У канцы студзеня ў парыжскім Луўры дзве экаактывісткі вылілі суп на шкло, якое абараняе вядомую карціну Леанарда Да Вінчы «Мона Ліза», і пракрычалі: «Што важней – захаванне мастацтва або права на здаровае і экалагічна чыстае харчаванне?»
Гэта ўжо не першы выпадак падобных акцый. Магчыма, шмат хто памятае інцыдэнт з карцінай «Сланечнікі» Вінцэнта ван Гога, якую напаткаў такі ж лёс у 2022 годзе.
Гучныя перформансы, несумненна, прыцягнулі ўвагу грамадства, але ці не згубіўся іхні пасыл за патокам крытыкі? І наколькі этычныя такія метады?
Гэтым пытанням беларускія эколагі прысвяцілі дыскусію пад назвай «Межы экалагічнага актывізму: ці нармальна паліваць Джаконду супам?» У ёй прынялі ўдзел мастацтвазнаўца і куратар Сафія Садоўская, а таксама экалагіня Марыя Сума.
Мастацтва vs Экалогія
«Што вы адчуваеце, калі бачыце, як на вашых вачах руйнуецца нешта прыгожае і неацэннае? Вы абураныя? Добра. Дзе гэта пачуццё, калі вы бачыце, як руйнуецца ваша планета?» – такое пытанне задалі на адной з акцый экаактывісты.
Праблема глабальнай змены клімату з’яўляецца на дадзены момант крытычнай. Кліматычныя змены прыводзяць да засухі, паводак, голаду і іншых катастрафічных наступстваў.
«Калі мы не прымем меры, то мастацтва можа стаць непатрэбным на мёртвай планеце. Гэта адно з паведамленняў, якія перадаюць актывісты. Сапраўды, калі мы не бачым таго, што ўжо адбываецца і што можа адбыцца праз змены клімату, гэта не азначае, што гэта не адбываецца», – кажа мастацтвазнаўца Сафія Садоўская.
На яе думку, кожны, уключаючы навуковых супрацоўнікаў музеяў, куратараў і дырэктароў, павінен прыняць актыўны ўдзел у вырашэнні гэтай праблемы, каб забяспечыць захаванне музеяў як культурных цэнтраў.
Хацелася бы, каб людзі ўбачылі ў гэтых акцыях не толькі разбурэнне мастацтва, але і магчымасць інфармаваць грамадскасць аб праблемах, з якімі мы сутыкаемся. Наведваючы музеі, людзі атрымліваюць асалоду ад мастацтва, але забываюць аб глабальных праблемах, заключае спікерка.
Сафія Садоўская адзначае, што коранем праблемы зʼяўляюцца не экаактывісты, а хутчэй дзеянні нафтавых кампаній і бягучая палітычная абстаноўка, над якімі людзі не заўсёды маюць поўны кантроль для ўнясення змяненняў, неабходных для прыпынення глабальнага пацяплення.
Было б выдатна, адзначае спікерка, калі музеі перасталі б быць «ізаляванымі могілкамі мастацтва», пазбаўленымі палітычнай актуальнасці, якая жывая і дзейнічае ў сучасным грамадстве.
Чаму экaактывісты выбіраюць радыкальныя меры?
Гэтае пытанне стала адным з цэнтральных у дыскусіі. Пытанні змены клімату і экалагічныя выклікі, на жаль, атрымліваюць недастатковае асвятленне ў СМІ. Таму актывісты шукаюць новыя спосабы, каб прыцягнуць увагу да праблемы.
Вядома, грамадскасць абурылі падобныя перформансы, многія прыраўнялі іх да актаў вандалізму. Аднак спікерка Сафія Садоўская задаецца пытаннем: хто на самай справе пацярпеў ад іх? Бо ўсе карціны былі абароненыя шклом, толькі ў адным з выпадкаў пацярпела рамка, за што актывісты атрымалі высокія штрафы і нават зняволенне.
Гэта падымае пытанне аб справядлівасці: на адной шалі – карціны і пачуцці аматараў мастацтва, на другой – патрабаванні актывістаў па ахове навакольнага асяроддзя і барацьбе са зменай клімату. На думку спікеркі, дыспрапорцыя тут відавочная.
Другі важны аспект, вынесены на абмеркаванне – рэпутацыя экалагічных актывістаў. Шматлікія крытыкі лічаць, што падобныя акцыі надаюць актывістам радыкальнае аблічча і адштурхваюць грамадскасць ад вырашэння праблем экалогіі.
Узнікае пытанне: чаму маладыя людзі не знаходзяць іншых платформаў для выказвання сваіх поглядаў? Чаму кліматычныя канферэнцыі страцілі сваю эфектыўнасць, і актывісты вымушаныя шукаць альтэрнатыўныя метады прыцягнення ўвагі да праблемы? На думку Сафіі Садоўскай, замест таго, каб крытыкаваць асобных актывістаў, варта звярнуць увагу на карані праблемы, якія падахвочваюць іх да выкарыстання радыкальных метадаў.
Таксама на дыскусіі адзначылі, што актывісты праводзілі і больш інтэлектуальныя перформансы: напрыклад, ставілі рамку, якая відазмяняе карціну так, быццам кліматычная катастрофа ўжо адбылася. Аднак гэтая акцыя не прыцягнула да сябе столькі ўвагі.
Чаму менавіта музеі?
Некаторыя ўдзельнікі дыскусіі адзначылі, што такія акцыі, як абліванне карцін супам, сапраўды агрэсіўныя і выклікаюць негатыўную эмацыйную рэакцыю. Для назіральніка можа быць невідавочна, як гэта звязана з экаактывізмам і чаму менавіта музей выступае пляцоўкай для падобных перформансаў.
Спікеры падкрэсліваюць, што музеі адыгрываюць важную ролю ў захаванні і папулярызацыі мастацтва, а таксама ў адукацыі і культурным узбагачэнні грамадства. Аднак у сучасным свеце музеі не могуць заставацца ўбаку ад абмеркавання экалагічных праблем. Часам музеі атрымліваюць фінансаванне ад нафтавых кампаній і іншых прамысловых гігантаў, што выклікае этычныя дэбаты ў музейнай супольнасці.
Кампаніі могуць выкарыстоўваць свае ахвяраванні для падтрымання сваёй рэпутацыі, нягледзячы на сваё шкоднае ўздзеянне на экалогію. Музейныя інстытуцыі, у сваю чаргу, часта абмяжоўваюцца заявамі або ўстрымліваюцца ад каментароў з гэтай нагоды.
Марыя Сума адзначае, што рэакцыя музеяў на акцыі актывістаў неадназначная. Многія музеі аддаюць перавагу заставацца нейтральнымі, не заяўляючы відавочна сваю пазіцыю з нагоды акцый. Тым не менш, некаторыя музейныя інстытуцыі актыўна ўступаюць у дыялог з актывістамі і грамадствам, арганізуючы мерапрыемствы і выставы на экалагічныя тэмы або пераглядаючы свае палітыкі фінансавання.
Марыя таксама падкрэслівае, што музеі часта выступаюць як пляцоўкі для абмеркавання ідэй экалагічнай адказнасці ў кантэксце культурнай спадчыны. Таму важна, каб усе бакі, уключаючы гледачоў і грамадскасць, прымалі актыўны ўдзел у гэтым дыялозе, выказваючы свае погляды адкрыта і канструктыўна. Толькі так можна знайсці рашэнні, якія ўлічваюць як культурныя, так і экалагічныя аспекты, і спрыяюць ўстойліваму развіццю грамадства.