18.11.2016 / 18:11

З 23 лістапада ў Гродзенскай выставачнай зале пачынае працаваць шведска-беларуская выстава «Сам-насам з кліматам». Выстава падрыхтавана пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і Шведскага Інстытута.

Выстава «Сам-насам з кліматам» злучае класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя (фатаграфія, калаж) сучаснага мастацтва і становіцца асновай камунікацыі без межаў, у тым ліку моўных.

Гэты праект, мэтай якога з’яўляецца абмеркаванне прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства і распаўсюджанне ведаў пра экалагічныя праблемы, стартаваў у Швецыі яшчэ ў 2010 годзе і за 5 год ахапіў больш за 30 краінаў, у тым ліку Беларусь, Грэцыю, Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Украіну, Расію, Бразілію, Кітай і многія іншыя. У гэтым годзе амбіцыйны праект Шведскага Інстытута фінальна рэалізаваўся ў буйной публікацыі — ілюстраваным альбоме, які з’яднаў мастацкія і дыскурсіўныя разважанні прафесіяналаў розных краінаў свету. У альбом патрапілі працы шасці беларускіх мастакоў: Рамана Сустава, Кацярыны Марціновіч, Алега Карповіча, Вольгі Сазыкінай, Сяргея Волкава і Антаніны Слабодчыкавай.

У рамках міжнароднага праекта «Сам-насам з кліматам» і з нагоды выпуску мастацкага альбома ў Гродзенскай выставачнай зале з 23 лістапада па 18 снежня пройдзе аднайменная шведска-беларуская выстава. Выстава складаецца з дзвюх частак, уключае творы беларускіх мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў і ўяўляе сабой візуальны шэраг экспазіцыі, якая даступным спосабам уздымае перад гледачом пытанні зменаў клімату і іншых экалагічных выклікаў сучаснасці.

У рамках выставы «Сам-насам з кліматам» пройдзе таксама фотавыстава гродзенскага фотамастака Сяргея Курылы і выстава-конкурс дзіцячага плакату «Экалагічная мазаіка», падрыхтаваная навучэнцамі дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Гродна.

Выстава будзе адкрытая для наведнікаў з 23 лістапада па 18 снежня 2016 г.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость