18.10.2023 / 08:10

Новы аналіз паказвае, што ў перыяд з 2000 да 2019 года праз узмацненне штормаў, паводак і спякоты чалавецтва страціла па меншай меры 2,8 трыльёна долараў, піша The Guardian.

Фота - pixabay.com
Фота - pixabay.com

За апошнія дзесяцігоддзі штормы, паводкі, спякота і засухі забралі шмат жыццяў і знішчылі шмат маёмасці, а глабальнае пацяпленне робіць гэтыя падзеі больш частымі і інтэнсіўнымі. Гэта першае даследаванне, якое падлічыла глабальны паказчык павелічэння выдаткаў, непасрэдна звязаных з сусветным нагрэвам, выкліканым чалавекам.

Аказалася, што ў сярэднім страты складалі 140 мільярдаў долараў у год з 2000 па 2019 год, хоць лічба істотна адрозніваецца з году ў год. Апошнія даныя паказваюць, што ў 2022 годзе мы страцілі 280 мільярдаў долараў.

Даследчыкі заявілі, што адсутнасць дадзеных, асабліва ў краінах з нізкім узроўнем даходу, азначае, што лічбы, верагодна, будуць сур’ёзна заніжаныя. Дадатковыя кліматычныя страты, такія як зніжэнне ўраджайнасці і павышэнне ўзроўню мора, таксама не былі ўключаны ў гэты падлік.

Даследчыкі зрабілі ацэнкі, аб’яднаўшы даныя пра тое, наколькі глабальнае пацяпленне пагоршыла экстрэмальныя пагодныя з’явы, з эканамічнымі звесткамі пра страты. Даследаванне таксама паказала, што колькасць людзей, якія пацярпелі ад экстрэмальных умоў надвор’я з-за кліматычнага крызісу, склала 1,2 мільярда чалавек за два дзесяцігоддзі.

Дзве траціны шкоды прыпадае на гібель людзей, а траціна – на знішчэнне маёмасці і іншых актываў. Штормы – такія як ураган «Харві» і цыклон «Наргіс» – адказныя за дзве траціны кліматычных страт. Яшчэ 16 % звязаныя са спякотай і 10 % – з паводкамі і засухамі.

Даследчыкі кажуць, што іх метады могуць быць выкарыстаны для разліку, колькі сродкаў неабходна для фонду страт і шкоды, створанага на кліматычным саміце ААН у 2022 годзе, які прызначаны для аплаты ліквідацыі наступстваў экстрэмальных пагодных катаклізмаў у бедных краінах. Таксама іх можна выкарыстоўваць, каб хутка вызначыць канкрэтныя кліматычныя выдаткі на асобныя катастрофы, паскорыць дастаўку сродкаў.

«Асноўная лічба – 140 мільярдаў долараў у год і, па-першае, гэта ўжо вялікая лічба», – кажа прафесар Ілан Ной з Універсітэта Вікторыі Велінгтана ў Новай Зеландыі, які праводзіў даследаванне разам з каляжанкай Рэбекай Ньюман.

«Па-другое, калі параўноўваць гэта са стандартнай колькаснай ацэнкай кошту змены клімату [з выкарыстаннем камп’ютэрных мадэляў], здаецца, што гэтыя колькасныя ацэнкі недаацэньваюць уплыў змены клімату».

Фота: pixabay.com
Фота: pixabay.com

Паводле Ноя, было шмат экстрэмальных пагодных з’яў, для якіх няма даных пра колькасць загінулых або эканамічным уроне: «Гэта паказвае на тое, што нашая агульная лічба ў 140 мільярдаў долараў значна заніжаная». Напрыклад, паводле яго слоў, звесткі пра смерць ад спякоты былі даступныя толькі ў Еўропе. «Мы паняцця не маем, колькі людзей загінула ад спякоты ва ўсёй Афрыцы на поўдзень ад Сахары».

Па дадзеных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, з 1970-х гадоў страты ад экстрэмальных пагодных катаклізмаў павялічыліся ў сем разоў. Аднак аддзяліць наступствы глабальнага пацяплення ад росту насельніцтва, міграцыі ў гарады і лепшай справаздачнасці аб катастрофах складана.

Даследаванне, апублікаванае ў часопісе Nature Communications, выкарыстала іншы падыход, заснаваны на тым, як змяненне клімату пагоршыла экстрэмальныя пагодныя з’явы. Былі праведзены сотні «атрыбуцыйных» даследаванняў, якія падлічылі, наколькі часцей глабальнае награванне выклікае экстрэмальнае надвор’е. Гэта дазваляе ацаніць долю шкоды ў выніку нагрэву, выкліканага чалавекам.

Даследчыкі прымянілі гэтыя долі да шкоды, зафіксаванай у Міжнароднай базе дадзеных аб катастрофах, якая аб’ядноўвае даступныя даныя аб усіх катастрофах, у выніку якіх загінулі 10 чалавек, альбо 100 пацярпелі, альбо краіна аб’явіла надзвычайнае становішча, або запытала міжнародную дапамогу.

Паводле асноўнай ацэнкі, сярэднія выдаткі клімату складаюць 140 мільярдаў долараў у год з дыяпазонам ад 60 да 230 мільярдаў долараў. Гэтыя ацэнкі значна вышэйшыя за ацэнкі кампутарных мадэляў, заснаваных на зменах сярэдняй глабальнай тэмпературы, а не на экстрэмальных тэмпературах, якія ўсё часцей назіраюцца ў свеце.

Гадамі з самымі высокімі агульнымі кліматычнымі выдаткамі былі: 2003 год, калі на Еўропу абрынулася спякота; 2008 год, калі цыклон Наргіс абрынуўся на М’янму; і 2010 год, калі на Самалі абрынулася засуха, а на Расію – спякота. Шкода маёмасці была вышэйшай у 2005 і 2017 гадах, калі ўраганы абрынуліся на ЗША, дзе кошт маёмасці традыцыйна высокі.

Фота: pixabay.com
Фота: pixabay.com

У аналізе выкарыстоўвалася статыстычнае значэнне страчанага жыцця ў 7 мільёнаў долараў, сярэдняе ад лічбаў, якія выкарыстоўваюцца ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі. «Многім людзям вельмі непрыемна ад думкі, што мы накладваем цану на жыццё», – сказаў Ной. «Але гэта вельмі стандартная эканамічная практыка і адбываецца таму, што ў рэшце рэшт нам трэба прымаць рашэнні аб [кошце] інвестыцый у розныя рэчы».

Ной сказаў, што калі падлічваць толькі эканамічную шкоду, нанесеную інфраструктуры, гэта моцна скажае ацэнкі выдаткаў для багатых краін, хоць у рэальнасці найбольш ад экстрэмальных умоў надвор’я церпяць больш бедныя краіны. Ён параўнаў ацэнку шкоды ў 140 мільярдаў долараў са 100 мільярдамі долараў, абяцанымі багатымі краінамі больш бедным, але якія яшчэ не перададзеныя ў поўным аб’ёме, і адзначыў, што 90 % гэтых грошай ідуць на скарачэнне выкідаў. Гэтыя лічбы таксама кантрастуюць з субсідыямі ў памеры 7 трыльёнаў долараў у год, якімі карыстаецца індустрыя выкапнёвага паліва.

На кліматычным саміце ААН Cop27 у 2022 годзе краіны пагадзіліся стварыць фонд страт і шкоды для дапамогі больш бедным дзяржавам у аднаўленні пасля катастроф, звязаных з кліматам. «Вы можаце выкарыстоўваць нашую метадалогію, каб пачаць падлічваць, колькі грошай нам трэба ў фонд», – кажа Ной.

У ідэале, паводле ягоных словаў, хуткае даследаванне атрыбуцыі экстрэмальных пагодных з’яў дапаможа ацаніць шкоду, звязаную з кліматам, і хутка дастаўляць грошы: «Гэта была б своеасаблівая схема страхавання для краін». Метадалогія таксама можа быць карыснай для вызначэння шкоды ў кліматычных пазовах, сказаў ён.

Доктар Стэфан Халегат з Сусветнага банка, які не ўваходзіць у даследчую групу, сказаў: «Асноўнае паведамленне заключаецца ў тым, што змяненне клімату відавочна павялічвае глабальныя эканамічныя страты ад катастроф. Гэта выклікала спрэчкі, і некаторыя сцвярджалі, што наступствы змены клімату нязначныя ў параўнанні з іншымі фактарамі, такімі як эканамічны рост і ўрбанізацыя.

Гэтае даследаванне разглядае атрыбуцыю фізічнай падзеі – гэта значна прасцей, надзейней і дае пераканаўчыя аргументы. Гэта новае поле, і нявызначанасці сапраўды вялікія. Адзін з урокаў даследавання заключаецца ў тым, што глабальныя даследчыя цэнтры – у асноўным размешчаныя ў багатых краінах – павінны больш працаваць над тым, што адбываецца ў бяднейшых краінах».

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость