19.04.2017 / 14:04

Дзе ваўчыцы нараджаюць ваўчанят? Чаму ваўкі любяць рабіць логавішчы пры дарогах? Навошта гэтыя жывёлы шмат разоў пераносяць маленькіх ваўчанят? Чарговы рэпартаж «Дзікая прырода з Вадзімам Сідаровічам» на TUT.by. Гэтым разам вучоны распавядае пра шэрых драпежнікаў.

Калі ваўчыцы нараджаюць ваўчанят

Ваўкі ў любы час года дбаюць, каб не трапіць на людскія вочы. Жорсткі чалавечы пераслед ваўкоў ажыццяўляўся ледзь не тысячагоддзе, і ў першую чаргу на логавішчах. Раней людзі шмат вышуквалі ваўчанят і забівалі іх — каб вынішчыць гэтага, як ім уяўлялася, надта шкоднага драпежніка. У Вялікім княстве Літоўскім сярод лясных службоўцаў існавалі асочнікі, якія высочвалі паляўнічыя гатункі жывёл, вышуквалі воўчыя кодлы. Ваўчанят забівалі.

Цікава, што ў беларускай мове нават маюцца спецыяльныя словы для пазначэння воўчай маткі — вайдэра, і воўчага бацькі — басер. Гэта адлюстроўвае гістарычную істотнасць дачынення людзей да ваўкоў і іх размнажэння на нашай зямлі.

Аўтар артыкула шмат шукаў воўчыя логавішчы. Але рабіў гэта з мэтай вывучэння экалогіі размнажэння і рэпрадуктыўных паводзін ваўкоў. Цягам апошніх 20 гадоў знайшоў 67 логавішчаў з ваўчанятамі — у асноўным у Налібоцкай і Паазерскай пушчах. Усіх знойдзеных ваўчанят пакідаў у логавішчы жывымі. Не пазней першай ночы бацькі вярталіся і пераносілі іх у іншае месца.

Звычайна ў Беларусі цяжарныя (яшчэ кажуць — грубыя) ваўчыцы шчэняцца ў перыяд з канца красавіка і да канца траўня. 

Два воўчыя вывадкі з трох нараджаюцца да 10 мая. Разам з гэтым прыблізна кожны дзясяты вывадак нараджаецца даволі позна — каля 20 мая. Ёсць дакладныя факты, што ў гэты больш позні перыяд шчэняцца самкі ненармальна ранняй палаваспеласці (напрыканцы першага года жыцця) або першародкі двух гадоў. Ва ўмовах цёплых зім апошняга дзесяцігоддзя некаторыя ваўчыцы шчэняцца ў незвычайна раннія тэрміны — у сакавіку, а то і раней. Нават мінулай зімою ў Налібоцкай пушчы цяжка грубая ваўчыца была зафільмавана напрыканцы лістапада, а ваўчылася яна пад канец года.

 

Лепшае месца для логавішчаў. Чаму дарогі не палохаюць ваўкоў

У Беларусі ваўкі выбіраюць разнастайныя месцы для логавішчаў. Першае — гэта гушчары са шматлікімі паваленымі ветрам дрэвамі, вывернутымі з глебы каранямі, асабліва вялікія елкі. Другое — густая расліннасць на высечках, дзе шмат наваленых рэшткаў драўніны або нават маюцца складніцы незабранай і напаўспарахнелай драўніны. Трэцяе — закінутыя і зарастаючыя торфараспрацоўкі з валамі торфу. Чацвёртае — пяшчаныя выдзьмы, парослыя хваёвым рэдкалессем з невялікімі адкрытымі дзялянкамі, што абавязкова мяжуе з багенным хвойнікам, які пад полагам мае густыя зараснікі багуна і дурніцы.

Шырокія галявіны з сухадольнымі лугамі або нізіннымі травянымі багнамі сярод лесу (напрыклад, раней асушаныя, але цяпер закінутыя землі) — такое месца, асабліва пры вышыні травастану каля 40 см і вышэй, ваўкі таксама могуць выбіраць для логавішчнага асяроддзя. Ваўчаняты могуць знаходзіцца ў любым месцы такога прыдатнага травастану.

Блізкасць грунтовай дарогі, якая нават штодня выкарыстоўваецца людзьмі, не палохае воўчую радзіну, калі луг даволі шырокі, а травастан даволі высокі. Нярэдка ваўкі капаюць норы ў берагавым адхоне асушальнага канала або на невялікім пяшчаным узвышэнні. Акрамя таго, логавішча сярод шырокай травяной галявіны ў лясным масіве добра наступным: параўнальна мала званцоў і іншай заедзі, бо ветрык; поўны аглядны кантроль наваколля, і небяспеку можна вызначыць своечасова; высокая трава дае добрую схованку ваўчанятам і нават бацькоўскім ваўкам. Калі надвор’е дужа дажджлівае, то ваўчанят часова могуць уладкаваць у больш сухіх варунках недзе паблізу ў лесе. Калі там не турбуюць, ваўкі са сваім вывадкам могуць знаходзіцца там аж да сярэдзіны кастрычніка.

У Беларусі цяжка знайсці такое месца, дзе б непадалёк не было б вады, каб папіць ваўку. Але бацькоўскія ваўкі нярэдка нават пазбягаюць размяшчаць логавішча паблізу вадаёма, бо там часта знаходзяцца дзікія капытныя — нямалая пагроза для ваўчанят. Мы знаходзілі парэшткі ваўчанят, з’едзеных дзікамі, а таксама затаптаных ласямі ды аленямі.

Мінулым летам у Налібоцкай пушчы адзін вывадак ваўкоў быў ледзь не дазвання вынішчаны статкам зуброў, якія тапталі і тапталі ваўчанят, што былі часова пакінуты бацькамі ў сукрытым асяроддзі травяной багенцы.

Звычайна ваўкі гняздуюцца недалёка ад асноўнай дарогі, што пралягае на тэрыторыі, абранай для логавішчнай. Бацькоўскім ваўкам неабходна ведаць, калі людзі з’яўляюцца ў іх логавішчнай дзялянцы, чым займаюцца, адсочваць і прыкмечваць з логавішча або непадалёк ад яго. Таксама вельмі зручна бацькам адыходзіць ад логавішча па такой дарозе на здабычу ежы і хутка па ёй вяртацца. Акрамя таго, тэрытарыяльная знакоўка бацькоўскімі ваўкамі менавіта пры дарозе лёгка выяўляецца іншымі прышлымі ваўкамі. Пры гэтым найбольш верагодна, што менавіта па дарозе воўк-чужынец можа наблізіцца да логавішчнай дзялянкі, бо ваўкі схільны да перасоўвання менавіта па дарогах. Такая дарога паблізу логавішча часцей за ўсё можа быць даволі малой, весці ў даволі глухое месца і можа параўнальна рэдка ўжывацца людзьмі, але з’яўляецца асноўнай у абранай логавішчнай дзялянцы. Даволі часта знойдзеныя мною ваўчаняты знаходзіліся ўсяго толькі ў 0,4−0,7 км ад бліжэйшай нейкай дарогі.

Навошта ваўкі-бацькі пераносяць малых ваўчанят з аднаго логавішча ў другое

Логавішча ваўкоў — гэта нават не асобнае логавішча, а логавішчныя дзялянкі. Там звычайна маецца шмат логавішчаў — у маёй практыцы да 84. Адзінае логавішча існуе ад некалькіх гадзін пасля нараджэння ваўчанят і магчыма ўсяго толькі цягам некалькіх сутак. Пасля бацькі ўвесь час пераносяць ваўчанят з аднаго месца на іншае. Нагодай для гэтага часцей за ўсё з’яўляецца навала званцоў або тое, што ў логавішчы стала занадта вільготна з-за дажджлівага надвор’я. Нават калі званцы амаль адсутнічаюць і надвор’е сухое, усё роўна бацькі пераносяць ваўчанят, хоць і радзей. Падаецца, што бацькоў апаноўвае неспакой, што нешта з логавішчам не так. Калі перасоўванне логавішча не звязана з турботай з боку чалавека, то дыстанцыя перамяшчэння часцей невялікая — ад 3 метраў да 1,2 кіламетра, больш звычайна толькі 10−20 метраў.

Ваўчанят у логвішчы можа быць ад аднаго да адзінаццаці, але часцей за ўсё ад пяці да сямі. Калі занадта вялікі вывадак, то бацькоўскія ваўкі, здараецца, калі пераносяць дзяцей на новае логавішча, пакідаюць у старым некалькіх ваўчанят паміраць. Чым большы вывадак, тым менш шанцы пэўнага ваўчаня выжыць. Воўчая матка неадлучна пры логавішчы толькі першыя некалькі сутак (звычайна 3−6 сутак) пасля родаў. Ёй трэба дапамагаць басеру ў здабычы ежы, і, упэўніўшыся, што ваўчаняты крыху ўзмацнелі, яна далучаецца да басера. Нават калі вайдэра пры логавішчы, то, пакарміўшы ваўчанят сваім малаком, яна трымаецца на пэўнай дыстанцыі, бо яны смокчуць саскі ўвесь час і да болю іх раздражняюць. Таму звычайна пры логавішчы можна бачыць шэраг матчыных лёжак.

Два асноўных тыпы ўладкавання воўчага логавішча: у выглядзе адкрытага гнязда — лежні з вялікім ці меншым паглыбленнем, а таксама ў выглядзе гнездавой нары. Параўнальна глыбокая логавішчная ямка не дае ваўчанятам распаўзацца, малым цяплей, а логавішча павольней намакае пад дажджом. Некаторыя бацькоўскія ваўкі зусім не робяць гэтакіх гнездавых ямак, а падрыхтоўваюць даволі шырокія лежні нават у самым пачатку ўтрымання вывадка. Звычайна гэта назіраецца ў месцах з вельмі ахоўным асяроддзем (напрыклад — у лясным бураломе). Даволі часта з намерам месціць вывадак бацькоўскія ваўкі пашыраюць атворы ў барсучыныя або лісіныя норы, радзей у бабровыя. Такая прыстасаваная ваўкамі нара цягнецца на 0,4−5,2 метра і сканчаецца вывадкавай камерай у выглядзе круглявага пашырэння. Дыяметр самаго атвору ў нару складае 35−40 см. Ад вывадкавай камеры далей цягнецца больш вузкая нара (раней — лісіная або барсучыная), і пры неабходнасці ваўчаняты могуць хавацца менавіта там. Даволі часта на пясках або тарфах ваўкі на размнажэнні капаюць свае, цалкам уласныя норы даўжынёю да 3 метраў і з вывадкавай камерай.

Усе бацькоўскія ваўкі робяць вялікія або меншыя логавішчы — лежні, але не ўсе з іх капаюць норы. Адны ваўкі на размнажэнні вырабляюць шмат нор, тады як іншыя толькі крыху пашыраюць атворы некаторых барсучыных і лісіных нор. Часцяком бацькоўскія ваўкі рыюць даволі шмат нор, але зусім не месцяць ў іх ваўчанят у маі і першай палове чэрвеня, і толькі пазней, з канца чэрвеня і да верасня, гэтыя норы будуць імі выкарыстоўвацца, асабліва пры дажджлівым надвор'і або пры моцнай заедзі.

 

Як у гульні выпрацоўваецца воўчы спрыт

Цікава, што ваўчанятам на логавішча бацькі прыносяць розныя цацкі, як тое бляшанкі ад кансерваў, пластыкавыя бутэлькі, невялікія ласіныя рогі, нейкія косткі, часткі гумовых ботаў… Ваўчаняты шмат гуляюць з гэтымі цацкамі, адбіраючы адзін у аднаго. Так выпрацоўваецца воўчы спрыт і набываецца моц.

Асобна жыве воўчая радзіна, што складаецца з бацькоўскіх ваўкоў і іхніх сёлетніх ваўчанят, да верасня. Звычайна не менш за палову ваўчанят да верасня гіне. Шмат іх забіваюць дзікія капытныя і асабліва рысі. Немала ваўчанят забіваецца лісамі і янотападобнымі сабакамі, таму бацькоўскія ваўкі дбаюць, каб пазбавіцца ад усіх лісаў і янотападобных сабак вакол іхняга логавішча. Гінуць ваўчаняты і ад шматлікіх хвароб, напрыклад, што разносяцца кляшчамі.

Нарэшце, ранняй восенню да такой воўчай радзіны могуць далучацца ваўчаняты мінулага біялагічнага года (калі яны выжылі), і такім чынам утвараецца паўнавартасная воўчая ватага. Далей ваўчанят трэба вучыць, як выжываць, хаваючыся ад чалавека і здабываючы ежу.

Вадзім Сідаровіч — 30 гадоў у заалагічнай справе, доктар біялагічных навук, прафесар. Вучоны мае сядзібу ў Налібоцкай пушчы, дзе праводзіць свае даследаванні ваўкоў ды іншых жывёл. Фотаапарат і фотапасткі дазваляюць яму сфатаграфаваць тое, што далёка не кожны зможа пабачыць у жыцці.

Источник:
Фотограф:
Вадзім Сідаровіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость