На забруджаных тэрыторыях блізка ад Чарнобыля лепш не жыць. Прадукты падлягаюць радыяцыйнаму кантролю. Радыяцыя нават у малых дозах шкодзіць чалавеку. Нам сёння гэтыя тэзісы здаюцца відавочнымі.
Аднак пасля аварыі на ЧАЭС беларускія навукоўцы патрацілі шмат сіл, каб данесці іх палітычнаму кіраўніцтву. Пра тое, як гэта было, расказвае кандыдат гістарычных навук Кацярына Крывічаніна.
– Як беларуская навука адгукнулася на Чарнобыльскую катастрофу? Ці былі ў яе шэрагах навукоўцы, якія б падыходзілі на ролю прататыпаў гераіні серыялу “Чарнобыль” Улляны Хамюк?
– Як распавядаў рэжысёр і сцэнарыст Крэйг Мэйзін у сваіх шматлікіх інтэрв’ю, персанаж фізіка-ядзершчыка з Мінска Улляны Хамюк – выдуманы, гэта збіральны вобраз вучоных, якія займаліся расследаваннем аварыі і яе наступстваў. Але Інстытут ядзернай фізікі беларускай Акадэміі навук, дзе працуе Улляна, рэальна існуе і ў серыяле ўзнікае не выпадкова.
Сярод шматлікіх матэрыялаў, на якія абапіраліся стваральнікі серыялу, – “Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч. У гэтай кнізе (першае выданне – 1997 г.) прадстаўлена некалькі па-мастацку апрацаваных сведчанняў супрацоўнікаў Інстытута, у тым ліку тагачаснага дырэктара, члена-карэспандэнта Акадэміі навук БССР Васіля Барысавіча Несцярэнкі. Менавіта яго вобраз паўстаў у маёй галаве, калі я ўбачыла гераіню Эмілі Уотсан. Мяркую, што жаночая роля была ўведзена аўтарамі “Чарнобыля” для захавання гендэрнага балансу.
Крэйг Мэйзін казаў, што імкнуўся паказаць ролю жанчын, якія займалі бачнае месца ў савецкай навуцы і медыцыне. Аднак галоўнае тут, як мне падаецца, – гэта жаданне паказаць вучоных, якія, усведамляючы пагрозу каласальных наступстваў катастрофы, спрабавалі данесці да ўладаў сваю заклапочанасць сітуацыяй і паўплываць на прыняцце палітычных рашэнняў.
І вось тут, ужо ў рэальнай гісторыі, ключавой фігурай і выступае Васіль Несцярэнка. Раніцай у панядзелак 28 красавіка 1986 году, прыехаўшы па рабочых справах ў Маскву, ён даведваецца пра аварыю на ЧАЭС. У Мінску супрацоўнікі яго інстытута фіксуюць рэзкі ўзрост радыяцыйнага фону і паведамляюць пра гэта тагачаснаму Прэзідэнту Акадэміі навук БССР Мікалаю Барысевічу. Першай найбольш верагоднай версіяй падаваўся інцыдэнт на ўласным навуковым рэактары, які размяшчаўся ў Соснах.
Але званок Несцярэнкі з Масквы ўсё расставіў на месцы. У той жа дзень ён вяртаецца ў Мінск і захапіўшы неабходныя вымяральныя прыборы едзе на поўдзень Гомельшчыны.
29 красавіка ён асабіста паведамляе кіраўніцтву Беларусі аб выніках замераў і прапаноўвае правядзенне шэрагу ахоўных мерапрыемстваў, у тым ліку ёдную прафілактыку і абмежаванае знаходжанне людзей на адкрытым паветры.
Аднак з аглядкай на Маскву і яе вучоных (у першую чаргу тут трэба ўзгадаць дырэктара Інстытута біяфізікі Міністэрства аховы здароўя СССР акадэміка Леаніда Ільіна) партыйнае і савецкае кіраўніцтва БССР адмаўляецца ад прапаноў Несцярэнкі. Аўтарытэт Масквы перамагае меркаванне сваіх спецыялістаў. Несцярэнку загадваюць не сеяць панікі.
У наступныя дні настойлівы дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі адпраўляе першаму сакратару ЦК КПБ Мікалаю Слюнькову афіцыйныя лісты і ўжо ў пісьмовай форме фіксуе свае ранейшыя прапановы і дапаўняе іх новымі, сярод якіх – пашырэнне зоны адсялення на адлегласць да 50–70 кіламетраў ад ЧАЭС.
У адным з інтэрв’ю Мікалай Барысевіч узгадваў, як Мікалай Слюнькоў, з усё той жа настойлівай парадай “не сеяць панікі”, схаваў у сейф мапу радыяцыйнага забруджвання, якую разам прынеслі Барысевіч і Несцярэнка.
Такім чынам, Васіль Несцярэнка хоць і не трапляе на нарады з удзелам Міхаіла Гарбачова, як гэта ўдаеццца Улляне Хамюк з серыяла “Чарнобыль”, аднак мае магчымасці данесці кіраўніцтву БССР свае перасцярогі і актыўна гэтымі магчымасцямі карыстаецца.
Несцярэнка спрабуе паведаміць пра неабходныя меры абароны ад шкоднага радыяцыйнага ўздзеяння і насельніцтву забруджаных тэрыторый, куды часта выязджае. Падкрэслю, што ва ўмовах татальнага кантролю над сродкамі масавай інфармацыі шырокая трыбуна для інфармавання насельніцтва на ўзроўні нацыянальнага тэлебачання і прэсы заставалася недаступнай.
Працуючы з матэрыяламі ЦК КПБ я сустракалася з даносамі, складзенымі на дырэктара Інстытута ядзернай энергетыкі. Вучоны абвінавачваўся ў тым, што “рассыпаючы направа і налева свае парады” падаграваў незадавальненне ўладамі, і гэты агмень незадавальнення расцэньваўся як больш шкодны за радыяцыйнае забруджванне.
У 1988 годзе член-карэспандэнта Акадэміі навук БССР Васіля Несцярэнку звольняць з пасады дырэктара Інстытута ядзернай энергетыкі. На жаль, з-за закрытасці шматлікіх дакументаў у беларускіх і расійскіх архівах, мы не ўсё ведаем пра тыя падзеі. Аднак версія звальнення Несцярэнкі па прычыне яго “чарнобыльскай” звышактыўнасці мае права на існаванне.
– Як навукоўцы ацанілі наступствы аварыі на ЧАЭС для Беларусі? Ці ўплывалі ацэнкі вучоных на распрацоўку і рэалізацыю дзяржаўнай чарнобыльскай палітыкі?
Яшчэ ў сваіх першых лістах у ЦК КПБ Несцярэнка пісаў аб пагрозе шкоднага ўздзеяння радыяцыйнага апраменьвання на здороўе насельніцтва. У Гомельскай вобласці ў маі-верасні 1986 года было арганізавана перасяленне жыхароў забруджаных раёнаў, аднак не ў тым аб’ёме, які прапаноўваў навуковец.
На жаль, у адносінах да жыхароў Магілёўскай вобласці, дзе знаходзіліся населеныя пункты з забруджваннем 80-100 Кі/км2 і больш, такіх рашэнняў прынята не было.
Інфармацыя пра надзвычай высокія дозы радыяцыйнага апраменьвання з парадамі адсялення жыхароў Гомельшчыны і Магілёўшчыны паступала вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву БССР не толькі ад беларускіх спецыялістаў, але і ад кіраўніцтва хімічных войскаў Міністэрства абароны СССР.
У Беларусі цэнтральнай пляцоўкай для вывучэнне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы стала Акадэмія Навук. Летам 1986 г. былі зацверджаны навуковыя праграмы, адна з якіх рэалізаўвалася ў кааперацыі з украінскай Акадэміяй навук. У пачатку 1987 г. ў беларускай акадэміі быў створаны Інстытут радыёбіялогіі, які стаў каардынатарам чарнобыльскіх даследаванняў у Беларусі. Пад кіраўніцтвам акадэміка Яўгена Канаплі над рэалізацыяй пастаўленых навуковых задач працавалі не толькі супрацоўнікі акадэміі, але і вучоныя Заходняга аддзялення Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук, спецыялісты навукова-даследчых інстытутаў Міністэрства аховы здароўя БССР і вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі.
Саюзныя структуры таксама стваралі свае навукова-даследчыя падраздзяленні ў Беларусі : у 1986 годзе у Гомелі пачаў працу Беларускі філіял Усесаюзнага інстытута сельскагаспадарчай радыялогіі; у 1988 годзе у Мінску быў арганізаваны НДІ радыяцыйнай медыцыны, які хоць і дзейнічаў пры беларускім Міністэрстве аховы здароўя, але ў плане рэалізацыі навуковых задач падпарадкоўваўся Інстытуту біяфізікі Міністэрства аховы здароўя СССР. Кіруючыя пасады ў новаўтвораных арганізацыях занялі прызначаныя Масквой кадры.
Восенню 1988 года Нацыянальнай камісіяй па радыяцыйнай ахове пры ўдзеле Міністэрства аховы здароўя СССР была распрацавана канцэпцыя бяспечнага пражывання на забруджаных тэрыторыях, якая ў навуковым і грамадскім асяроддзі была вядомая як “канцэпцыя 35 бэр” або “канцэпцыя Ільіна”.
Уласных камісій, якія мелі права ўстанаўлення стандартаў радыяцыйнай аховы, рэспублікі не мелі. Прапанаваная канцэпцыя была ўхвалена Урадавай камісіяй па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС пад кіраўніцтвам Барыса Шчарбіны.
Аўтары прапанаванага падыходу сцвярджалі, што індывідуальная доза ў 35 бэр (350 мЗв) за перыяд жыцця ў 70 год з’яўляецца бяспечнай і цалкам прымальнай, а пераважная большасць насельніцтва забруджаных тэрыторый атрымала дозы значна ніжэйшыя за ўстаноўлены паказчык.
Для таго, каб патлумачыць, што з сябе ўяўляла доза ў 350 мЗв, пазначу, што пасля аварыі на ЧАЭС Міжнародная камісія па радыяцыйнай ахове ўзяла курс на перагляд ўсталяваных раней нормаў радыяцыйнай аховы ў бок іх змяншэння і ў 1990 годзе прапанавала новы міжнародны стандарт у 1 мЗв на год.
Меркавалася, што далейшыя дзяржаўныя мерапрыемствы па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС перайдуць на новую стадыю і завершаць этап надзвычайных мер. Ухваленая канцэпцыя дазваляла спыніць перасяленне жыхароў найбольш забруджаных раёнаў Беларусі, Украіны і Расіі (за выключэннем некалькіх дзесяткаў вёсак), адмяніць пастаянны кантроль за забруджваннем сельскагаспадарчай прадукцыі і навакольнага ассяроддзя.
Далейшая дзяржаўная палітыка СССР па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы павінна была будавацца на аснове зацверджанай канцэпцыі. Адпаведныя цыркуляры былі разасланы саюзным і рэспубліканскім міністэрствам і ведамствам, якія прынялі рашэнне Урадавай камісіі да выканання.
Аднак у Беларусі “канцэпцыі 35 бэр” забуксавала, раскрытыкаваная вучонымі АН БССР, з якімі кансалідаваліся спецыялісты БДУ і Заходняга аддзялення Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук.
У адрозненні ад аўтараў “канцэпцыі 35 бэр” беларускія вучоныя звярталі ўвагу на негатыўныя зрухі стану здароўя людзей і жывёл з забруджаных тэрыторый. Беларуская акадэмія стала цэнтрам сапраўднага супраціву “канцэпцыі Ільіна”, а ў чэрвені 1989 года ў яе сценах адбылося яе найбольш публічнае абмеркаванне.
Адкрываючы дыскусію, прэзідэнт Акадэміі навук Уладзімір Платонаў абгрунтаваў неабходнасць дадатковага абмеркавання “канцэпцыі 35 бэр” наяўнасцю альтэрнатыўнай канцэпцыі ў вучоных АН БССР, якая папярэдне была прадстаўлена ўраду рэспублікі. Адзначу, што апошні доўгі час супраціўляўся альтэрнатыўным ацэнкам і падыходам беларускіх вучоных і з 1986 года працягваў рухацца ў фарватары Масквы.
– Што не падабалася беларускім вучоным у “канцэпцыі 35 бэр”, якую прапанавала Масква?
– Прыхільнікі альтэрнатыўнай ці “гуманнай” (як вызначалі яе самі аўтары) канцэпцыі выказалі заклапочанасць адносна намераў ўлады ў сваёй чарнобыльскай палітыцы абаперціся на “канцэпцыю 35 бэр”.
Беларускіх вучоных хвалявала тое, што да таго часу ў сусветнай практыцы не выкарыстоўваўся такі ўзровень дозы пры пастаянным знешнім і ўнутраным радыяцыйным апраменьванні.
Падкрэслівалася, што не вывучана дзеянне малых доз радыяцыі на арганізм чалавека і жывёл, на ўзнікненне аддаленых наступстваў. Крытыкавалася і тое, што з увядзеннем у практыку органамі аховы здароўя дапушчальнай дозы апраменьвання не прапанаваныя меры па прадухіленні яе перавышэння і, што асабліва важна, не распрацаваныя ўмовы працы і эфектыўная сістэма кантролю дозавых нагрузак.
Падкрэслівалася, што адна і тая ж доза радыёактыўных элементаў па-рознаму ўздзейнічае на арганізм у залежнасці ад ўзросту, наяўнасці хранічных захворванняў і іншых паказчыкаў. У дадатак, саюзнымі ўстановамі працяглы час захоўваліся ў сакрэце як методыка падлікаў доз, атрыманых насельніцтвам, так і ўцэлым методыка “канцэпцыі 35 бэр”.
І толькі пасля настойлівых зваротаў з апошняй азнаёмілі беларускіх вучоных, якія раскрытыкавалі яе як ненавуковую. Сярод абцяжарваючых фактараў беларускія вучоныя называлі захаванне складанай радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі рэспублікі і нізкую эффектыўнасць мераў па дэзактывацыі, на якія савецкай дзяржавай былі выдаткаваны велізарныя рэсурсы.
За аснову рэалізацыі далейшай дзяржаўнай чарнобыльскай палітыкі было прапанавана абаперціся не на дозавыя велічыні, а на ўзровень радыяцыйнага забруджвання тэрыторыі доўгажывучымі радыяцыйнымі элементамі, якія выклікалі найбольшую заклапочанасць – цэзій (Cs137) і стронцый (Sr90).
Сярод асноўных мер прапаноўвалася перасяленне жыхароў населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі з радыяцыйным забруджваннем вышэй за 15 Кі/км2. Там жа павінна была спыніцца і сельскагаспадарчая вытворчасць.
Прапановы вучоных прадугледжвалі дадатковае перасяленне дзесяткаў тысяч людзей і вывядзення з сельскагаспадарчага выкарыстання вялікіх плошчаў. У сваю чаргу Міністэрства аховы здароўя СССР лічыла, што небяспечным для здароўя можа быць толькі шчыльнасць забруджвання тэрыторыі ў 50 Кі/км2 і вышэй. Альтэрнатыўная канцэпцыя патрабавала велізарных дзяржаўных выдаткаў, што было самай моцнай перашкодай на шляху яе зацвярджэння.
Падчас дыскусіі ў сценах беларускай акадэміі маскоўскія вучоныя настойвалі на тым, што велічыня ў 35 бэр цалкам прымальная і нават вылічана “з запасам”. Адмаўлялася і негатыўнае ўздзеянне радыяцыі на здароўе насельніцтва задруджаных раёнаў. Такую пазіцыю абаранялі асабіста акадэмік Ільін, супрацоўнік Інстытута біяфізікі, член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук СССР Ангеліна Гуськова і дырэктар Навукова-даследчага інстытута радыяцыйнай гігіены, доктар медыцынскіх навук Павел Рамзаеў.
Усіх іх аб’ядноўвала сяброўства ў Нацыянальнай і Міжнароднай камісіях па радыяцыйнай ахове. Іх пазіцыя была падтрымана трыма міжнароднымі экспертамі, запрошанымі напярэдадні ў СССР. Але апалагеты “канцэпцыі 35 бэр” так і не змаглі пераканаць прысутных у абгрунтаванасці свайго падыходу.
З крытыкай яе палажэнняў не толькі на сходзе, але і ў сродках масавай інфармацыі выступілі многія вучоныя Беларусі: Уладзімір Платонаў, Аляксандр Сцепаненка, Іван Нікітчанка, Васіль Несцярэнка, Яўген Канапля, Мікалай Карцель, Аляксандр Люцко, Уладзімір Саўчанка і іншыя.
– Не маглі б Вы разказаць больш пра тое, што за міжнародныя эксперты ўдзельнічалі ў абмеркаванні канцэпцыі бяспечнага пражывання на забруджаных тэрэторыях?
– Гэта былі эксперты ад Міжнароднай камісіі па радыяцыйнай ахове і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Запрасіць іх у СССР савецкі ўрад падштурхнула крытыка з боку беларускіх вучоных. Замежнікі павінны былі выступіць у якасці своеасаблівых арбітраў і даць незалежнае заключэнне па прапанаванай “канцэпцыі 35 бэр”.
Міжнародныя эксперты наведалі Маскву і пацярпелыя рэспублікі ў чэрвені 1989 года. Прыезд замежных спецыялістаў выклікаў шырокі грамадскі інтарэс. З іх дзейнасцю звязваліся надзеі на пераацэнку маштабаў аварыі і прыняцця ўрадам эфектыўных мер па рашэнні чарнобыльскіх праблем. 21 чэрвеня 1989 года ў першы дзень візіту экспертаў у БССР, у Нароўлі распачалася маштабная забастоўка, ўдзел у якой, па дадзеных КДБ БССР, прыняла каля двух тысяч. чалавек.
Асноўнымі патрабаваннямі забастоўшчыкаў стала стварэнне камісіі МАГАТЭ і СААЗ для ацэнкі бяспечнасці пражывання насельніцтва ў Нараўлянскім раёне, які па ступені забруджанасці ўваходзіў у тройку раёнаў-лідэраў па Гомельскай вобласці. Акрамя таго, забастоўшчыкі патрабавалі прыезду ў Нароўлю “місіі МАГАТЭ”, як часам у прэсе вызначалася група прыбыўшых міжнародных экспетаў. Да Нароўлі замежныя эксперты так і не даехалі, а бастуючыя вымушаны былі вярнуцца да працы.
У склад замежнай дэлегацыі ўваходзілі старшыня Міжнароднай камісіі па радыяцыйнай абароне, дырэктар дэпартамента камісіі па атамнай энергіі Аргенціны доктар Дэн Бенінсан (Dan Beninson), дырэктар Цэнтра радыяцыйнай бяспекі Міністэрства аховы здароўя Францыі, член Міжнароднай камісіі па радыяцыйнай ахове і прадстаўнік Францыі ў Навуковым камітэце ААН па дзеянню атамнай радыяцыі прафесар П’ер Пелерын (Pierre Pellerin) і кіраўнік групы радыяцыйнай аховы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, доктар Петэр Уайт (Peter J. Waight). У Беларусі эксперты знаходзіліся з 21 па 23 чэрвеня.
Міжнародную дэлегацыю суправаджалі намеснік Міністра аховы здароўя СССР і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач СССР Аляксандр Кандрусёў, Міністр аховы здароўя БССР Уладзімір Улашчык, намеснік Упраўляючага справамі Савета Міністраў БССР Віктар Бур’як, а таксама дырэктар Інстытута біяфізікі Леанід Ільін. Такім чынам, курыравалі працу замежных гасцей якраз стваральнікі і прыхільнікі той канцэпцыі, якой патрэбна было даць экспертную ацэнку.
Акрамя таго, Ільін, Гуськова і Раамзаеў, якія прысутнічалі на дыскусіі ў АН БССР, як члены Міжнароднай камісіі па радыяцыйнай ахове, былі добра знаёмы з запрошанымі міжнароднымі спецыялістамі. У адрозненні ад сваіх маскоўскіх калег беларускія вучоныя практычна не мелі дачынення да дзейнасці пералічаных вышэй міжнародных арганізацый. Міжнародныя кантакты заўсёды заставаліся прэрагатывай Масквы.
Нягледзячы на прыведзеныя навуковыя довады замежныя эксперты падтрымалі канцэпцыю Ільіна. Такім чынам, група Бенінсана, Пелерына і Уайта апраўдала ўскладзеную на іх задачу і ўхваліла 35-бэрную канцэпцыю, пазітыўна ацаніўшы прадпрынятыя саюзнымі органамі мерапрыемствы па радыяцыйнай ахове насельніцтва забруджаных рэгіёнаў.
– Усё гэта выглядае папросту як міжнародная карупцыя… Няўжо дастаткова было імкнення падтрымаць калег, якіх яны даўно ведалі, каб нібыта незалежныя міжнародныя эксперты далі неаб’ектыўнае заключэнне?
– Неаднойчы даводзілася сустракацца з крытычнымі ацэнкамі працы міжнародных спецыялістаў у БССР з боку беларускіх вучоных. Знойдзеная мной ў архіве праграма знаходжання ў Беларусі замежных экспертаў пацвярджае справядлівасць выказаных прэтэнзій.
Са зместу праграмы становіцца відавочным, што заяўленая мэта візіту “вывучэнне і ацэнка канцэпцыі бяспечнага пражывання на тэрыторыі, забруджанай радыёнуклідамі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС” патрабавалала больш сур’ёзнай увагі да збору і аналізу інфармацыі, кансультацый з беларускімі спецыялістамі і навукоўцамі.
Дзейнасць міжнародных экспертаў дакладна не мела на мэце сапраўднае вывучэнне і ацэнку канцэпцыі, а хутчэй нагадвала традыцыйныя для савецкай сістэмы выезды чыноўнікаў на месцы для “вядзення тлумачальнай працы”.
– Няўжо Масква нават не дапускала варыянта, што замежныя спецыялісты могуць не падтрымаць “канцэпцыю 35 бэр”?
– На самой справе, як сведчаць архіўныя матэрыялы, “канцэпцыя 35 бэр” была ўхвалена міжнароднымі экспертамі яшчэ да візіту ў СССР. У першай палове мая канцэпцыя была падтрымана МАГАТЭ, да якой пазней далучыліся іншыя міжнародныя арганізацыі. 20 мая 1989 года па ініцыятыве Ільіна і пры вядучай ролі МАГАТЭ, з удзелам прадстаўнікоў Міжнароднай камісіі па радыяцыйнай ахове і Навуковага камітэта ААН па дзеянні атамнай радыяцыі, была арганізавана “неафіцыйная” сустрэча па радыяцыйнай ахове.
Устанаўленне сумарнай дозы ў 350 мЗв за ўсё жыццё, было прызнана за абгрунтаваны падыход і атрымала адабрэнне удзельнікаў нарады. Гэта і ёсць адказ на пытанне, чаму ўлады так хутка пагадзіліся на правядзенне міжнародный экспертызы – яны загадзя ведалі яе вынікі.
Афіцыйная мэта візіту не адпавядала сапраўдным задачам, пастаўленым перад групай міжнародных экспертаў. Пра тое, што справа з міжнароднай экспертызай ужо ўладжана, ведала толькі вузкае кола. Грамадства працягвала спадзявацця і не ведала, што арганізаваная місія ехала, каб з дапамогай свайго “міжнароднага аўтарытэту” проста пераканаць незадаволенае насельніцтва і астудзіць пыл беларускіх вучоных-бунтароў.
Адзначу, пасля Чарнобыльскай катастрофы Масква, якая да таго часу не была прыхільніцай шырокіх міжнародных кантактаў, тым больш у топ-сакрэтных сферах, да якіх адносілася ядзерная праграма СССР і спалучаныя з ёй вытворчыя і навуковыя сектары, мяняе сваю палітыку ў дачыненні да стасункаў з міжнароднымі арганізацыямі. У першую чаргу гэта адносілася да арганізацый сістэмы ААН. Ужо першыя міжнародныя нарады з удзелам савецкіх прадстаўнікоў (часцей за ўсё супрацоўнікаў Інстытута біяфізікі) і прадстаўнікоў МАГАТЭ, Навуковага камітэта ААН па дзеянні атамнай радыяцыі, СААЗ і Міжнароднай камісіі па радыяцыйнай ахове, прысвечаныя наступствам Чарнобыля, паказалі падабенства іх пазіцый.
Гэта падабенства заключалася ў тым, што ўдзеянне радыяцыі на арганізм чалавека мінімальнае, таму радыяцыйна індуцыраванных сур’ёзных праблем са здароўем не чакаецца. Такая пазіцыя міжнародных арганізацый, агучаная ўжо ў маі-чэрвені 1986 года, стварала для саюзнага ўраду добрае ўражанне пра перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва па праблемах Чарнобыля.
Выкарыстоўваючы трыбуну ААН Масква імкнулася максімальна змінімізаваць свае міжнародныя палітычныя і эканамічныя страты ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
– Які быў далейшы лёс дзвюх канцэпцыі і іх прыхільнікаў?
– У ліпені 1989 года Дзяржаўная праграма па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, сфарміраваная беларускім урадам зыходзячы з “канцэпцыі 35 бэр”, забуксавала ў Вярхоўным Савете БССР, дзе Акадэмія навук мела сваіх прадстаўнікоў. Супрацьстаянне падыходаў працягнецца ў 1989-1990 гг. і завяршыцца перамогай аўтараў альтэрнатыўнай канцэпцыі. Апошняя будзе пакладзена ў аснову Дзяржаўнай чарнобыльскай праграмы на 1990–1995 гг. Праграма будзе зацверджана ўжо новым беларускім парламентам, абраным на часткова дэмакратычнай аснове ўвесну 1990 года – Вярхоўным Савета БССР ХІІ склікання.
У яго складзе было 25 кандыдатаў і дактароў навук, у тым ліку каардынатар усіх навуковых чарнобыльскіх праграм, дырэктар Інстытута радыёбіялогіі Акадэміі навук БССР Яўген Канапля. Несумненна, саліднае парламенцкае прадстаўніцтва беларускай навукі ўплывала на фарміраванне чарнобыльскай палітыкі, у тым ліку ў справе распрацоўкі і рэалізацыі канцэпцыі пражывання на забруджаных тэрыторыях. Такім чынам, беларуская навуковая супольнасць атрымала палітычны рэсурс і актыўна яго выкарыстоўвала.
– Ці былі беларускія вучоныя адзінымі ў ацэнках уздзеяння наступстваў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе чалавека?
– Сумеснае пасяджэнне Савета Міністраў БССР і ЦК КПБ, дзе разглядалася пытанне “канцэпцыі 35 бэр”, паказала разыходжанне ў ацэнках канцэпцыі паміж Акадэміяй навук БССР і Міністэрствам аховы здароўя БССР. Апошняе ўпэўнена падтрымала пазіцыю маскоўскага начальства – саюзнага міністэрства.
У рознага кшталту афіцыйных дакументах, якія падпісвалі міністр аховы здароўя Уладзімір Улашчык і яго намеснік Віктар Бур’як, рэфрэнам гучала, што павышаны ўзровень радыяцыі не выклікаў і не выкліча ў будучым павелічэння захворванняў.
Пазіцыю ведамства публічна падтрымала кіраўніцтва шэрагу яго навукова-даследчых інстытутаў. Так, падчас згаданай мной вышэй дыскусіі ў Акадэміі навук БССР дырэктар Інстытута спадчынных і прыроджаных захворванняў Генрых Лазюк і намеснік дырэктара Інстытута радыяцыйнай медыцыны Ларыса Астахава падтрымалі акадэміка Ільіна.
Праўда пазней яны прызнаюць шкодны ўплыў радыяцыі на здароўе людзей чарнобыльскай радыяцыі – шалёны рост раку шчытападобнай залозы і шкодныя генетычныя наступствы, аб чым будуць сведчыць у сваіх публікацыях і на міжнародных форумах. Але ў 1989 г. пагадзіліся з “канцэпцыяй 35 бэр” не толькі яны.
У верасні 1989 года Міністэрства аховы здароўя СССР ініцыявала падрыхтоўку і падпісанне звароту на імя Генеральнага сакратара КПСС Міхаіла Гарбачова, дзе настойліва абаранялася “канцэпцыя Ільіна”, а вучоныя рэспубліканскіх акадэмій (трэба адзначыць, што ўслед за беларускімі калегамі супраць 35-бэрнага паказчыку выступілі і вучоныя ўкраінскай акадэміі) абвінавачваліся ў прадузятасці.
Свае подпісы паставілі 92 навукоўцы, дзейнасць і асабістыя кантакты якіх былі шчыльна звязаны з саюзным медыцынскім ведамствам і Акадэміяй медыцынскіх навук СССР. Падпісалі зварот кіраўнікі чатырох навукова-даследчых інстытутаў беларускага Міністэрства аховы здароўя: дырэктар Інстытута спадчынных і прыроджаных захворванняў Генрых Лазюк, дырэктар Інстытута радыяцыйнай медыцыны Уладзімір Мацюхін, дырэктар Інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Ігар Жакаў, дырэктар філіяла Інстытута радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі А. (ініцыял не расшыфраваны) Скрабін. Да іх далучыліся дырэктар Беларускага філіяла Усесаюзнага Інстытута сельскагаспадарчай радыялогіі ў Гомелі Слава Фірсакова і кандыдат фізіка-матэматычных навук Ю. (ініцыял не расшыфраваны) Жучэнка. Усяго шэсць чалавек.
Кар’ера і навуковая дзейнасць большасці вучоных, якія падпісалі ліст ад Беларусі, была шчыльна звязана з саюзнымі структурамі. Напрыклад, Ігар Жакаў да прызначэння яго ў 1982 годзе дырэктарам НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі займаў пасаду намесніка дырэктара Маскоўскага рэнтгенарадыёлагічнага НДІ. Генрых Лазюк у 1983 годзе ўзначаліў Мінскі філіял Інстытута медыцынскай генетыкі Акадэміі медыцынскіх навук СССР, які ў 1989 годзе быў рэарганізаваны ў Інстытут спадчынных і прыроджаных захворванняў.
Уладзімір Мацюхін узначальваў Інстытут фізіялогіі ў Навасібірску, а ў 1988 годзе па рэкамендыцыі міністра Яўгена Чазава і акадэміка Леаніда Ільіна Мацюхін быў пераведзены ў Мінск для арганізацыі Інстытута радыяцыйнай медыцыны.
Кандыдат біялагічных навук Слава Фірсакова да стварэння ў ліпені 1986 г. беларускага філіяла ў Гомелі працавала старшым навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага інстытута сельскагаспадарчай радыялогіі ў Обнінску. Лазюк і Мацюхін былі членам-карэспандэнтам і акадэмікам (адпаведна) Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Варта зазначыць, што ўласнай медыцынскай акадэміі БССР не мела, што звужала межы самастойнасці яе вучоных-медыкаў.
На мой погляд, усе гэтыя акалічнасці і паўплывалі на тое, які бок пералічаныя вучоныя занялі ў супрацьстаянні прыхільнікаў і праціўнікаў “канцэпцыі 35 бэр”.
Некалькі слоў лічу важным дадаць пра Інстытут радыяцыйнай медыцыны. На першымпасяджэнні Вучонага савета ў лістападзе 1988 года былі падтрыманы кандыдатуры Анатоля Раманенкі, Віктара Кніжнікава, Льва Булдакова і Ігара Магуры на вылучэнне іх у члены-карэспандэнты і акадэмікі Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Што цікава, першыя тры кандыдатуры былі апалагетамі 35-бэрнага падыходу. Больш за тое, у накіраваных на адрас Вучонага савета суправаджальных дакументах як вялікая асабістая заслуга Раманенкі падкрэслівалася “абгрунтаванне і эфектыўная распрацоўка радыяфобіі”.
Такім чынам, вучоныя БССР не былі адзінымі ў сваіх ацэнках характару і вынікаў уздзеяння наступстваў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе чалавека.
У беларускім навуковым асяроддзі сфармаваліся канфліктныя лініі ў ацэнках наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, а для стратэгій паводзін вучоных у адносінах з Міністэрствам аховы здароўя СССР і іншымі саюзнымі ведамствамі і ўстановамі былі характэрны як канфармізм, так і канфрантацыя.