18.04.2023 / 09:04

Як знізіць шкоду для навакольнага асяроддзя і чым замяніць уласныя аўто.

Трамвай у Амстэрдаме. Ілюстратыўнае фота
Трамвай у Амстэрдаме. Ілюстратыўнае фота

 

У пачатку сакавіка ў Варшаве адбылася Еўрапейская лабараторыя ідэй. Гэта мерапрыемства праходзіць кожны год і, як заяўлена арганізатарамі, уяўляе сабой прастору для тых, каго хвалююць пытанні экалогіі.

Мэта лабараторыі – абʼядноўваць людзей, якія імкнуцца знайсці крэатыўныя рашэнні канкрэтных праблем, якія турбуюць еўрапейцаў. У гэтым годзе гэтыя пытанні стаяць асабліва востра з-за абвастрэння палітычнай сітуацыі на кантыненце, якая таксама адбіваецца і на навакольным асяроддзі.

Адна з панэляў (Transportation transformation) была прысвечана тэме транспарту ў еўрапейскіх гарадах: пра тое, як знізіць яго шкоду для навакольнага асяроддзя. У якасці спікераў былі запрошаны эксперты з Польшчы, Германіі, Бельгіі і Ірландыі.

Зялёны партал распавядае ў тэзісах, пра што ішла гаворка на дыскусіі.

 

Альтэрнатыўныя віды транспарту

Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне варыянтаў таго, як замяніць аўтамабілі ў горадзе на альтэрнатыўныя віды транспарту. Для дасягнення гэтай мэты, кажуць эксперты, неабходна улічваць два фактары: персанальную адказнасць жыхароў гарадоў і неабходнасць садзейнічання гарадскіх ўладаў.

Пад першым пунктам маецца на ўвазе, што гараджане пачнуць менш выкарыстоўваць аўтамабілі і больш ездзіць, напрыклад, на ровары, хадзіць пешшу ці ж карыстацца грамадскім транспартам. Для гэтага неабходна ўзмацніць адукацыйную працу з насельніцтвам.

Спікер Кіаран Кафа, прадстаўнік Еўрапейскага парламента з Ірландыінагадаў пра тое, што аўтамабілі – частая прычына гібелі людзей, як наўпрост, так і ўскосна. Каля 20 тысяч чалавек штогод становяцца ахвярамі ДТЗ у Еўразвязе.

Але яшчэ больш людзей паміраюць заўчасна ад дрэннай экалогіі: каля 300 тысяч чалавек у год, паводле справаздачы Еўрапейскага агенцтва па навакольным асяроддзі.

Але для таго, каб людзі перайшлі на альтэрнатыўныя сродкі перамяшчэння, уладам неабходна стварыць зручныя ўмовы. Напрыклад, павялічыць колькасць веласіпедных дарожак і палепшыць працу гарадскога транспарту.

Юстына Архоўска, якая вывучае грамадскі транспарт і яго ўплыў на насельніцтва ў Польшчы, падзялілася сваім назіраннем: у Варшаве зарэгістравана машын больш, чым мясцовых жыхароў, але тым не менш многія гараджане аддаюць перавагу аўтобусам, трамваям і метро.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Многія спікеры адзначылі, што ў сталіцы Польшчы гэтая сфера працуе добра: транспарт ходзіць часта, фактычна з любой кропкі гораду можна хутка дабрацца да цэнтра, пазбегнуўшы затораў.

Дарэчы, у 2021 годзе Варшава заняла чацвёртае месца ў рэйтынгу еўрапейскіх сталіц з самым устойлівым транспартам. Таксама на European Mobility Week адзначылі экалагічнасць варшаўскіх аўтобусаў: у гэтай катэгорыі сталіца Польшчы прысудзілі 8-е месца.

Зрэшты да зніжэння колькасці аўтамабіляў на дарозе еўрапейскія ўлады імкнуцца даўно. Напрыклад, у Бельгіі ўлады праводзяць Mobility week and car free – гэта такая акцыя, калі ў пэўны дзень машынам забаронена ездзіць у цэнтр.

Але спікеры вылучылі прыклад Осла (Нарвегія). Яшчэ ў 2019 годзе ў горадзе скарацілі колькасць парковачных месцаў. На іх месцы з’явіліся веласіпедныя дарожкі, расліны, зоны для адпачынку гараджан. Таксама на многіх вуліцах у цэнтры гораду забаронены рух аўтамабіляў (за выключэннем службовага транспарту, хуткай дапамогі і г. д).

 

Канцэпцыя 15-хвіліннага горада

Згадваўся падчас дыскусіі і прынцып 15-хвіліннага горада. Гэта такая ўрбаністычная канцэпцыя, у якой большасць паўсядзённых патрэбаў і паслуг могуць быць лёгкадаступныя за 15 хвілін без выкарыстання аўтамабіля.

Давос. Канцэпцыя 15-хвіліннага горада
Давос. Канцэпцыя 15-хвіліннага горада

Гэта значыць, што да навучальных устаноў, крам, кафэ і нават працоўнага офісу можна будзе дабрацца на ровары або пешшу. Распрацаваў яе прафесар Карлас Марэна яшчэ ў 2016 годзе. Такі падыход дазволіць знізіць патрэбнасць гараджан у аўтамабілях і такім чынам палепшыць экалагічную сітуацыю.

Канцэпцыю 15-хвіліннага горада ўжо пачалі ўжываць у некаторых гарадах у Нідэрландах, да яе імкнуцца некаторыя еўрапейскія сталіцы, напрыклад – Парыж.

 

Выкарыстанне аўтамабіляў у сельскай мясцовасці

Гэтай тэме была прысвечана немалая частка дыскусіі. Калі гарадскія жыхары могуць перасесці на грамадскі транспарт, які ходзіць рэгулярна, то ў сельскай мясцовасці і маленькіх гарадах такой магчымасці часта не прадстаўляецца.

Дадзеная праблема назіраецца апошнія гады ў многіх краінах Еўразвязу. З папулярызацыяй аўтамабіляў як сродка перамяшчэння многія міжгароднія рэйсы сталі хадзіць значна радзей, а то і зусім былі адмененыя.

У Бельгіі, напрыклад, за 10 гадоў быў істотна скарочаны бюджэт на грамадскі транспарт. А многія прыватныя кампаніі вымушаныя былі зачыніцца з-за паніжанага попыту.

Бельгійская вёска. Ілюстратыўнае фота
Бельгійская вёска. Ілюстратыўнае фота

Такім чынам жыхары сельскай мясцовасці – нават пры жаданні выкарыстоўваць аўтамабіль рэдка – фактычна пазбаўленыя такой магчымасці. Гэтая праблема закранае і пытанне інклюзіўнасці. Бо не ўсе людзі могуць вадзіць аўтамабіль па стане здароўя.

Як альтэрнатыву спікеры прапанавалі аўтобусы, якія можна забраніраваць па запыце жыхароў, калі ёсць такая патрэба. Хоць гэтая опцыя ў многіх краінах Еўропы наладжана недастаткова добра.

Таксама выступоўцы адзначылі высокі кошт квіткоў на цягнікі, якія часам набыць даражэй, чым квіток на самалёт. Тым часам цягнікі лічацца найбольш экалагічнымі, бо выдзяляюць менш вуглякіслага газу.

Усе гэтыя праблемы можна вырашыць толькі пры спрыянні ўладаў, павелічэнні бюджэту на грамадскі транспарт, а таксама зніжэння коштаў на квіткі: да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі панэлі «Трансфармацыя транспарту».

 

*Тэкст падрыхтаваны ў партнёрстве с ТГ-каналам I have a Green

Падпісвайцеся на канал і далучайцеся да суполкі людзей, якія мараць пра Зялёную Беларусь.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость