19.09.2018 / 09:09

Кампанія «А-100 Дэвэлапмэнт» плануе пабудаваць закрыты элітны жыллёвы комплекс на тэрыторыі былога трамвайна-тралейбуснага парка №1. Грамадскія актывісты лічаць, што гэта марнатраўны праект, які не выгадны Менску.

Аўкцыён па продажы тэрыторыі плошчай у 6,76 гектараў у межах пр. Незалежнасці – пр. Машэрава – вул. Чырвоная – вул. Кісялёва адбыўся 12 верасня 2017 года. Участак быў выкуплены кампаніяй «А-100 Дэвелапмент» за 8,8 млн. USD, там мусіць быць пабудаванае элітнае жыллё.

Забудова закране не толькі тэрыторыю былога тралейбуснага дэпо, але таксама будынак, дзе раней месцілася галерея «Ў». Новы жыллёвы комплекс з’явіцца фактычна ў дварах жыхароў дамоў на вуліцы Кісялёва і праспекту Незалежнасці.

Публічна дэталі праекту не агалошваюцца. Між тым, прадстаўнікі «А-100 Дэвэлапмэнт» запрасілі грамадскіх актывістаў на дзве закрытыя сустрэчы, дзе прэзентавалі праект забудовы тэрыторыі. Першая адбылася ў сакавіку, другая – у верасні. Каардынатар кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Ігар Корзун, які таксама быў запрошаны на сустрэчы, выказаў у размове з belsat.eu свае сумневы ў мэтазгоднасці праекту.

 

Сквер на вуліцы Кісялёва можа знікнуць

Ігар Корзун падкрэслівае, што сустрэча з прадстаўнікамі «А-100 Дэвэлапмэнт» не мела характару дыялогу: то бок проста паведаміла прадстаўнікам грамадскасці пра свае планы, але іх прапановы і заўвагі ўлічваць не збіраліся.

Паводле Ігара Корзуна, праект забудовы выклікае шэраг пытанняў. Па-першае, высветлілася, што «А-100 Дэвэлапмэнт» выкупіла таксама тэрыторыю скверу на вуліцы Кісялёва, хаця ў папярэдніх планах забудовы, што з’яўляліся ў СМІ, гэты сквер заставаўся ва ўласнасці гораду.

У кампаніі паабяцалі, што будавацца там нічога не будзе – сквер нібыта застанецца скверам, ніякая грамадскай інфраструктуры там ствараць не плануецца. 

Аднак Ігар Корзун сумняецца, што сквер захаваецца ў першапачатковым выглядзе:

«Мы ж разумеем, што дрэвы там старыя, жыць ім засталося нядоўга. Таму можа скласціся сітуацыя, калі каштоўнасць гэтага скверу (менавіта як скверу) будзе мінімальнай. А паколькі гэта ўжо будзе прыватнай тэрыторыяй, то яны змогуць пабудаваць там, што заўгодна. Паўстае пытанне: навошта ім гэты сквер? Гэта ж дадатковыя фінансавыя выдаткі. Трэба разумець, што любая азялененая тэрыторыя – гэта рэч дастаткова дарагая. Ніхто акрамя гарадскіх уладаў не можа справіцца з утрыманнем азялененай тэрыторыі – гэта ж і асвятленне, і лаўкі, і сцежкі, і шмат чаго іншага».

 

Што атрымае Менск

Аднак галоўнае пытанне, на думку Ігара Корзуна, у эканамічнай выгадзе праекту «А-100 Дэвэлапмэнт» для Менску. Грамадскі актывіст лічыць праект марнатраўным для жыхароў сталіцы.

«Калі былі спрэчкі вакол забудовы Асмолаўкі, нам казалі: гораду вельмі складана мець на ўтрыманні двухпавярховыя дамы ў цэнтры – яны не даюць таго прыбытку, які Менск мусіць атрымліваць з зямлі ў цэнтры. Нас абвінавачвалі ў неруплівасці. Але ж тут адбываецца тое ж самае. «А-100 Дэвэлапмэнт» збіраецца пабудаваць у цэнтры гораду не шматфункцыйны комплекс з жыллёвай і грамадскай забудовай, а фактычна будзе пабудаваны 6-павярховы зачынены элітны спальнік за плотам. То бок забудова на 6,76 гектараў, з якіх трохі больш за палову гектару, каля 10%, будзе несці грамадскую нагрузку. А што атрымлівае горад са спальніку? Толькі падатак з камунальных плацяжоў. Саму «камуналку» атрымлівае Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. То бок большую частку грошай будзе атрымліваць рэспубліканскі бюджэт, а не гарадскі. Гэтак сама можна пабудаваць і ў Сухарава, і ў Малінаўке, і ў Баранавічах або Сталбцах», – разважае Ігар Корзун.

Ігар Корзун падкрэслівае: нават калі «А-100 Дэвэлапмэнт» хацела пабудаваць жыллёвы комплекс, то вакол яго можна было б стварыць кавярні, крамы і галерэі. Але атрымліваецца, што вялізарная тэрыторыя ў цэнтры Менску проста знікае з грамадскага жыцця – туды будуць мець магчымасць трапіць толькі людзі з чып-ключом.

«Уся тэрыторыя жыллёвага комплексу будзе абнесена плотам, куды будзе забаронены ўваход грамадзянам. Фактычна плот будзе агароджваць тэрыторыю ад доступу плебсу, які людзі, што набудуць там кватэры, не жадаюць бачыць», – дадае ён.

Грамадская інфраструктура будзе толькі на тэрыторыі новай вуліцы, якая пройдзе праз было тралейбуснае дэпо – ад цяперашняй вуліцы Чырвонай да Казлова. Прыкладна 250 метраў.

Прадстаўніца «А-100 Дэвэлапмэнт» Аляксандра ў размове з карэспандэнтам belsat.eu адзначыла, што на дадзены момант кампанія не дае каментароў наконт праекту забудовы тэрыторыі былога тралейбуснага дэпо, бо праект забудовы яшчэ не завершаны і не ўзгоднены з гарадскімі ўладамі. «Калі праект будзе зацверджаны, мы абвесцім пра гэта публічна», – паабяцала Аляксандра.

  • «А-100 Дэвэлапмэнт» лічыцца адным з самых уплывовых дэвелапераў на рынку нерухомасці Беларусі. Фірма ўваходзіць у склад групы кампаніяў «А-100», уладальнікам якой з’яўляецца бізнесовец Аляксандр Цэнтэр. Група кампаніяў валодае адзінай буйной сеткай АЗС з беларускім прыватным капіталам – А-100.
  • На месцы тралейбуснага дэпо, якое цяпер пойдзе пад знос, у пачатку XX стагоддзя знаходзіўся конскі рынак. У 1929 годзе рынак быў ператвораны ў трамвайнае дэпо, адкуль у Менску пайшлі першыя трамваі. У 1952 годзе ў горадзе распачаўся тралейбусны рух і дэпо стала трамвайна-тралейбусным. Па меры развіцця Менску і ягонай транспартнай інфраструктуры дэпо ўсё менш выкарыстоўвалася. У 2006 годзе яна была канчаткова зачынена.
  • На тэрыторыі, прызначанай пад перабудову, знаходзіцца знакавы для менчукоў будынак, у якім доўгі час месцілася галерэя «Ў». Месца лічылася адным з цэнтраў грамадскага жыцця. Аднак яшчэ летась «Ў» пераехала на вуліцу Кастрычніцкая.
Автор:
Фотограф:
Ірына Арахоўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость