Шэсць мастакоў з Беларусі, Украіны і Швецыі на працягу некалькіх тыдняў працавалі з навакольнай прасторай ля Галерэі «Ў» — з бліжэйшай забудовай і супольнасцямі жыхароў. Бадай, найлепшага ў гэтым сэнсе жылога раёна, чым Асмалоўка, нельга знайсці.
Па словах Сафіі Садоўскай, мастацтвазнаўцы і адукатаркі, па выніку атрымалася рэфлексія на тэму таго, як мы, гараджане, успрымаем горад, як прысвойваем яго сабе, як рэалізуем сваё права на гарадскую прастору.
Сама ж Сафія на працягу 5 дзён займалася з асмолаўскімі дзеткамі даследаваннем іх роднага раёна: што ім падабаецца ці не, як там жывецца, і як будуюцца адносіны ўнутры калектыву.
«Я прапанавала дзецям зрабіць свята. І яны самі прыдумалі пластылінавы пікнік, самі намалявалі афішы, расклеілі іх, запрасілі сваіх суседзяў і сяброў, прыцягнулі пледы, зрабілі расцяжку. Гэта выдатны прыклад прысваення сабе свайго месца: я тут жыву і магу зладзіць свята», — распавядае дзяўчына.
І, на самой справе, пікнік атрымаўся камерным і цёплым, хаця не абыйшлося без абмеркавання праблемы магчымага зносу Асмалоўкі.
«Вядома, што дзеткі транслююць бацькоўскую пазіцыю “зносіць не трэба”. Але ў іх ёсць і больш зразумелыя рэчы, з якімі было цікава працаваць, — кажа Сафія. — Калі мы глядзім на Асмалоўку, то поўныя настальгічных перажыванняў, маўляў, прыгожы, мілы раёнчык. А ў дзяцей усё па-іншаму, у іх няма яшчэ гістарычнай памяці, яны ўспрымаюць яго, як свой дом».
І з гэтым пачуццём варта працаваць, уключаць дзяцей у жыццёвырашальныя працэсы для іх раёна, упэўнена куратарка.
Усё пластылінавыя вырабы сталі кампазіцыйнай часткай выставы, адной з інсталяцый, якую можна паглядзець у Галерэі «Ў» (праспект Незалежнасці, 37А) да 23 чэрвеня.
А таксама можна падпісаць петыцыю ў падтрымку Асмалоўкі.