19.01.2015 / 11:01

Новы артыкул Крымінальнага кодэксу 339.1 “Жорсткае абыходжанне з жывёламі” ўступае ў сілу праз некалькі дзён.

- Жорсткае абыходжанне з жывёламі, якое пацягнула іх смерць ці калецтва, учыненае з хуліганскіх ці іншых нізкіх памкненняў ці ў прысутнасці заведама малалетняга будзе карацца грамадскімі працамі, штрафам ці выпраўленчымі працамі на тэрмін да аднаго году альбо арыштам. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна ці групай асобаў, будуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін да году, патлумачыў сайту “Радыё Свабода” юрыст Юры Чавусаў.

У дачыненні да менш цяжкіх выпадкаў працягне дзейнічаць і артыкул 15.45 адміністрацыйнага кодэксу, які прымяняўся раней. Аднак тут таксама адбыліся змены: цяпер акрамя мясцовай адміністрацыі пратаколы змогуць складаць і прадстаўнікі міліцыі. Дзякуючы гэтаму, прыцягнуць да адказнасці правапарушальнікаў стане прасцей.

Нагадаем, што выпадкі жорсткага абыходжання з жывёламі перыядычна фіксуюцца і ў нашым рэгіёне. Так, летась на адным з двароў у Гродне гаспадарамі было вывешана пудзіла вароны. Некалькімі тыднямі раней у цэнтры Гродна нехта застрэліў каля дзясятка варон.

Крымінальную адказнасць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі стала магчымым увесці ў многім дзякуючы актыўным намаганням з боку грамадзянскай супольнасьці.

- Усе мэты, якія мы ставілі перад сабой у мінулым годзе, былі дасягнутыя. Мы шмат разоў звярталіся ў розныя інстанцыі — у пракуратуру, Міністэрства ўнутраных справаў, Адміністрацыю прэзідэнта. Падключылася шмат людзей — пісалі і пісьмовыя заявы, і электронныя. Мы хадзілі на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Вось так і атрымалася, што мы дасягнулі таго, за што змагаліся, - распавяла сайту “Радыё Свабода” каардынатарка кампаніі „Не“ — жорсткаму абыходжанню з жывёламі” Алёна Валынец-Чарняева.

Па словах Юрыя Чавусава, у стаўленні  да  неабходнасці  такіх зменаў у заканадаўстве былі адзінадушныя і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і грамадзянская супольнасць. І нават калі артыкул не будзе шырока прымяняцца, сама яго наяўнасць будзе выступаць ў якасці прафілактыкі  адпаведных злачынстваў, і гэта вельмі важны крок.  На чарзе ж распрацоўка больш шырокага закона, які будзе рэгуляваць многія бакі існавання жывёл у нашым грамадстве.

Автор:
Фотограф:
3.bp.blogspot.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость