20.04.2021 / 08:04

Прадстаўнікі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвялі вынікі маніторынгу вады і паветра за 2020 год. Як кажуць спецыялісты, у асноўным якасць у горадзе добрая і выдатная.

Вадаёмы ў парадку

За 2020 год і пачатак 2021 перавышэнне нарматываў на выкіды ў Свіслач не ўсталявана. Найбольшая антрапагенная нагрузка ідзе на гарадскую раку на ўчастку пасля Мінскай ачышчальнай станцыі аэрацыі ў Шабанах. Да гэтай мяжы гідрахімічны статус ракі ацэньваецца як выдатны і добры. А вось ніжэй, побач з Каралішчавічамі, статус мае толькі задавальняючую ацэнку.

Каб знізіць нагрузку, Мінсквадаканал рэалізуе праект па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Яго павінны завершыць да 2025 год. Зараз ідуць толькі перадпраектныя і праектныя работы.

Як паведамляе старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сцяпан Дубніцкі, размеркаванне аб’ёмаў выкідаў рэчываў, якая забруджваюць ваду, па тэрыторыі горада нераўнамернае. Найбольшая эмісія характэрна для Завадскога, Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў.

Алена Багадзяж, начальніца службы экалагічнай інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, канкрэтызуе, што назіранне за паверхневымі водамі вядзецца па гідрахімічных і гідрабіялагічных паказчыках. Пробы бяруцца на раках Свіслач і Лошыца, у вадасховішчах Лошыца і Дразды.

Гідрахімічны паказчык даволі шырокі: даследуюцца асноўныя элементы салявога складу, цяжкія металы, арганічныя, біягенныя рэчывы, ПАР і іншае. Назіранні праводзяцца штомесячна.

Па гідрабіялагічных паказчыках назіранні праводзяцца раз на год, паколькі яны адлюстроўваюць нагрузку, якая склалася за даволі вялікі адрэзак часу, за некалькі папярэдніх гадоў. У вадацёках ацэньваецца наяўнасць фітаперыфітону і макразаабэнтасу, а ў вадасховішчах – фітапланктону і зоапланктону.

Алена Багадзяж пацвярджае, што на тэрыторыі Мінска якасць вады па гідрахімічных паказчыках добрая і выдатная. Асноўная нагрузка ідзе на участак бліз Каралішчавічаў.

Летась у краіне назіралі заморы рыб, але для паверхневых вод сталіцы гэта было не характэрна. Зніжэнне кіслароду не адзначалася.

Параўнаць гэтыя даныя не з чым, бо недзяржаўныя арганізацыі не вядуць маніторынг паверхневых вод сталіцы на пастаяннай аснове.

 

Выкіды ў паветра скарачаюцца

Ад аўтатранспарту найбольш цярпіць цэнтральная частка горада і буйныя транспартныя магістралі.

Як паведамляе Сцяпан Дубніцкі, асноўная крыніца забруджвання паветра ў Мінску – транспарт, на долю якога прыходзіцца больш за 80% ад агульнай эмісіі выкідаў. Усяго ў 2020 годзе ў паветры апынулася 113,8 тыс. тон выкідаў ад мабільных крыніц, што на 12,5% менш, чым у 2019-м.

Станоўчая дынаміка абумоўлена абнаўленнем парку механічных аўтатранспартных сродкаў, аптымізацыяй арганізацыі дарожнага руху, а таксама павелічэннем колькасці людзей, якія абіраюць грамадскі транспарт і ровар. Акрамя таго, на тэндэнцыю ўплывае паляпшэнне якасці маторнага паліва і пашырэнне сеткі электразарадных станцый.

Буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў горадзе негатыўна ўплываюць на стан паветра. Але ж апошнія гады не назіраецца значнага росту выкідаў брудных рэчываў у паветра ад заводаў і фабрык.

Па папярэдніх ацэнках, валавы агульны выкід ад стацыянарных крыніц за 2020 год склаў 134,4 тыс тон, што менш на 9,6% у параўнанні з 2019-м. Скарачэнне выкідаў рэчываў, якія забруджваюць паветра, у першую чаргу абумоўлена мадэрнізацыяй прадпрыемстваў, усталяваннем пылагазаачышчальнага абсталявання, пераходам на выкарыстанне водарастваральных фарбаў. Сёння на ўсіх асфальтабетонных заводах сталіцы стаяць фільтры, якія дазваляюць забяспечыць на выхадзе канцэнтрацыю цвёрдых часцін не больш за 100 мг/м3.

Алена Багадзяж дадае, што, нягледзячы на агульныя выдатныя адзнакі за 2020 год, летась у Мінску было два непрацяглых перыяду з умеранай і здавальняючай якасцю паветра.

У канцы сакавіка – пачатку красавіка назіраўся рост мелкіх часцінак, менш за 2,5 мк, на працягу аднаго-двух тыдняў. Гэта было звязана з пад’ёмам пылу.

У канцы верасня – пачатку кастрычніка павелічэнне колькасці цвёрдых часцінак у паветры было выклікана трансгранічным пераносам попелу ад пажараў у Варонежскай вобласці. Забруджванне паветра назіралася па ўсёй краіне, але з большага – на поўдні.

Увогуле ў Мінску, у параўнанні з паўднёвымі гарадамі, напрыклад, Гомелем, утрыманне цвёрдых часцінак у паветры нашмат ніжэй. На поўдні іх рост звязаны з меліярацыйнымі работамі.

Акрамя таго, на працягу года былі заўважаны адзінкавыя павелічэнні ўтрымання діаксіду азоту ў паветры. Яны звязаны з больш буйным рухам транспартнай плыні раніцай і ўвечары. Зараз доля электратранспарту (электробусы, тралейбусы) у Мінску складае 40% ад агульнай колькасці. Сцяпан Дубніцкі кажа, што гэты адсотак трэба павялічваць, але канкрэтнай мэты, якім ён павінен быць у ідэале, няма.

Ініцыятары грамадзянскага маніторынгу якасці паветра пагаджаюцца, што паветра ў Мінску і ўвогуле ў Беларусі даволі якаснае, але ж у дзяржаўных даследаванняў ёсць свае мінусы. Асноўныя – мала станцый і неаператыўнасць.

Менавіта таму быў запушчаны прыватны праект AirMQ, у якім можа паўдзельнічаць кожны: усталяваць сабе асабісты датчык і перадаваць даныя аб якасці паветра ці проста сачыць за абстаноўкай навокал анлайн. Датчыкі даюць кропкавую інфармацыю па ўсім горадзе.

Напрыклад, 26 сакавіка ў 13:00 у раёне бульвара Мулявіна была крыху павышаная наяўнасць цвёрдых часцінак у паветры. І для людзей з захворваннямі дыхальнай сістэмы такая абстаноўка ўжо неспрыяльна. У гэты час ім лепш было не гуляць у гэтым раёне або застацца дома.

Летась актывісты AirMQ таксама праводзілі даследаванне паветра на ўтрыманне дыаксіду азота. У Мінску былі сабраныя даныя з 29 пунктаў. Самым брудным аказалася паветра на вул. Няміга, 2.

Яшчэ адна праблема дзяржаўных даследаванняў – дэталёвасць ацэнкі. Назіранне за часцінамі велічынёй 2,5 мк праводзіцца толькі на адной станцыі ў сталіцы – ва Уруччы. На астатніх фіксуюцца толькі часцінкі ў 10 мк. Калі параўнаць даныя з датчыкаў праекта AirMQ, бачна, што на ўзроўні 10 мк якасць паветра сапраўды выдатная, а на ўзроўні 2,5 мк – ужо ёсць пытанні.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость