19.12.2014 / 16:12

На забруджаных радыяцыяй тэрыторыях можна размясціць сонечную электрастанцыю. Пра перавагі, магчымасці і перашкоды ў перспектывах па рэалізацыі дадзенай прапановы расказаў супрацоўнік энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў Павал Гарбуноў.

Перадумовы ідэі

Перадумоў для менавіта такога размяшчэння сонечных электрастанцый некалькі. Па-першае, у нас ёсць тэрыторыя, якая ў рознай ступені забруджана радыяцыяй. Гэта значна скарачае магчымасці яе выкарыстання. У выпадку пабудовы электрастанцыі знікне неабходнасць вываду пэўнай часткі тэрыторыі з землекарыстання. Па-другое, якраз паўднёва-ўсходняя частка Беларусі атрымлівае найбольшую колькасць сонечнай энергіі. Гэта абумоўлена тым, што колькасць сонечнай радыяцыі павялічваецца ў напрамку з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход. У такім выпадку тэрыторыя паўднёва-ўсходніх раёнаў (Ельскі, Нараўлянскі, Хойніцкі, Брагінскі) атрымлівае на 10 адсоткаў больш сонечнай радыяцыі за цэнтральную частку, на 20 адсоткаў больш за паўночна-заходнюю частку. Колькасць сонечнай радыяцыі, што пападае на тэрыторыю Беларусі, можна параўнаць з той колькасцю, што прыпадае на Германію (між іншым, у гэтай краіне сонечная энергетыка развіваецца даволі актыўна), а колькасць сонечнай энергіі на паўднёва-ўсходняй частцы столькі ж, як у цэнтральнай Францыі. Менавіта таму геаграфічна гэтая частка Беларусі найбольш прадатная для ўсталявання электрастанцыі на 50 МВт.

Патэнцыял развіцця сонечнай энергетыкі ў странах Еўропы
Патэнцыял развіцця сонечнай энергетыкі ў странах Еўропы

Пасля ўсталявання сонечныя панэлі амаль не патрабуюць дадатковага абслугоўвання, акрамя перыядычнай ачысткі ад бруду і пылу. Калі іх размяшчаць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, не выкарыстоўваемых у вытворчасці сельскай гаспадаркі, хуткасць забруджвання пылам і рэшткамі ўгнаенняў будзе мінімальнай.

Напрамкі развіцця

Увогуле ёсць два шляхі развіцця вытворчасці сонечнай энергіі. Першы – сетка невялікіх дэцэнтралізаваных сонечных электрастанцый. Уласнікі і прадпрыемствы маюць магчымасць самастойна іх устанаўліваць (напрыклад, на дахах) і выкарыстоўваць на сваю энергапатрэбу. Гэты варыянт лепшы, таму што не патрабуе перадачы энергіі на вялікія адлегласці, стварэння энергавузлоў; не губляецца энергія пры перадачы. Па такой мадэлі актыўна развіваецца дадзены напрамак, напрыклад, на Нямеччыне і ў Даніі. Гэта не проста выгадна. Гэта новы светапогляд, заснаваны на прынцыпе “я спажываю энергію, і маю магчымасць яе выпрацоўваць”. Істотны і той факт, што далучыцца да гэтага працэсу могуць усе, хто можа выдаткаваць 5–10 тысяч долараў для набыцця невялікай сонечнай станцыі.

Другі шлях развіцця – будоўля буйных сонечных электрастанцый. Выраб энергіі будзе больш танным, але выпрацаваныя 100 МВт неабходна перадаць карыстальнікам. Гэта значыць — стварыць ці адаптаваць існуючыя энергавузлы і лініі электраперадач (ЛЭП), частка энергіі таксама будзе губляцца пры транспарціроўцы. Гэта аптымальнае рашэнне для тых, хто можа знайсці для рэалізацыі праекта сур’ёзнага інвестара.

Эканамічная мэтазгоднасць

Лічыцца, што сонечныя электрастанцыі вельмі дарагія, але гэта не зусім так. На іх забеспячэнне не трэба амаль што ніякіх расходаў, яны не патрабуюць паліўных энергарэсурсаў. Патрэбны толькі вартаўнік і зрэдку – абслугоўванне. Безумоўна, не абысціся без інфраструктуры (ЛЭП і энергавузлы), якая дапамагала б перадаваць энергію ў агульную сетку.

У адпаведнасці з законам “Аб аднаўляльных крыніцах электраэнергіі” дзяржава набывае энергію сонечных электрастанцый першыя 10 год у 2,7 разоў даражэй, чым каштуе яе выраб з прыроднага газу на ТЭЦ.  Па разліках, сабекошт энергіі сонечнай электрастанцыі амаль параўнальны з коштам энергіі, якую мы атрымліваем пры выпрацоўцы электраэнергіі з расійскага газу.

Тэрыторыі Беларусі, забруджаныя цэзіем-137
Тэрыторыі Беларусі, забруджаныя цэзіем-137

Зараз у нашай энергетыцы вельмі нязначная доля ўзнаўляльных энергарэсурсаў. Няма сурр’ёзных прычын для адтэрміноўкі рэалізацыі такіх праектаў, бо гэта дастаткова проста тэхнічна і эканамічна выгадна. Акрамя гэтага, змяншаецца залежнасць краіны ад іншых дзяржаў: не трэба набываць рэсурсы па-за межамі Беларусі. Напрыклад, у Чэрыкаўскім раёне ўжо плануецца будоўля сонечнай электрастанцыі магутнасцю 109 МВт.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость