19.01.2016 / 13:01

Аматары незвычайных жывых істот змогуць убачыць у горадзе над Сожам самых разнастайных яшчарак, чарапах, змеяў, павукоў-птушкажэраў, скарпіёнаў і шмат каго яшчэ.

На выставе «Жывыя цмокі», што адкрылася ў галерэі імя Вашчанка у 72 тэрарыюмах лагодна размесціліся 35 відаў амфібій і рэптылій ды 37 відаў безхрабтовых. Сярод іх – геконы, вараны, ігуаны, чарапахі, пітоны, ўдавы ды хамелеён.

Сапраўднай «разынкай» выставы з'яўляюцца вучоная чарапаха Труляля, ручная агама Вара, велізарная ігуана Лiлiт ды капскі варан Анубіс. Знаёмства з барадатым цмокам Варай дакладна не пакіне нікога абыякавым. Гэтай цікаўнай Варвары сапраўды да ўсяго ёсць справа. Ледзве ўбачыўшы наведніка яна штораз падбягае да шкла тэрарыума і б'е лапамі па шкле.

Затое чырвоная ігуана зусім абыякавая да ўсяго і здаецца застылай скульптурай. У яе тры вокі якімі яна бачыць усё, нават ззаду, таму ёй няма чаго мітусіцца і круціць галавой.

На выставе можна сустрэць шмат дзённых і начных геконаў. Гэта – адна з самых папулярных терарыюмных жывёл. Асабліва цікавы гекон токе. Ён даўно прызвычаіўся да блізкасці чалавека. На сваёй радзіме, у паўднёвай і паўднёва-ўсходняй Азіі, гэтая яшчарка заходзіць у дамы ў пошуках ежы. Пазнаць яе можна па голасе, падобным на дзяўканне маленькага сабачкі. У гэтым брэху чуецца: то-о-кее. Такім чынам яшчарка нібы сама сябе называе.

Вельмі добра прызвычайваюцца да няволі і чалавека эублефары – яшчаркі невялікага і сярэдняга памеру. Чапаць гэтых палахлівых звяркоў не рэкамендуецца, бо яны гэтага не любяць і могуць ад спалоху адкінуць хвост. Хвасты ў іх вялікія, падобныя на тоўстую моркву, бо ў іх утрымліваецца запас ежы і вады.

Мала хто ў нашай краіне ведае хто такія сцынкі. Сцынкі – вельмі разнастайны від яшчарак. Яны жывуць на зямлі, пад зямлёй і на дрэвах. Некаторыя ўжо страцілі канечнасці і сталі падобныя да змей. Але нават тыя што маюць ногі перасоўваюцца як змеі, шчыльна прыціскаючы свае канечнасці да тулава.

Зачаравацца нашчадкамі сапраўдных цмокаў можна па 28 лютага 2016 года ў галерэі імя Вашчанка.

Автор:
Фотограф:
newsgomel.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость