У сваім пасланні Папа Францыск падкрэсліў, што "клопат аб нашым агульным доме" з'яўляецца маральным абавязкам для хрысціян і мае прывесці да ліквідацыі беднасці і няроўнасці, якія цесна звязаны са змяненнем клімату і няўстойлівым спажываннем прыродных рэсурсаў. Папа Францыск далучыўся да вялікага спісу навукоўцаў, эканамістаў, бізнесменаў, моладзевых і прафсаюзных лідэраў, якія па ўсім свеце кажуць пра важнасць тэрміновых дзеянняў супраць змены клімату і дапамогі бедным краінам у рэалізацыі іх права на ўстойлівае развіццё.
На думку найбуйнейшых экалагічных грамадскіх арганізацый, сярод якіх WWF, Greenpeace і Oxfam, энцыкліка стане важным аргументам для ўсіх тых, хто заклікае адмовіцца ад выкапнёвага паліва ўжо да сярэдзіны стагоддзя і цалкам перайсці на выкарыстанне аднаўляльнай энергіі.
"Мы вітаем гэты крок Каталіцкай Царквы, - каментуе каардынатар таварыства "Зялёная сетка" Яраслаў Бекіш. - Мы спадзяемся, што і каталікі, і ўсе людзі добрай волі ў Беларусі не пакінуць без увагі выхад гэтага гістарычнага дакумента, а яго тэзісы не застануцца толькі словамі. Гэта выдатна, што Каталіцкая Царква, якая дзейнічае і ў развітых краінах, і ў бедных краінах, што найбольш пакутуюць ад глабальнага змянення клімату, абвясціла гэтую праблему прадметам свайго пастырскага клопату. Мы чакаем, што і іншыя канфесіі і рэлігійныя групы, а таксама іх духоўныя лідэры, далучацца да гэтай ініцыятывы. Са свайго боку, мы заяўляем пра гатоўнасць да шырокага супрацоўніцтва з Рымска-каталіцкай Царквой у Беларусі і прапануем сваю дапамогу".
Што такое энцыкліка?
Энцыкліка - гэта адмысловае папскае пасланне, якое мае самы высокі статус у духоўным кіраўніцтве для каталікоў. Ахова навакольнага асяроддзя і змяненне клімату не з'яўляюцца новымі тэмамі для Каталіцкай Царквы і ў цэлым для хрысціянства: пра неабходнасць клопату аб навакольным асяроддзі як "стварэнні Божым" гаворыцца ў Бібліі. Гэтыя пытанні неаднаразова былі закрануты таксама і Янам Паўлам II і Бэнэдыктам XVI, аднак менавіта Папа Францыск ўпершыню ў гісторыі зрабіў ахову навакольнага асяроддзя цэнтральнай тэмай энцыклікі.
Чаму менавіта цяпер?
У снежні гэтага года ў Парыжы адбудзецца канферэнцыя Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, мэтай якой з'яўляецца стварэнне новага міжнароднага пагаднення, якое ў 2020 годзе павінна прыйсці на змену Кіёцкаму пратаколу. Такое пагадненне павінна было быць падрыхтавана яшчэ ў 2009 годзе ў Капенгагене, аднак тады спроба завяршылася правалам.
Папа Рымскі Францыск абраў тэму аховы навакольнага асяроддзя асноўным напрамкам сваёй працы (дарэчы, нават імя для Папы абрана не выпадкова - Францыск Асізскі з'яўляецца Святым заступнікам усіх абаронцаў прыроды) і актыўна ўдзельнічае ў працэсах, звязаных са змяненнем клімату. Папа плануе выступіць перад Кангрэсам ЗША, сярод сябраў якога мноства каталікоў - і разам з тым, "кліматычных скептыкаў", што процідзейнічаюць амбіцыйным планам адміністрацыі Прэзідэнта ЗША па зніжэнні выкідаў парніковых газаў і аказанні дапамогі краінам, што развіваюцца.