Лошыца-5 доўгі час заставалася адным з нешматлікіх раёнаў сталіцы, дзе захоўвалася атмасфера старога прадмесця. Тут былі прыватныя дамы, вузкія вуліцы, сады і нізкая забудова.Для многіх жыхароў гэта быў не проста жылы квартал, а частка гісторыі Менску і асабістай памяці.
Частка забудовы сфармавалася яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя, а асобныя дамы захоўвалі рысы традыцыйнай менскай архітэктуры.
Пра планы зносу ўлады паведамілі яшчэ ў 2015 годзе. На месцы прыватнага сектара плануюць пабудаваць 20 шматкватэрных дамоў прыкладна на 8 тысяч жыхароў, а таксама дзіцячыя садкі, школу і паліклініку.
У сацыяльных сетках беларусы эмацыйна рэагуюць на тое, што адбываецца.
«Прыгожы раён, дзе шмат садоў з пладовымі дрэвамі, улады хочуць ператварыць у чарговы каменны мурашнік», – напісала адна з жыхарак Менску.
Іншыя адзначаюць, што асабліва балюча глядзець на знішчэнне старых дрэў.
«Сэрца разрываецца – і за дамы, і за дрэвы, і за тое, што цяпер адчуваюць мясцовыя жыхары. Там расце магнолія, якой каля 40 гадоў», – пішуць у сацсетках.