19.04.2018 / 12:04

Што такога ўнікальнага для захавання чысціні гарадскога асяроддзя прыдумалі ўкраінцы? З’ездзілі ў Оршу і распавядаем, як зрабіць прыборкі максімальна карыснымі.

Актыўныя аршанцы з розных гарадскіх ініцыятываў абмеркавалі праблему забруджвання прыгарадных лясоў і выпрацавалі стратэгію, якая дапаможа зрабіць родны горад больш чыстым. Зладзіла дыскусію моладзевае грамадскае аб’яднанне «Звяз».

 

Ад прыборак – да фестываля

– У Чарнігаве я бываю даволі часта, – расказваў старшыня «Звяза» Ігар Казмерчак. – Калі я там быў праз год пасля Аранжавай рэвалюцыі, горад падаўся мне не проста брудным, а неверагодна брудным. Прайшоў нейкі час, я паехаў у Чарнігаў ужо пасля Рэвалюцыі годнасці, і быў прыемна здзіўлены зменамі. Тады ж я пазнаёміўся з прадстаўнікамі ініцыятывы «Еко Місто». І яны, як мне здаецца, вельмі паспяхова працуюць.

«Привіт сусід» – фестываль, у які перараслі рэгулярныя прыборкі ў гарадскіх парках, якія ладзіць «Еко Місто». І абмеркаванне пачалося з прагляду роліка, прысвечанага гэтаму фестывалю.

– Мы працуем не кепска, кожны год робім прыборкі прыгарадных лясоў, – разважаў Ігар Казмерчак. – Але яны не дасягаюць сваёй мэты: мы прыбіраем, але лясы кожную вясну такія ж брудныя. Праводзіць прыборкі і дзяржава, – той жа вынік. Значыць, і мы, і яны робім нешта не тое.

Аршанцы вырашылі прааналізаваць украінскі вопыт, каб знайсці слабыя месцы ў арганізацыі працы, якія не дазваляюць дасягнуць такіх жа вынікаў, што дасягнулі валанцёры суседняй краіны.

Віцебскі Зялёны партал скарыстаў фатаздымкі групы «Еко Місто» з «ВКонтакте» і паўтарыў гэты аналіз для нашых чытачоў. Магчыма, паспяховы вопыт мог бы стаць прыдатным і для іншых гарадоў і мястэчак Беларусі.

Каб прыбіраць і не смеціць стала модным

З уласнага вопыту ўдзельнікі дыскусіі зрабілі дзве высновы. Па-першае, той, хто хоць аднойчы прыбіраў сам, смеціць ужо не будзе. Па-другое, у добра прыбраным лесе або парку, які мае дастаткова сметніц, захаваць чысціню лягчэй, нават калі туды прыходзяць кампаніі выпівох.

І тут зноў прыдаўся ўкраінскі вопыт. Актывісты ініцыятывы «Еко Місто» вырабляюць экалагічныя сметніцы, якія ставяць у прыгарадным лесе не баючыся, што ягоным насельнікам можа пашкодзіць металічная канструкцыя. Каркас сметніцы ў форме драўлянага прамакутніка робіць сталяр, на яго замацоўваецца вялікі пакет для смецця. Адзіны неэкалагічны элемент канструкцыі пры напаўненні можна лёгка мяняць.

Яшчэ адзін вялікі клопат аршанцаў – гарадскі палігон, на які вывозяць несартыраванае смецце.

– У нас ёсць сапраўдная бомба – сметнік, на які штодзень вязуць смецце, яго ніхто не сарціруе, проста прывозіць машына, а трактар топча, – гаварыў стараста вёскі Стаўры Ігар Грышанаў. – Уявіце, 200 – 220 тон смецця штодня. Таму з усіх прапанаваных ідэй мне больш за ўсё падабаецца ідэя раздельнага збору ў час прыборак. Канечне, гэта кропля ў моры, але мы зможам паказаць людзям, што сітуацыю змяніць можна.

 

Пабудаваць сістэмы і наладзіць працу з насельніцтвам

Гэта – дзве галоўныя прынцыповыя лініі, якіх вырашылі прытрымлівацца ў надыходзячым сезоне грамадскія актывісты.

Сёлета давесці рэгулярнасць прыборак да адной на тыдзень, так, як гэта адбываецца ў Чарнігаве, удзельнікі абмеркавання пакуль не рызыкнулі. Пакуль акцыі будуць адбывацца раз на месяц, у кожную апошнюю суботу. І гэта – не ўлічваючы сітуацыйный прыборак напярэдадні гарадскіх мерапрыемстваў ці агульнарэспубліканскіх акцый. Ужо 16 красавіка прайшоў суботнік па-за планам – на месцы масавых растрэлаў на Кабыляцкай гары.

Для падтрымання вызначанай сістэмы ўдзельнікі абмеркавання склалі міжарганізацыйны аргкамітэт. Ён, дарэчы, павінен дапамагчы аб’яднацца і каардынаваць працу розным гарадскім ініцыятывам. А таксама паспрабаваць увесці і ў беларускія акцыі элементы інтэрактыву.

Яшчэ адна праблема, якую актывісты плануюць вырашыць ужо ў гэтым годзе – вывесці на новы ўзровень працу з насельніцтвам. Асабліва з мясцовымі жыхарамі раёнаў, дзе будуць праходзіць акцыі.

– Я не буду гаварыць, што ўсе нашы суботнікі былі арганізаваны няправільна, – падсумаваў Ігар Казмерчак. – Але быў выпадак з прыборкай на Магілёўскай. Улёткі пра акцыю расклеілі ў ноч перад прыборкай. І вынік быў адпаведны: прышлі 2 чалавекі – муж і жонка. Мужчына выводзіў сабаку і заўважыў аб’яву. Патрэбна непасрэдная праца з людзьмі, магчыма можна паспрабаваць, каб улёткі раздавалі дзеці – гэта наша будучыня, дзеля іх працуем. Сацыяльныя сеткі збяруць толькі актывістаў. Што тычыцца мікрараёну, там трэба збіраць людзей нагамі.

Першая прыборка, арганізаваная па новай схеме, пройдзе ў Оршы 28 красавіка. А ці атрымаецца ў грамадскіх актывістаў перайначыць сістэму гарадскіх акцый і зрабіць Оршу сапраўды чыстым горадам, – пакажуць вынікі сезону, які аршанцы плануюць завершыць восенню.

 

Стартуе “Зробім!”

21 красавіка стартуе шосты сезон прыборак "Зробім!". Сезон завершыцца вялікай глабальнай акцыяй 15 версня: у гэты дзень прыбіраць смецце адначасова выйдуць удзельнікі руху з 150 краін.

Ад 21 красавіка валанцёры пачнуць актыўна шукаць смецце ў лесе, не берагах рэк і азёр, месцаў адпачынку і наносіць іх на адмысловую карту ды фармаваць каманды. Далучайцеся!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость