць месца да прыборкі. За два месяцы ўдзел прынялі каля 40 чалавек. Другім этапам стаў плогінг — сумяшчэнне прабежкі і прыборкі. Удзел у такой актыўнасці прыняла сама рэдакцыя. Па словах каардынатаркі Анастасіі Баброўскай, атрымоўваеш неверагодныя эмоцыі і адчуванне яднання з прыродай. Трэцім праектам акцыі стаў гарадскі квэст для дзяцей і дарослых.

"Спадзяемся, што да прыкладу энтузіястаў далучыцца больш людзей. Бо мы хочам, каб нашыя гарады былі чысцей", — зазаначае дзяўчына.

У цэлым за 2019 год атрымалася правесці некалькі забегаў і квэстаў. Удзельнікі, жыхары Барысава і Жодзіна, атрымалі памятныя падарункі ад арганізатараў. Цяпер жа адбываецца збор зваротнай сувязі. Як падкрэслівае Анастасія, пакуль яны атрымалі каля 20 анкет, але ўжо з іх відавочна, што людзі гатовы і надалей прымаць удзел у падобных акцыях: прыбіраць смецце і адказваць на экалагічныя пытанні квэсту.

"Трэба пачынаць з сябе, са сваёй сям'і, — кажа дзяўчына. — Гэта не так складана, як падаецца адразу".

У наступным годзе арганізатары намераны працягнуць акцыю #mnenevseravno. Пасля аналізу анкет ад людзей будуць выбраныя актуальныя і цікавыя праекты, якія рэалізуюцца ў рамках акцыі.

З 16 снежня пачалося галасаванне за "Прыз глядацкіх сімпатыў", дзе сярод іншых вы можаце падтрымаць экалагічных намінантаў, "Вечны рухавік", "Факап года". Паспяшайцеся, падтрымаць праект, ініцыятыву і героя/гераіню можна да 15.00 20 снежня. Не губляйце час!

RADA AWARDS — штогадовая прэмія для маладых актывістаў/к, арганізацый і праектаў. Намінанты вылучаюцца на падставе працы за бягучы год. Выключэннем з'яўляецца "Вечны рухавік", які даецца за працяглую і якасную працу.

"Для нас гэтая прэмія — выдатная магчымасць сустрэцца і адзначыць самых актыўных людзей з моладзевага сектара. Таксама праз намінантаў і іх актыўнасці мы паказваем наколькі разнастайнай і цікавай можа быць актыўнасць моладзі. Што магчымасці адкрытыя для ўсіх.

Для саміх жа намінантаў факт намінацыі, а тым больш перамога, даволі часта з'яўляюцца дадатковай падтрымкай і прызнаннем якасці іх дзейнасці", — падкрэслівае Зміцер Герыловіч.

У 2019 годзе RADA AWARDS пройдзе ў чацвёрты раз.

Автор:
Фотограф:
citydog.by, by.odb-office.eu, www.mlyn.by, ecoidea.by, finance.tut.by, bahna.land, ex-press.by, 34mag.net, прадастаўлены героямі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость