18.07.2024 / 11:07

Ён псуе «ўладам» лета.

Фота: ТРК «Мазыр»
Фота: ТРК «Мазыр»

Звесткі пра загінулых ад урагану ў Беларусі перамяжоўваюцца ў маёй навіновай стужцы з жартамі знаёмых пра кліматычны крызіс. Хтосьці піша, што калі на мапе тэмпературы пазначаюць не лічбамі, а колерамі – гэта прапаганда.

Рэжым Лукашэнкі збольшага робіць выгляд, што нічога не адбылося. Прапагандысцкія медыі ігнаруюць і смерці, і той факт, што Мазыр два дні правёў без святла.

Пра гэта ўсё пішуць незалежныя медыі, але, відавочна, без вялікіх інсайдаў, бо браць у людзей каментары значыць ставіць іх у небяспеку.

Мне здаецца, кліматычны крызіс дагэтуль шмат кім успрымаецца як недаказаная гіпотэза і ці то здзек, ці то жарт, ці то тэорыя змовы.

Варта ўлетку ці нават узімку трапіць у хвалю халоднага надвор’я, і ўсё – людзі пачынаюць імгненна практыкавацца ў іроніі і сарказме. Якое яшчэ глабальнае пацяпленне, кажуць яны, калі на вуліцы так халодна.

Навукоўцы і экалагічныя журналісты і журналісткі гадамі тлумачаць, што надвор’е і клімат – гэта розныя рэчы, і што кліматычны крызіс – гэта не толькі пра рост сярэдніх тэмператур, але яшчэ і пра тое, што ўсе адхіленні ад нормы становяцца больш выразнымі.

Ды навукоўцам нават давялося дадаць новы пункт у шкалу ацэнкі ўраганаў! Але гэта шмат для каго таксама не аргумент, калі раптам у ліпені выдаўся прахалодны тыдзень.

Цяпер, пасля хвалі спёкі і жудаснага ўрагану ў Беларусі і тарнада ў Літве і Латвіі, мне б вельмі хацелася ўбачыць ва ўсіх СМІ і сацыяльных сетках тлумачэнні, што кліматычны крызіс – гэта вось яно і ёсць. Але колькасць абурэнняў і прынізлівых жартаў над Грэтай Тунберг усё яшчэ пераважвае такія тлумачэнні і засцярогі.

Ды можна хоць ненавідзець Грэту Тунберг, але, можа, варта нарэшце звярнуць увагу на рэальную праблему? І не, гэтая праблема не ў Грэце.

Праблема ў тым, што кліматычны крызіс уплывае на нашыя жыцці ўсё больш і больш выразна. У кагосьці, як у шасці загінулых у Беларусі, ён гэтыя жыцці ўвогуле адбірае.

І асобна я хачу падкрэсліць, што ўсе смерці адбыліся ў розных месцах па ўсёй Беларусі. То-бок гэта не адзін няшчасны выпадак, у выніку якога загінула шэсць чалавек, а шэсць асобных гісторый.

А што тычыцца эканамічных страт для краіны? Верагодна, што дакладныя лічбы мы і не даведаемся, бо рэжым Лукашэнкі звычайна замятае такія праблемы пад дыванок, а не публічна разбірае іх, каб пазбегнуць паўтору. Але відавочна ж: больш за 300 населеных пунктаў без электрычнасці – гэта істотная праблема для Беларусі.

Як з гэтай праблемай справіўся Мазырскі НПЗ? Ці ёсць нейкая небяспека для мясцовых жыхароў? Ці хапіла генератараў лякарням і людзям, якія знаходзяцца на рознай апаратнай падтрымцы дома?

Ці праўда ўсё было максімальна падрыхтавана, і проста здарыўся такі вось форс-мажор, з якім нічога нельга зрабіць? Але чаму дзяцей у летніку павялі на шпацыр, нягледзячы на прагноз надвор’я?

У мяне вельмі шмат пытанняў і зусім мала адказаў. Я бачу шмат халатнасці нават у тым, што ведаю, але я таксама разумею, што не ведаю і паловы. І я вельмі баюся, што ніякіх карысных высноваў з гэтай трагедыі не будзе зроблена.

Так званым уладам пляваць, глабальных высноваў не будзе, эколагі і экалагісты і далей будуць лічыцца трошачкі фрыкамі, якім няма чым больш займацца, акрамя як прыдумваць страшылкі пра глабальнае пацяпленне і агульны кліматычны крызіс.

Родныя загінулых будуць вучыцца жыць далей.

Хутка пайдуць справаздачы пра збор ураджаю.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость