З нагоды папулярызацыі і прыцягнення ўвагі да аховы балотных чарапах супрацоўнік Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Прыбужскае Палессе» Зміцер Пылыпіў задумаў правесці дабрачынны музычны фэст «Тры чарапахі». Са сваёй ідэяй ён падаўся на конкурс праектаў Талакі #Паскарэнне.
«Пытанням захавання балотных чарапах у Беларусі, на мой погляд, надаецца мала увагі. А яны цікавыя істоты і вартыя аховы», — кажа менеджэр праекту.
Фармат музычнага свята хлопец выбраў невыпадкова. У яго ўжо ёсць досвед арганізацыі мерапрыемстваў і фестываляў. Ды й такі івэнт, спадзяецца Зміцер, зможа быць больш прывабным для людзей, чым проста збор сродкаў.
«Значна прасцей і цікавей дапамагаць ці праяўляць клопат пра кагосьці, калі ў цябе ёсць эмацыйная аддача, калі можна атрымаць новыя веды і пры гэтым адпачыць», — зазначае ён.
ДАВЕДКA
Да меліярацыі балотная чарапаха была досыць распаўсюджанай істотай для палесскага рэгіёну. Аднак з пачаткам актыўнай гаспадарчай дзейнасці папуляцыя гэтых паўзуноў пачала скарачацца.
Балотныя чарапахі асабліва адчувальныя да непакою, таму негатыўны ўплыў на аднаўленне папуляцыі аказвае знішчэнне калектыўных стацый размнажэння, якія прымеркаваны да пясчаных узвышшаў. Нярэдка яны распрацоўваюцца для здабычы будаўнічых матэрыялаў.
Асноўным прыродным рэзерватам у захаванні балотных чарапах у Беларусі з'яўляецца Палесскі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Спрыяе аднаўленню папуляцыі паўзуноў высяленне людзей з гэтых тэрыторый, поўна спыненне гаспадарчай дзейнасці, паўторнае забалочванне раней меліяратыўных зямель і прыродаахоўны рэжым заказніка.
Аднак для рэальнага захавання беларускай папуляцыі неабходна ўвядзенне новых ахоўваемых тэрыторый і спецыяльныя меры па ахове стацый размнажэння.
Зараз Зміцер са сваёй камандай актыўна займаецца пошукам арганізацый, спонсараў і партнёраў, музыкаў, якія б пагадзіліся падтрымаць фестываль і саму ідэю аховы балотных чарапах. Аднак, пакуль мінскія культурніцкія праекты не асабліва зацікаўленыя ў супрацы з праектам.
· В Брестской области ищут волонтёров для спасения болотных черепах
«Адгукнуліся берасцейскія ініцыятывы — найстарэйшая мясцовая НДА «Дзедзіч» і гурт «Сразу май», гайд-парталаў «Нататнік». Фішкай самаго фэсту павінна стаць чароўнае Палессе. Таму сярод выступоўцаў хацелася б знайсці не столькі рокавых музыкаў, колькі каларытных, каля фолкавых. Вядома, што хэндлайнерам хацелася б пабачыць кагосьці вядомага, каб было прышпільна для людзей», — дзеліцца хлопец.
У бліжэйшых планах праекта запусціць збор на ТалакаКошце, удзельнікі якога ў якасці бонусаў змогуць атрымаць тэматычны мерч: ці то майку, ці то паштоўку альбо квіток на сам фестываль.
Само ж мерапрыемства мусіць адбыцца на прыканцы траўня ці пачатку чэрвеня. Адштурхоўвацца вырашлі ад гэтага перыяду, з улікам, што 23 траўня адзначаецца тэматычнае свята. Акрамя ўсяго якраз на травень-чэрвень прыпадае сезон размнажэння балотных чарапах — час, калі ім трэба асаблівая ахова.
«Праўда з месцам мы пакуль не вызначыліся. Хацелася б правесці фэст на тэрыторыі інфармацыйнага цэнтра заказніка, гэта было б ідэальна. Тым больш адміністрацыя прыроднай тэрыторыі ўхваляе ідэю фэста і ўсяляк бярэцца спрыяць яго правядзенню. Але, на жаль, гэта будзе патрабаваць большых выдаткаў. Таму мы разглядаем магчымасці пляцовак Брэста», — тлумачыць Зміцер.
Праект ужо сёння адкрыты для любой валанцёрскай дапамогі і падтрымкі. Напрыклад, каманда шукае ілюстратараў і дызайнераў, што змогуць распрацаваць візуальнае аздабленне мерапрыемства, дапамагчы з канцэптам для інфармацыйных матэрыялаў, прома.
Не адмовіцца Зміцер і ад парадаў і кантактаў гуртоў, што пагодзяцца выступіць на фэсце, інфармацыйнага суправаджэння, каб як мага больш людзей даведалася пра само мерапраемства і яго тэматыку.