19.08.2016 / 20:08

Вось ужо 6 гадоў, як за Стакгольмам замацавалася званне «зялёнай» сталіцы Еўропы. З моманту атрымання ў 2010 годзе гэтага ганаровага статуса па сённяшні дзень ён не толькі годна падтрымлівае брэнд, але і імкліва развівае новыя накірункі, якія дазваляюць укараніць экалагічыя падыходы ва ўсіх аспектах гарадскога жыцця. Прычым з 2014 года, калі шведская партыя «Зялёныя», аб’яднаўшыся з сацыял-дэмакратамі і левымі, атрымала абсалютную большасць месцаў у парламенце краіны, «зялёныя» ініцыятывы афіцыйна сыходзяць «зверху». Актыўна такую палітыку падтрымліваюць жыхары. Згодна сацыялагічнаму апытанню, 92% стакгольмцаў з імпэтам успрымаюць разнастайныя экапраекты. Карэспандэнт Зялёнага партала сустрэлася з віцэ-мэрам Стакгольма Катарынай Лур, якая распавяла, як праходзіла азеляненне сталіцы і якія яшчэ экалагічныя задумкі ёсць у скарбонцы шведскага ўраду.

Крокі да абсалютна чыстага мегаполіса

Вядома, што пасля таго, як горад назвалі першай «зялёнай» сталіцай Еўропы, гэта значна паўплывала на палітычнае жыццё краіны. Большасць партый усвядомілі, якія перавагі цяпер ёсць у іх руках, бо мець «зялёны» статус — не толькі прэстыжна, але і эканамічна выгодна.

«Нават партыі, што да гэтага моманту не асабліва цікавіліся пытаннямі экалогіі, напрыклад кансерватары, атрымалі неблагі імпульс. І гэта дазволіла зрабіць экалагічныя пытанні ключавымі, унесці іх ва ўсе галіны жыццядзейнасці сталіцы: горадабудаўніцтва, транспарту і іншыя», — сцвярджае Катарына.

Усе мэты, якія ставіць Стакгольм сёння, выцякаюць з палітычных рашэнняў, але з дакладным разлікам затрачаных рэсурсаў і карысці. Па словах Катарыны Лур, ні адзін жыхар сталіцы не пагадзіцца выплочваць высокія падаткі, калі не будзе разумець, на якія справы пойдуць яго грошы і што ў будучым ён будзе з гэтага мець.

  • Некалькі месяцаў таму была прынятая новая экалагічная праграма для Стакгольма, якая ўключае ў сябе наступныя накірункі: клімат, прымяненне хімікатаў, зялёныя зоны горада, транспарт, перапрацоўка адходаў і устойлівыя крыніцы энергетыкі.

Здавалася б, больш «зялёнымі» стаць ўжо немагчыма, але пытанні далейшай экалагізацыі з'яўляюцца вельмі важнымі для шведскай сталіцы.

Урад не плануе спыняцца на дасягнутым і паставіў перад горадам глабальную мэту — да 2040 года стаць абсалютна чыстым мегаполісам, у сістэме абагравання якога не будзе выкарыстоўваецца ні вугаль, ні газ, дзе цалкам будуць адсутнічаць шкодныя выкіды і адходы.

Вядома, што такая глабальная мэта не можа быць дасягнутая без невялікіх прамежкавых падмэт. Так, ужо запланаваныя спецыяльныя кампаніі: па «ачыстцы» транспартнай сістэмы (да 2030 года), па скарачэнню выкідаў вуглякіслага газу з 3 тон на чалавека да 2,3 тоны (да 2020 года) і наладжванню сістэмы збору харчовых адходаў у 70% насельніцтва горада для вытворчасці біягазу (да 2020 года).

 

Абаграванне без кліматычных наступстваў

«Ключавое значэнне ў дасягненні нашай вялікай мэты мае сістэма абагравання. 80% жылых памяшканняў — кватэр і дамоў — сёння забяспечваюцца цяплом з цэнтральнай сістэмы. Працэс гэты ажыццяўляецца праз спальванне адходаў на спецыяльных станцыях. Яшчэ мы выкарыстоўваем костачкі маслін, у якасці біямасы», — зазначае Катарына.

Аднак пакуль у Стакгольме функцыянуе цеплавая электрастанцыя, якая працуе на вуглі. Якраз яна і з'яўляецца самым буйным забруджвальнікам і крыніцай вуглякіслага газу. У хуткім часе яе плануюць закрываць. Замест будзе выкарыстоўвацца станцыя, што працуе на адходах дрэваперапрацоўкі.

З улікам таго, што шведская сталіца пастаянна разрастаецца, вядома, што ў будучым гораду будуць неабходныя новыя крыніцы энергетыкі. Таму ўжо сёння многія жылыя кварталы маюць так званую сістэму адкрытага раёнага цеплазабеспячэння. Калі ўсе крамы, установы грамадскага харчавання здаюць свае адходы, за кошт якіх адбываецца абаграванне дадзенага ўчастка горада.

 

Бар'еры для аўтамабілістаў і біягаз з харчовых адходаў для транспарту

Транспарт з'яўляецца не менш важным складальнікам на шляху да найчысцейшага мегаполіса. На жаль, сёння большасьць аўтамабіляў усё ж выкарыстоўваюць у якасці паліва бензін і дызель.

«Каб разгрузіць горад ад легкавых аўтамабіляў, мы стараемся наблізіць грамадскі транспарт да жыхароў: падоўжваем лініі метро і аўтобусныя маршруты. Акрамя гэтага, прыкладаем усе намаганні дзеля стварэння зручнай веласіпеднай інфраструктуры і перамяшчэння людзей пешшу. У той жа час узводзім бар'еры для аўтамабілістаў, уводзячы кошт за ўезд у горад і выезд з яго, тарыфныя ўчасткі вакол сталіцы і вельмі дарагую сістэму парковак», — распавядае Катарына Лур.

Такім чынам, ва ўрадзе спадзяюцца, што гэта дазволіць скараціць выкарыстанне ўласнага аўтатранспарту, што не толькі станоўча адаб'ецца на ўзроўні выкідаў, але і ў цэлым на гарадскім трафіку. Пры гэтым улады не забываюць, што грамадскі транспарт павінны стаць максімальна зручным і прывабным для людзей. Менавіта таму вялікая ўвага надаецца не толькі развіццю транспартнай сістэмы і яе даступнасці, але і пытанню яе «азелянення». Невыпадкова, што аўтобусы Стакгольма цалкам пераведзеныя на этанол і біягаз. З часам таксама павялічыцца пакуль невялікі парк электрабасаў. У сваю чаргу гарадское метро сілкуецца выключна з «зялёных» крыніц энергетыкі, што яшчэ і стымулюе гэтую галіну.

«У падтрыманні сістэмы вялікую ролю адыгрывае біягаз, якія вырабляецца з харчовых адходаў у межах горада. Самі ж адходы плануецца збіраць у насельніцтва, што фактычна ўжо робіцца, але пакуль гэты працэс не носіць абавязковага характару», — заўважае віцэ-мэр.

На сёння ажыццяўляецца збор харчовых адходаў у 16% насельніцтва. Да 2020 года ў планах ураду павялічыць гэту лічбу да 70%.

Зараз у Стакгольме функцыянуе адна ачыстная станцыя па перапрацоўцы харчовых адходаў у біягаз. У будучым, пры павілічэнні аб'ёмаў сыравіны, павінна ўзнікнуць яшчэ адна падобная станцыя.

Пры гэтым, каб стымуляваць сартыроўку адходаў на яшчэ адну катэгорыю — харчовую, яна была выключына з тарыфнага плану па вывазу смецця для тых, хто ўжо пагадзіўся гэта рабіць. Выдаткі пакрываюць жыхары Стакгольма, што не адбіраюць асобна харчовыя рэшткі ад агульнага смецця.

 

Энергетычна незалежны кароль

Акрамя гэтага, пэўная стаўка робіцца і на сонечную энергетыку. Так, да 2019 года паказчык яе выкарыстанная павінны павялічыцца на 50% ад лічбы 2015 года.

«Не так даўно я сустракалася з каралём. Падчас вячэры ён выказаў ідэю ўсталяваць сонечныя панэлі на палацы, каб стаць энергетычна незалежным і пакрываць патрэбы ў тым жа абаграванні «сваімі» сіламі», — дзеліцца Катарына.

Такі ж план мае і стакгольмскае параходства, жадаючы падключыцца да кампаніі па змяншэнню выкарыстання электраэнергіі. У хуткім часе яны ўсталююць сонечныя панэлі на будынкі, што належаць ім .

 

«BioChar-project» — догляд за паркамі і крыніца энергетыкі

У якасці карыснага і паўнавартаснага рэсурсу для атрымання энергіі ў Стакгольме разглядаюцца і «адходы» ад паркаў і зялёных зон: лістота і галлё, якія можна спальваць для абагравальнай сістэмы.

«''BioChar-project'' пакуль зусім невялікі праект і праходзіць этап «абкаткі». Аднак у нашых планах развіваць яго і, напрыклад, збіраць сыравіну на прыватных участках, у людзей», — тлумачыць віцэ-мэр Стакгольма.

Тым больш што ён не замыкаецца толькі на здабычы энергіі, бо атрыманы пры спальванні вугаль будзе закопвацца пад дрэвы ў парках, садах і на бульварах для ўгнаення, паляпшэння насычэння кіслародам карнявой сістэмы і абсарбірвання карысных рэчываў з глебы.

Аднак, як бы добра ўсё не гучала і якія б намаганні не прыкладаліся ў дасягненні глабальнай мэты, у Стакгольма яшчэ застаюцца праблемы, якія пакуль не маюць рашэння. Як зазначыла Катарына, нягледзячы на тое, што ўжо прыдуманыя замкнёныя рэсурсныя сістэмы, яны не ведаюць, як быць з утылізацыяй пластыка ці тымі ж самалётамі ці караблямі, якія выкарыстоўваюць дызель і ў цэлым маюць вялікі экаслед.

У наступным артыкуле мы раскажам вам пра стакгольмскую энергетыку.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость