Напрыканцы 2014 года грамадскія актывісты Турава атрымалі афіцыйны адказ на свой запыт наконт прычын масавай высечкі дрэў і кустоў па ўсяму гораду.
З адказу старшыні Тураўскага гарвыканкаму вынікае, што ўсе спляжаныя дрэвы "находились в ненадлежащем состоянии (угол наклона более 30 градусов)". Згодна з умовамі "удаления объектов растительного мира", кампенсацыйныя пасадкі і кампенсацыйныя выплаты коштаў знішчаных раслін не прадугледжаныя.
Тураўскія актывісты перакананыя, што высечка пераважнай большасці дрэў была праведзена без усялякіх мэтазгодных падставаў, з парушэннем заканадаўства. На момант яе выканання не было акту на выкананне работ, не праведзена экспертыза стану дрэў, адсутнічалі і іншыя патрэбныя, згодна з заканадаўствам, дакументы на выдаленне аб’ектаў расліннага свету.
Прадстаўлены па патрабаванню грамадскасці дазвол на высечку быў зроблены пасля фактычнага яе правядзення, упэўнены актывісты. Акрамя таго, у дазволе пазначаны не ўсе дрэвы, якія былі высечаныя, па меркаванню актывістаў, да афіцыйнага афармлення гэтага дакументу.
Факты знішчэння дрэў і кустоў на Тураўшчыне з парушэннем на працягу апошніх гадоў, не аднаразова асвячаліся ў сродках масавай інфармацыі.
Мясцовыя жыхары і грамадскія актывісты не звяртаюцца паводле гэтых фактаў у суд, каб адстаяць свае правы і абараніць зялёныя насаджэнні. Яны не вераць у правасуддзе. Шмат хто з жыхароў упэўнены, што суд і пракуратура стануць на бок прадстаўнікоў мясцовай улады і будуць іх пакрываць. Вінаватыя ў супрацьзаконным знішчэнні дрэў і парушэнні заканадаўства не будуць пакараныя.
Тым часам упарадкаванне і выдаленне дрэў у Тураве працягваюцца.