"Уражанне, што гэта ім даюць новы ровар"
Крок супраць культуры спажывецтва з верай у дабрыню робяць сябры “Гаража 38” – супольнасці раварыстаў і валанцёрскай веламайстэрні. З вясны-2015 Кірыл Кудравец, Ігар Іваноў, Зміцер Васьковіч, Усевалад Драбышэўскі збіраюцца арганізаваць бясплатны велапракат у цэнтры Мінска, дакладней – у межах другога кальца на першы час.
"Ровары будуць размешчаныя ў цэнтральнай частцы Мінску на паркоўках у найбольш зручных для катання месцах. Мы хочам увесці практыку ставіць іх ля асабліва насычаных транспартных вузлоў, дзе ёсць заторы”, - дзеліцца задумай Ігар.
Ідэя пракату прыйшла з Чэхіі, падчас адукацыйнага візіту ў Прагу, ад Школы экалагічнага актывіста, дзе хлопцы пабачылі такі на свае вочы.
Ровары шукаюць тыя, якія людзям не трэба, якія ў бабулі, у гаражы, на лецішчы… І іх прыносяць. Людзі розныя, у большасці яны шмат усміхаюцца – "і такое ўражанне, што гэта ім даюць новы ровар, - дзівіцца Ігар. - У іх столькі жадання дапамагчы, каб гэта ўсё было – яны нават выбачаюцца, калі нешта зламана. Але мы кажам: "Бярэм усё".
Бардачкі і паркоўкі
Парковак будзе штукі 3, а ровараў – 25. Пакуль што ў гаражы стаіць толькі 10, на якіх можна катацца, і колькі запчастак. Пасля ровары расфарбуюць і дадуць ім імёны, каб былі пазнавальныя, павесяць катафоты і маячкі:
"Мы хочам даць адухаўленасць роварам, каб на іх было прыемна пакатацца. Зараз працуем з аэраграфікай, каб пафарбаваць максімальна якасна".
Бардачкі кожнага збіраюцца запоўніць карыснай інфармацыяй, у тым ліку матэрыяламі па культуры руху, аркушамі, на якіх пазначаны цікавы маршрут па цэнтры.
Таксама ёсць ідэя байк-кросінгу, выключна для спальных раёнаў: паставіць ровары без коду, каб любы чалавек мог знайсці іх дзе заўгодна – у Каменнай горцы ці ў Зялёным лузе - пакатацца і пакінуць дзе заўгодна. Яны будуць мець адмысловыя старонкі: ровар-"Вандроўнік" ці "Лятучы галандзец".
"Разам праверым, ці можа такая канцэпцыя існаваць у нашай краіне", - агучвае Ігар ідэю, да якой многія паставіліся б са скепсісам.
Трэба валанцёры, дызайнеры, праграмісты і юрысты
Велапракат будзе працаваць праз інтэрнэт-сэрвіс, дзе кожны жадаючы зможа зарэгістравацца і атрымаць на мабільны код ад замка. Такая мера трэба, каб кантраляваць, у каго ровары.
"Нават заходняя практыка паказвае, што за адзін дзень у ЗША ўсе 300 ровараў скралі", - кажа Ігар.
Аўтары ідэі збіраюцца далей працаваць над бяспекай і юрыдычнымі пытаннямі, звязанымі з адказнасцю, калі, напрыклад, дзіця трапіць у аварыю. Таму праекту "Добры ровар" патрабуюцца валанцёры, якія разбіраюцца ў праве – ну і проста людзі, праграмісты, дызайнеры, а таксама запчасткі і самі ровары.
"…Мы не хочам камерцыялізаваць праект, мы за сяброўскія стасункі. Кірыл – самы добры чалавек, мы жывімся яго верай у дабро і верым, што людзі будуць дапамагаць", – кажа Ігар.
Манаполіі – не!
"Добры ровар" зараз выключна валанцёрскі, таму некаторыя ровары, за якія просяць невялікую, але суму, атрымаць не выпадае. Надалей хлопцы будуць працаваць і са спонсарамі, кампанію па пошуку будуць запускаць неўзабаве. Адзінае вядома дакладна – Ігар і Кірыл не збіраюцца аддаваць перавагу некаму аднаму, звязвацца будуць з усімі зацікаўленнымі асобамі і фірмамі.
Таксама аўтары праекта плануюць супрацоўнічаць з існуючай Школай кіравання роварам, а таксама усімі роварнымі арганізацыямі і ініцыятывамі.
"…Мы вельмі ўдзячлівыя таварыству "Зялёная сетка", Цэнтру экалагічных рашэнняў і Мінскаму роварнаму таварыству за інфарматыўную і экспертную падтрымку. Таксама усім сябрам і знаемым, хто ужо зрабіў свой унесак у нашу ініцыятыву", – кажуць арганізатары.
Ровар для дэндзі ці ровар для кірзавых ботаў?
Адна з мэтаў праекта – паўплываць на культуру веларуху ў Мінску, бо апошнім часам расце колькасць раварыстаў, а разам колькасць канфліктаў між удзельнікамі руху. Ну і немагчыма забыць пра праблему бардзюраў. Апроч інфармацыі ў бардачках ровараў, аўтары збіраюцца цягам велапракату праводзіць акцыі, накіраваныя на распаўсюд добрай культуры.
Ну і дзе халява, там людзі – так аўтары спадзяюцца паспрыяць развіццю веларуху ў горадзе ў цэлым, а іміджу ровара – палепшыцца.
"У ровара досыць нізкі прэстыж, - мяркуе Кірыл Кудравец. - Ён лічыцца больш транспартам для адпачынку і спорту і не лічыцца ўласна транспартам. Я бачу, што гэта асноўная праблема.
Некаторыя думаюць, нібы ровар для вёскі, не зусім прэстыжна і прыгожа, ці што па дарозе на працу чалавек змерзне ўзімку ці спацее летам. Насамрэч шмат у якіх арганізацыях няма ўмоваў – душу ці шафы для пераапранання. Можа быць, кіраўніцтва не ўхваляе такія паездкі і лічыць, што гэта пашкодзіць карпаратыўнаму стылю.
Мяркую, мы справакуем большы попыт на велаінфраструктуру і так будзем прасоўваць ровар".