Ініцыятар грамадзянскай кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеўатрымаў запрашэнне на размову ў міліцыю.
16 сакавіка ў РАУСе Магілёўскага раёну актывісту паведамілі, што кіраўніцтва «Омск Карбон Магілёў» звярнулася да іх са скаргай на Андрэя. Заяўніком выступіў генеральны дырэктар магілёўскага заводу Марат Ізгібаеў.
Кіраўніцтва «Омск Карбон Магілёў» высунула некалькі прэтэнзіяў, звязаных з распаўсюдам недакладнай інфармацыі. Першае, што не задаволіла адміністрацыю заводу, што Андрэй у сваіх інтэрв’ю казаў пра выкід на заводзе ў цэлым. Але правільна, на думку заяўніка, было казаць пра выкід чорнай сажы толькі на адной трубе гэтага заводу.
Усю інфармацыю пра падзеі на заводзе «Омск Карбон Магілёў» Андрэй размяшчаў у адкрытай суполцы «За здаровы Магілёў» у Фэйсбуку. Да яе далучыцца можа любы ахвотны. Прэтэнзіі да сябе Андрэй лічыць недарэчнымі.
«Я лічу, што скаргі ў міліцыю і казкі пра тое, што прадажныя СМІ проста ачарняюць прадпрыемства, гэта спроба прымусіць людзей адмовіцца ад актыўных дзеянняў у абарону сваіх правоў. Спроба адвесці ўвагу ад рэальных праблем, якія існуюць на заводзе. Тое, што выкід цвёрдых часціц адбыўся, пацвярджаюць як даследаванні Міністэрства аховы прыроды, якія зафіксавалі перавышэнне на заводзе, так і сведчанні некалькіх тысяч людзей, мясцовых жыхароў, якія бачылі на свае вочы чорную сажу на падаконніках», – сказаў Андрэй Бодзілеў.
Па-другое, у віну Андрэю ставяць тое, што ён звярнуўся толькі да незалежных СМІ, а з дзяржаўнымі не супрацоўнічаў.
Праверку супраць актывіста распачалі ў межах грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, але, калі факты пацвердзяцца, то яе могуць распачаць і ў межах адміністрацыйнага. Пакуль што Андрэя Бодзілева толькі апыталі. Ні з якімі матэрыяламі справы яго не знаёмілі.
Нагадаем, Андрэй Бодзілеў стварыў ініцыятыву «За здаровы Магілёў» пасля таго, як у лістападзе 2018 года на заводзе «Омск Карбон Магілёў» адбыўся выкід сажы. Яна пафарбавала ў чорны колер снежныя двары ў пасёлку Вейна. Жыхары адразу выклікалі дзяржаўных эколагаў, якія пацвердзілі: перавышэнне магчымай канцэнтрацыі цвёрдых часцінак – у 40 разоў.
Кіраўніцтва «Омск Карбон Магілёў» патлумачыла, што гэта быў пробны запуск, але цяпер усё будзе добра. Завод мае запрацаваць вясной 2019 года.
Адміністрацыя «Омск карбон Групп» ужо не першы раз уступае ў барацьбу з незалежнымі крыніцамі інфармацыі. Але не дужа паспяхова. 5 сакавіка завод прайграў суд омскаму блогеру, які распаўсюджваў інфармацыю пра шкодны ўплыў прадпрыемства на экалогію. А напрыканцы 2018 году сайт «Омск-Інформ» апублікаваў артыкул «Паўлегальныя СМІ зладзілі траўлю омскаму праекту ў Беларусі», дзевялася гаворка ў тым ліку і пра матэрыялы «Белсату» пра выкід на заводзе.