Сярод мноства катэгорый ровараў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца тыя, што маюць стандартныя 26-цалевыя колы. Але маркетолагі розных веласіпедных кампаній не стаяць на месцы і імкнуцца парадаваць веласіпедыстаў сваімі новаўвядзеннямі.
Нядаўна з'явілася новае пакаленне ровараў. Яны атрымалі назву "фатбайкі" - ровары з тоўстымі шынамі. З гарадзенскім прадстаўніком "фатбайкераў", Яўгенам, сустрэўся карэспандэнт "Твайго стылю".
Чым твой ровар розніцца ад усіх іншых гарадскіх?
- Вядома ж, галоўнае адрозненне майго ровара ў тым, што ў яго вельмі вялікія колы. Гэта дае магчымасць праязджаць ў тых месцах, дзе нельга скарыстаць любы іншы ровар. Забяспечваецца гэта павялічаным памерам рамы і нестандартным памерам вiлкi. Мой ровар без праблем пераадольвае пяскі і снег зімой. У звычайных гарадскіх умовах і ў лесе ім лягчэй кіраваць. У той самы час ён мае параўнальна невялікую вагу ў параўнанні (усяго 14,5 кг з педалямі).
Як рэагуюць гараджане на твой ровар?
- Рэакцыя мінакоў неадназначная і вельмі бурная. Большасць людзей, што бачаць мяне на гэтым ровары, дзівяцца і не зусім разумеюць на чым я еду. Яны захоплена кажуць адзін аднаму: "Воу, глядзі якія колы!". А некаторыя зазначаюць: "Глядзі, колы ад матацыкла". Многія дзяўчаты палохаюцца, калі я праязджаю міма, бо з нагоды вялікай шырыні покрыўкі і досыць грубага пратэктара, язда на гэтым ровары дастаткова шумная. Многія просяць пракаціцца альбо сфатаграфаваць яго.
Твой ровар з'яўляецца прафесійным ці ўсё ж такі аматарскім?
- Наогул прафесійны ровар ад аматарскага адрозніваецца тым, якое абсталяванне на ім стаiць. У мяне не самая дарагая мадэль, але і аматарскім назваць яго нельга. Ён падыходзіць пад вызначэнне "паўпрафесійны". Але пры некаторым апгрэйдзе і жаданні яго можна давесці да прафесійнага ўзроўню.
Ці шмат такіх ровараў у Гродне?
- У горадзе ўсяго чатыры такіх ровары, разам з маім. Але ў такой размалёўцы, як у мяне, толькі адзін. Ну а ездзяць на іх напэўна тыя людзі, што не баяцца выглядаць "белымі варонамі". Наогул я купіў менавіта гэты ровар, каб ездзіць зімой, але, як аказалася, на ім весела катаецца і летам.
У колькі абыйдзецца гарадзенцу такі ровар?
У нас такіх ровараў не прадаюць, я не бачыў. Каштуе ён больш за 1000 даляраў, але менш 2000. Я набываў свой "фатбайк" пад замову ў Польшчы.