20.05.2024 / 09:05

Некалькі гадоў таму адна брытанская сетка супермаркетаў трапіла ў скандал, выставіўшы на паліцы пачышчаныя мандарыны ў пластыкавай упакоўцы. Адзін з подпісаў да адпаведнага фатаздымка быў такім: «вось бы прырода прадугледзела для мандарынаў натуральную ўпакоўку!»

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Нешта падобнае мне хочацца крычаць, калі я бачу, як азеляняюць гарады ў Беларусі, а менавіта – на газон ставяць кадку, у якой расце дрэва. Саджаць дрэвы проста ў зямлю? Не, не чулі.

Увогуле рабіць у горадзе сапраўдныя зялёныя зоны з разнайстайнымі раслінамі замест стэрыльнага газона і геаграфічна высаджаных кветак? Таксама не чулі.

Не сакрэт, што і Менск, і абласныя беларускія гарады арганізоўваюцца такім чынам, каб яны прыгожа выглядалі з неба. Па-першае, так на іх глядзіць мэтавая аўдыторыя, а менавіта Аляксандр Лукашэнка, па-другое, менавіта так можна забяспечыць славуты беларускі Парадачак.

Гэты Парадачак – ён як рэч у сабе, рытуал і вышэйшая мэта адначасова. Ён мусіць быць ва ўсім і ўсё мусіць быць у ім. Гарады будуюцца не для таго, каб людзям было добра ў іх жыць, – яны становяцца алтарамі, куды выкладваюцца ахвярапрынашэнні Парадачку.

Азеляненне вуліцы ў Гомлі
Азеляненне вуліцы ў Гомлі

Ды нават спецслужбы – як абсалютнае зло – характарызуюцца тым, што пры вобшуках кватэр і офісаў раскідваюць усё навокал. Так яны руйнуюць Парадачак і дадаюць яшчэ больш бедаў у нашыя жыцці.

Але вернемся да дрэваў і азелянення гарадоў. Дрэва ў кадцы, якая стаіць на газоне – гэта сімвал абсалютнай штучнасці горада. У пэўнай ступені, горадабудаўніцтва і ёсць дыялог і ўзаемная барацьба паміж прыродай і культурай (тым, што створана чалавекам), і доўгія гады ідэалам еўрапейскага горада было поўнае падпарадкаванне прыроды.

Мадэрнісцкі архітэктар Ле Карбюзье ў 1925 годзе нават назваў будаўніцтва горада актам чалавека супраць прыроды. Але часы змяняюцца, і цяпер людзі ўсё часцей імкнуцца да таго, каб не вынішчаць прыроду, а суіснаваць з ёй і ствараць цікавыя сімбіозы.

Зялёныя дахі, вертыкальнае азеляненне будынкаў, натуральныя гарадскія паркі – цяпер еўрапейскія гарады імкнуцца да гэтага. Людзі ставяць гатэлі для казурак у сваіх дварах, падтрымліваюць біяразнастайнасць і натуральна стараюцца забыць бетонныя джунглі як страшны сон.

Фота - Elisabeth Niggemeyer з кнігі «Забіты горад»
Фота - Elisabeth Niggemeyer з кнігі «Забіты горад»

Але ў Беларусі зноў свой шлях. Тут прырода павінна ва ўсім падпарадкоўвацца чалавеку. Дрэвам не паложаны добрыя здаровыя карані, як яны, па меркаванні рэжыму Лукашэнкі, не паложаны і нам самім. Ім не даюць замацавацца на адным месцы і стварыць сваю ўласную экасістэму. Іх высаджваюць у кадкі, і гэтыя кадкі можна бясконца перасоўваць па горадзе.

Па сутнасці, гэтыя дрэвы нічым не адрозніваюцца ад білбордаў. Гэта часовая дэкарацыя, якая знаходзіцца ў канкрэтным месцы нейкі перыяд часу, бо так пажадала нейкае чынавецтва.

Экалагічная мэтазгоднасць, шматлікія функцыі якаснага азелянення, пчолы ў гарадскім цэнтры – гэта ўсё, відаць, для нейкіх дурняў. У Беларусі пасярод ідэальна роўнага газона мусіць стаяць ідэальна роўная кадка з ідэальнага памеру дрэвам. Усё мусіць быць пад лінеечку, бо такі Парадак.

Ведаеце, у адным з двароў паміж шматпавярховікамі недалёка ад цэнтру Рыгі шмат гадоў таму ўпала дрэва. Яно нікога не пакалечыла, не падавіла аніякіх машын. Проста ўпала пасярод паляны, дзе шпацыруюць с сабакамі. Яго не сталі прыбіраць, а проста пакінулі, як ёсць, і цяпер з яго расце шмат маленькіх дрэўцаў. Бо калі прыродзе не замінаць, яна абавязкова адаптуецца да новых умоваў.

Зрэшты, з намі гэта адбываецца таксама. Толькі мы адаптуемся нават тады, калі супраць нас ідзе вялікая рэпрэсіўная машына. Мы прыстасоўваемся і змагаемся далей, бо ёсць Парадачак, які мусіць быць зруйнаваны.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость