У адной з гродзенскіх крамаў з’явіўся бярозавы сок з надпісам “100% organic” на этыкетцы. Арганічныя прадукты з’яўляюцца на беларускіх паліцах даволі рэдка, беларускай вытворчасці – амаль ніколі. Мы паспрабавалі разабрацца, наколькі беларускі бярозавік арганічны. Беларускай нацыянальнай арганічнай сертыфікацыі прадуктаў харчавання яшчэ няма, яна толькі распрацоўваецца. Аднак фермерскія гаспадаркі ці іншыя суб’екты гаспадарання могуць атрымаць сертыфікацыю па іншым стандарце, напрыклад, ЕС. На сёння ў Беларусі ёсць некалькі вытворцаў, якія сертыфікуюцца як арганічныя, маюць сертыфікат ЕС, які пацвярджае арганічнасць прадуцыі і дазваляе прадаваць прадукты з арганічнай маркіроўкай. Яшчэ некалькі беларускіх фермераў чакаюць атрымання сертыфіката ЕС. Прадукцыю з гэтых фермерскіх гаспадарак можна знайсці ў дзвюх беларускіх інтэрнет-крамах. Таму з’яўленне у шырокім продажы арганічнага соку беларускай вытворчасці прыцягнула нашую ўвагу. Агледзеўшы ўпакоўку з бярозавым сокам з усіх бакоў, якога-небудзь сертыфікацыйнага знаку мы не знайшлі. “100% арганічны прадукт, які лёгка засвойваецца на клеткавым узроўні” – гэты надпіс на зваротным баку этыкеткі можна лічыць умоўным тлумачэннем арганічнасці прадукту.
“Гэта проста этыкетка. Справа пакупніка, як ставіцца да гэтай інфармацыі!”
На “Старадарожскім плодагароднінавым заводзе”, дзе быў разліты сок, нам пацвердзілі, што даказаць арганічнасць соку наяўнасцю сертыфікацыі прадпрыемства не можа. Дызайн этыкеткі для старадарожскага соку цалкам распрацоўвала “Беларуская цукровая кампанія”:
- Гэта было іх рашэнне, што напісаць на этыкетцы. А далей справа пакупніка, як ставіцца да інфармацыі на ўпакоўцы.
Аднак у будучыні старадарожскі завод плануе выпускаць уласны арганічны сок з сертыфікацыйнай маркіроўкай.
- Гэта будзе сертыфікацыйны арганічны знак стандарта ЕС. Мы запрасілі сертыфікацыйную нямецкую кампанію, якая мае прадстаўніцтва ў Расеі, каб атрымаць біясертыфікат на паўфабрыкат бярозавага соку. Сертыфікацыю плануем атрымаць на сок, збор якога ўжо пачаўся. Гэта дазволіць у будучыні змяшчаць на бутэльку сертыфікацыйны знак і нумар разам з надпісам “арганічны”, - распавялі на прадпрыемстве.
Арганік – гэта добры маркетынгавы ход!
Па меркаванні Любаміра Клепача з “Цэнтра экалагічных рашэнняў”, выкарыстанне надпісу “100% organic” без сертыфікацыйнага знаку можа ўвесці ў зман. Пакупнік, не ведаючы нюансаў арганічнай вытворчасці, больш ахвотна возьме такі сок як экалагічны, хоць гэтая экалагічнасць нічым не пацверджаная.
- Этыкетку з бярозавым сокам “Wood H2O” можна лічыць яскравым прыкладам грынвошынгу, - дадае Любамір. - Паступовае павышаецца цікавасць беларусаў да экалагічнай прадукцыі. Гэты трэнд адчулі і вытворцы. Адсюль усё часцей сустракаюцца прыклады грынвошынгу, калі вытворца знарок пазіцыянуе свой тавар як экалагічны, не маючы для гэтага доказаў. Бо вытворчасць арганічных прадуктаў па правілах арганічнай вытворчасці патрабуе дадатковых рэсурсаў. У выніку большасць зялёных этыкетак з прыпіскамі “біо”, “эка” і “арганік” на беларускіх прадуктах хутчэй вынік добрай працы дызайнераў і маркетолагаў, а не экалагічнай ці арганічнай вытворчасці.
Юрыст ГА “Экадом” Рыгор Фёдараў кажа, што з пункту гледжання беларускага заканадаўства ніякіх прэтэнзій да афармлення этыкеткі ў дадзеным выпадку быць не можа:
- Я не бачу тут нейкага парушэння - звычайны элемент упакоўкі. Калі выказваць гэтаму вытворцу прэтэнзіі, што ён падманвае пакупніка, называючы свой сок арганічным, то ўзнікае пытанне, а што ў Беларусі лічыцца арганічным? У нашым заканадаўстве паняцце “арганічны” адсутнічае. Таму кожны можа трактаваць гэты тэрмін на свой погляд. Атрымліваецца тупік, калі казаць пра нейкія парушэнні правоў спажыўцоў. У Беларусі толькі ў гэтым годзе будуць разглядаць канцэпцыю закона аб арганічнай вытворчасці. Калі ўсё будзе адбывацца хутка, у наступным годзе будзе падрыхтаваны законапраект. У лепшым выпадку закон з’явіцца ў канцы 2016 або 2017 года. Уступіць у сілу ён можа яшчэ пазней. А пакуль забараніць выкарыстоўваць слова “арганічны” без сертыфікацыі немагчыма. Канешне, у дадзеным выпадку абыгрываецца момант, што нашыя спажыўцы штосьці чулі добрае пра арганічныя прадукты, яны могуць больш ахвотна купляць прадукты з такім надпісам. Можа, гэта і не вельмі добрасумленна, але не супярэчыць ніякім нормам беларускага заканадаўства.
Ёсць арганічны сертыфікат – сок даражэй.
Да слова, сертыфікаваны арганічны бярозавы сок у Беларусі ўсё ж знайсці можна. Інтэрнет-крама “ЭкаЕжа” нядаўна прапанавала да продажу бярозавы сок “Мінскага заводу безалкагольных напояў”. Бярозавік мае арганічную маркіроўку амерыканскай сертыфікацыі і выпускаецца выключна на экспарт у Амерыку і Аўстрыю. Для ўнутранага спажывання мінскі завод выпускае звычайны сок без арганічнай маркіроўкі. “ЭкаЕжа” прывезла арганічны напой у Беларусь з выставы біяпрадуктаў у Германіі.
Наўрад ці беларусы будуць гатовыя плаціць у два разы даражэй за арганічны бярозавік, маючы магчымасць нарыхтаваць сок самастойна. Аднак на іншыя катэгорыі арганічных прадуктаў харчавання попыт сярод беларусаў паступова расце. Людзі актыўна цікавяцца здаровым харчаваннем, экалагічна чыстым у тым ліку. І маркетолагі стараюцца актыўна выкарыстоўваць гэты інтарэс. Ва ўмовах адсутнасці нацыянальнага арганічнага заканадаўства беларусы самі мусяць пільнаваць, які тавар пад выглядам арганічнага ці экалагічнага спрабуе ім прадаць вытворца. Іначай давядзецца аддаць большую суму не за чыстую прадукцыю, а за добрую працу маркетолагаў.
Даведка Тэрмін "грынвошынг" паўстаў з камбінацыі ангельскіх слоў зялёныя ці зялёны, экалагічны і адбельванне рэпутацыі, г.зн. літаральна - «зялёнае адмыванне». Ён быў прапанаваны Джэем Вестервельдом (Jay Westerveld) у 1986 г. ў дачыненні да гатэляў. У той час у нумарах сталі з'яўляцца таблічкі, якія заклікалі пастаяльцаў, клапаціцца аб навакольным асяроддзі, адмовіцца ад замены ручнікоў і пасцельнай бялізны на усім працягу знаходжання ў гатэлі. Аднак у большасці выпадкаў дадзеная практыка не мае нічога агульнага з экалагічнасцю, а служыць інструментам скарачэння выдаткаў гатэля. Грынвошынг звычайна асацыююць з рэкламай і PR, заснаванымі на дэманстрацыі экалагічнасці, а не на рэальнай дзейнасці. Так паўстала больш нефармальнае вызначэнне грынвошынга - кампанія марнуе шмат часу і грошай на тое, каб паказаць праз маркетынгавыя камунікацыі, што яна экалагічная, замест таго, каб ўкараняць рэальныя экалагічныя практыкі для зніжэння негатыўнага ўплыву кампаніі на навакольнае асяроддзе.
Арганічная прадукцыя і арганічныя прадукты - гэта тыя прадукты, якія не ўтрымліваюць генетычна мадыфікаваных арганізмаў (ГМА), ГМ прадуктаў і іх вытворных. Яны таксама не ўтрымліваюць хімічна сінтэзаваных кансервантаў, фарбавальнікаў, араматызатараў, стабілізатараў і загушчальнікаў. Вырабляюцца без выкарыстання шкодных тэхналогій ды не не ўтрымліваюць сыравіны сельскагаспадарчага паходжання, вырашчанага з выкарыстаннем пестыцыдаў, хімічных угнаенняў і іншай аграхіміі, гармонаў і стымулятараў росту.