Як паведамляе ximik.info, у суботу над Наваполацкам цягнуўся шлейф дыму, а выбух мясцовыя жыхары адчулі за некалькі кіламетраў ад эпіцэнтра. Пажар пашкодзіў тэхналагічнае абсталяванне. Прыпынена вытворчасць поліэтылену другой чаргі, астатнія вытворчасці працавалі ў штатным рэжыме пры максімальнай нагрузцы.
19 чэрвеня работнікі МНС здзяйснялі ахаладжэнне і абарону тэхналагічных канструкцый. Працавалі 14 лафетных ствалоў. На ліквідацыі наступстваў аварыі былі задзейнічаны каля 200 чалавек. Дзякуючы своечасоваму прыбыццю першых падраздзяленняў і правільнаму выбару кірунку дзеянняў ратаўнікі не дапусцілі больш сур’ёзных пашкоджанняў.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных спраў, на аварыі ніхто не пацярпеў, пагрозы для працаўнікоў і насельніцтва не існавала. Пажар на «Паліміры» не паўплываў на экалагічную сітуацыю ў Наваполацку: перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў у атмасферным паветры не зафіксавана, замеры правадзіліся ў пастаянным рэжыме.
Гарэнне цалкам ліквідавана сёння, 20 чэрвеня, у 7:04 раніцы. Прычыны пажару, страты і тэрміны аднаўлення вытворчых магутнасцей ўсталёўваюцца, працуе спецыяльная камісія службы бяспекі прадпрыемства і Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. У прэс-службе СК паведамілі, што следчая група выбыла на «Палімір» для агляду месца здарэння з выкарыстаннем магчымасцей крыміналістычнай лабараторыі. Правяраецца і дакументацыя, у тым ліку прамысловы тэхналагічны рэгламент вытворчасці этылену і прапілену на заводзе «Палімір» ААТ «Нафтан». Прызначана пажарна-тэхнічная экспертыза, апытаныя сведкі і відавочцы здарэння.