Мястэчка Лынтупы — незвычайнае месца. Размешчанае на самай мяжы з Літвой сярод лясоў і паблізу неверагодных Блакітных азёр — яно мае не дрэнны турыстычна-культурніцкі патэнцыял.
Летась тут запальваў плэнэр і фестываль керамікі "Дым", на якім можна было пачаставацца традыцыйнымі мясцовымі стравамі ад пастаўскага дому рамёстваў "Стары млын", распрабаваць экзатычнае карпача ад польскіх партнёраў Podlaskie Smaki, пагуляць у народныя гульні, сваімі рукамі стварыць керамічны твор ды й пабачыць як ажываюць паданні.
З таго часу ў мястэчку відавочна пабольшыла інфраструктурных выгод і цікавостак. Так на базе культурнага цэнтра "Kultyvatar" з'явілася кавярня, гатовая пачаставаць наведвальнікаў водарнай кавай ці стаць каворкінгам пры неабходнасці. А ў ваколіцах адкрылася адразу тры веласіпедныя маршруты з культурніцка-гастранамічнымі прапановамі. Дарэчы, веласіпед у пракат можна ўзяць непасрэдна на месцы.
"Тры маршруты рознай працягласці, рознай складанасці. Усе яны праходзяць праз тыя мясціны, дзе ёсць што паглядзець, дзе ёсць архітэктурныя і гістарычныя адметнасці. І актыўныя ўдзельнікі: мясцовыя ці «панаехаўшыя», якія могуць быць драйверамі развіцця гэтага маршрута", — распавядае Раман Забела, архітэктар-рэстаўратар, сябра праўлення культурнага цэнтра "Kultyvatar".
Адрозніваюцца маршруты і прыроднай сваёй складаючай. Пройдземся па іх:
Лынтупы – Вялічкі – Каптаруны – Шудаўцы (транзітам) – беларуская хабітанія
Выбіраючы кірунак у бок літоўскай мяжы вы быццам бы акунаецеся ў казачны свет англійскага фантаста, дзе сопкі прытойваюць адзінокія хутары ды перамяжоўваюцца з балотамі і прылескамі.
Тут у вёсцы Вялічкі можна зазірнуць на птушыную ферму, абзавесціся яйкамі, мясам хатняй птушкі ці вырабамі з яго. Далей гравейная дарога з мудрагелістымі паваротамі нечакана выводзіць да вёскі Каптаруны, якая жыве сваім культурніцкім жыццём, ладзячы фестывалі, плэнэры і тэатральныя спектаклі. Але нават без гэтага кампаненту на вёску цікава зірнуць бы на дэкарацыю сучаснага сядзібнага жыцця.
Лынтупы – Трабуцішкі – Вайшкуны – хутар Балдук – ледавіковыя азёры
На першым жа прыпынку маршрута – кавальскай сядзібе Трабуцішкі, падарожнікаў чакае шмат цікавостак, – ад сапраўднай кузні да хатнік прысмак ды свежага натуральнага соку. І на самой справе для працягу маршрута – падсілкавацца будзе не лішнім. Бо ад вёскі Вайшкуны пачынаецца, бадай, самая цікавая па наваколлі, але і самая няпростая дарога праз старажытны лес з яго пасткамі з каранёў і адвечных лужын.
У момант, калі стане падавацца, што лес бясконцы, а вы ўсё далей і далей паглыбляецеся ў яго гушчар, гарантуем, вы выберыцеся да хутара на беразе Балдука. Тут можна ўзнавіць сілы акунуўшыся ў возера ды адведаўшы гарбаты з зёлак.
Вяртацца давядзецца ўсё праз той жа таемны лес уздоўх азёр праз вёску Пешкаўцы, дзе верагодней усяго можна будзе набыць фермерскіх прадуктаў.
Лынтупы – Раманішкі – Гіруці – праз лясістыя лясы
Пакуль гэта самы кароткі, але архітэктурны маршрут. Па дарозе можна зірнуць на флігель сядзібнага дому Даўгялаў ды прыдарожную капліцу. Тут жа вядуцца раскопкі падмуркаў палаца і захаваліся вобразы старога парка з дрэвамі-волатамі. У будучым, спадзяюцца арганізатары, яны сыграюць сваю ролю для развіцця турыстычнага маршрута.
Што ж тычыцца пачастункаў, то прыйдзецца ён па гусце аматарам натуральнага водарнага мёду ад пчол мясцовага жыхара.
Вядома, за адзін дзень ахапіць тры маршруты наўрадці атрымаецца. Таму па задуме ў Лынтупах павінны з'явіцца хостэл, які зможа прыняць да сябе падарожнікаў і цэлыя турыстычныя групы.
"Калісьці гэты дом належыў школе, – паказвае Раман на прыдаўгаваты драўляны дом, што стаіць пасуседству з цагляным, дзе размясціўся Kultyvatar. – Але працяглы час ім не карысталіся і ён нядбаў. Вядома, што ў будучым такія будункі ідуць пад знос. Мы ж бачылі зацікаўленасць людзей, каб прыехаць у Лынтупы, і адсутнасць інфраструктуры, дзе ім спыніцца".
Так арганізатары набылі стары дом пад хостэл. Яны не хаваюць, што будынак не ў лепшым стане і ў яго неабходна ўкласці шмат сіл і сродкаў. Патрабуецца цалкам замена даху, трэба перабраць жылыя пакоі, зашыць сцены і падлогу, правесці касметычны рамонт і абсталяваць іх мэбляй. Але, як кажуць, знесці заўсёды можна паспець, а вось захаваць стары каларыт – паспрабаваць варта.
"Калісьці ў цэнтральнай часты жылі вясковыя дзеці, што прыязджалі ў школу. Затым тут вучыліся памежнікі. Надалей жылі простыя людзі. Таму планіроўка пакояў найбольш пасуе пад размяшчэнне людзей. Яна рамантуецца ў першую чаргу. Дзве скрайнія часткі пакуль аддадзены пад склады і для жытла студэнтам, што сюды прыязджаюць альбо будаўнікам", – зазначае Раман Забела.
Найбольш верагодна, што прыдатнымі для пражывання з мінімальным камфортам пакоі будуць ужо ў летні сезон. Пад час архітэктурнай школы, у ліпені-жніўні, тут мусяць размясціцца студэнты.
У будучым цалкам верагодна, што ў самай далёкай частцы з'явяцца пакоі-кватэры для засялення ментараў і экспертаў пры правядзенні вялікіх форумаў і фестываляў.
Ініцыятыву культурнага цэнтра "Kultyvatar" ухваляюць пастаўскія ўлады. Відавочна яны зацікаўленыя, каб у рэгіён прыязджаў турыст і на гэтым фоне развіваўся лакальны невялікі бізнас, што грунтуецца на нацыянальных традыцыях і каштоўнасцях.
"У нас ня менш спрыяльныя ўмовы для развіцця аграсядзіб, чым у той жа Польшчы. Але пакуль гэта мала развіта. У першую чаргу праз слабы ўнутрані турызм. Палякі арыентуюцца на сваіх турыстаў. І нам трэба рухацца ў гэтым кірунку, каб абуджаць цікавасць мясцовага насельніцтва і з іншых рэгіёнаў Беларусі да пазнання свайго краю, што багаты на традыцыі, прыродныя асаблівасці", – падкрэслівае Юрый Кісялёў, намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкаму, адзін з удзельнікаў адукацыйнай паездкі па Польшчы ў рамках праекту "Смакі Беларусі".
Што важна, адзначыў суразмоўца, нашыя заходнія суседзе з павагай ставяцца да сваёй культуры, зберагаюць і ўмеюць яе прадаваць. Гэта якраз тое, чаго не хапае беларусам – умення прэзентаваць і прадаць свой рэгіянальны прадукт. Хаця на традыцыі наш народ багаты.
Досвед палякаў, які ўбачылі удзельнікі паездкі, паказвае, што на індывідуальнай, мясцовай гаспадарцы, няхай і невялікай магчыма запрацоўваць грошы і атрымоўваць задавальненне.
"У нас гэта трэба развіваць, прапагандаваць і тлумачыць людзям, што трэба не сядзець і чакаць, што хтосьці прыйдзе і зробіць, а спрабаваць самаму, уключацца. І прыклад Лынтупшчыны ў гэтым плане якраз паказальны. Дзейнасць Вадзіма Глінніка ў рамках «Kultyvatara» па арганізацыі майстар-класаў розных накірункаў <...>, правядзення фестываляў, каб абуджаць інтарэс да нашага рэгіёна. У тым ліку адкрыццё новых сядзіб і накрункаў: пачынаючы ад пчалярства і ганчарства да нацыянальнай кухні", – кажа Юрый Кісялёў.
Вядома, наперадзе яшчэ шмат працы для ўсіх удзельнікаў працэсу. Бо патрабуецца абкатка створанай інфраструктуры і яе ўдасканаленне, развіццё спрыяльных умоваў для прыцягнення мясцовага насельніцтва. А таксама рэклама для прываблівання турыста.