18.12.2024 / 14:12

Самым вядомым у свеце катом, здаецца, становіцца ці ўжо стаў герой латвійскай анімацыі «Плынь» (у арыгінале «Straume»).

Фота: cesukoncertzale.lv
Фота: cesukoncertzale.lv

Фільм Гінтса Зілбалодзіса атрымлівае прэстыжныя прэміі адну за адной і, здаецца, калі справа дойдзе да Оскара, назіраць за самім поспехам будзе ўжо троху занудна. Але дакладна будзе па-ранейшаму цікава разважаць пра фільм.

Гэта напраўду нешта геніяльнае, і ў самой Латвіі на тых, хто «Плынь» яшчэ не бачыў, глядзяць ці то з лёгкай пагардай, ці то са шчырым шкадаваннем.

Справа ў тым, што аўтары стварылі гісторыю, якая трапляе роўненька ў нерв. Вядома, у кожнага гэты нерв свой, і для мяне «Straume» – гэта гісторыя ўцякацтва і ўсіх звязаных з ім перажыванняў.

Сюжэт фільма не надта складаны: свет, у якім жыве безыменны кот, запаўняецца вадой. Ён ратуецца разам з некаторымі іншымі жывёламі, разам з імі перажывае ўсе прыгоды, хтосьці да іх далучаецца ў працэсе, хтосьці «адвальваецца».

Мы бачым, як развіваюцца іх стасункі, як яны па-рознаму прымаюць асаблівасці адно аднаго і, што самае галоўнае, як толькі дзякуючы салідарнасці выжываюць.

Гэта пераасэнсаванне біблейскага вялікага патопу і гісторыі пра Ноеў каўчэг, але без Ноя. Аўтары прапаноўваюць нам альтэрнатыўны сусвет – не традыцыйны іерархічны, дзе ўсім кіруе і ўсіх ратуе чалавек, і ў якім жывёлы становяцца інструментам у руках Бога і Ноя.

У гэтым новым сусвеце светам кіруе салідарнасць, узаемападтрымка і жаданне дапамагчы адно аднаму. Па вялікім рахунку, мы бачым тут не біялагічную, а гуманістычную версію эвалюцыйнага адбору. Выжываюць тыя, хто здольны паклапаціцца і пра іншых, і можа пры гэтым разлічваць на іхнюю дапамогу.

Вялікая вада тут выступае ў якасці метафары і можа значыць літаральна любую бяду і любое выпрабаванне, але яе можна разглядаць і літаральна – як наступства глабальнага кліматычнага крызісу, як тое, што чакае нас у будучыні.

І ў такім выпадку салідарнасць, якую мы бачым у фільме, становіцца ключом да разгадкі – калі мы пачнем праяўляць яе ўжо цяпер, мы, магчыма, пазбегнем катастрофы ажно такіх маштабаў.

Я не ведаю, які менавіта сэнс закладвалі аўтары ў гэтую ваду і ці сімвалізуе яна для іх асабіста нешта канкрэтнае. Для мяне, паўтаруся, гэты фільм – гэта гісторыя пра ўцякацтва, у якім чаго толькі не было – і прыняцце невядомага, і спробы адаптавацца, калі яшчэ ўсё вакол бурліць, і людзі, якія проста мяне выкарыстоўвалі і ставіліся да мяне як да інструменту дасягнення сваіх мэтаў, і, канечне, іншыя людзі – тыя, з якімі мы падтрымліваем адно аднаго і неяк грабем далей.

Цікава і тое, якую эстэтыку выкарыстоўваюць аўтары фільма. У першыя ж секунды я адчула, што хачу быць гэтым катом. Хачу адчуваць гэты пах свежай травы і кветак, хачу, каб на маю скуру так вось падалі сонечныя промні, хачу адчуваць такі жывы інтарэс, хачу мець такую прагу да жыцця.

У адрозненне ад таго, як жывёл у анімацыях звычайна робяць вельмі антрапаморфнымі, у «Straume» нічога такога няма. Наадварот – у іх настолькі якасна прапрацаваная сапраўдная жывёльная міміка і рухі, што ў гэта цяжка паверыць.

Верагодна, гэты падыход дазваляе глядачам і глядачкам праявіць больш эмпатыі – мы бачым на экране не міфічных істотаў, а сапраўдных жывёлаў. Іх радасці, страхі, трывогі і зацікаўленасці выглядаюць рэальнымі, ім цалкам верыш.

І гэты свет, у якім яны жывуць, хай і поўны драматычных падзеяў, але вельмі вабіць. Магчыма, хтосьці абвінаваціць аўтараў у рамантызацыі бяды, але я бачу ў іх фільме іншае. Я бачу маніфестацыю Франклаўскай філасофіі сэнсу.

Калі мы бачым сэнс у сваім жыцці, знаходзім у ім нешта, вартае працягваць, змагацца і пераадольваць, мы працягваем жыць. Так, безумоўна, Франкл выжыў у канцэнтрацыйным лагеры таксама дзякуючы ўдачлівасці, бо яго маглі аднойчы проста адфільтраваць не ў шэраг тых, хто мусіць працаваць, а ў шэраг тых, каго трэба забіць.

У газавай камеры нікога не ратаваў аніякі сэнс. Але сярод тых, хто быў дастаткова ўдачлівым, каб паспяхова праходзіць фільтрацыю, шмат хто не выжываў, бо губляў ці ад пачатку не знаходзіў сэнс у жыцці.

Так і галоўны герой Straume, які ідзе наперад, нягледзячы ні на што. І на працягу ўсяго фільма ён не кажа на зразумелай чалавеку мове аніводнага слова. Каб кожны і кожная з нас маглі прагаварыць за яго тое, што важна менавіта нам.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость