Як паведамляе выданне, коні могуць трапіць на мяса з-за расфарміравання мясцовага калгасу. У табуне ёсць і беларускія запражныя коні. Гэта адзіная нацыянальная парода Беларусі, на вывядзенне якой спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе.
Беларускі запражны конь паходзіць ад дзікага продка — ляснога тарпана і належыць да парод паўночнага ляснога тыпу. На фарміраванне сучаснай папуляцыі вялікі ўплыў аказалі коні конных заводаў і заводскіх стайняў, пачатак стварэння якіх адносіцца ажно да XVII стагоддзя. Вядома, што ў 1850-х гадах на тэрыторыі Беларусі ўжо было 22 невялікія конныя заводы і 4 дзяржаўныя заводскія стайні.
У выніку шматгадовай народнай селекцыі і ўзнаўляльнага скрыжавання жарабцоў заводскіх парод (ардэнскай, арабскай, гудбрансдальскай, шведскай, брабансонскай, гановерскай, арлоўскай і г. д.) з абарыгенамі ляснога тыпу да канца XIX стагоддзі сфармаваўся новы тып беларускай запражнай. Да 1941 года дадзеная папуляцыя называлася ашмянскі конь, а з 1946-га — беларускі запражны. У 1928-1930 гг. беларускія (ашмянскія) коні экспартаваліся ў Германію, Аўстрыю, Літву, Польшчу і высока шанаваліся на рынку.
Зараз выратаваць жывёлаў хочуць валанцёры і конегаспадаркі, якія гатовыя часткова набыць коней з табуна для развядзення. Але каб выкупіць адну жывёлу трэба заплаціць прыкладна 2,5 тысячы рублёў.