20.06.2017 / 11:06

Цёплыя летнія вечары і выходныя дні — выдатная нагода, каб наведаць гарадзенскія паркі для актыўнага адпачынку ці хаця б кароценькага шпацыру. Выбіраючыся, не забудзьцеся захапіць з сабой фоцік. Летнія паркі могуць вас прыемна парадаваць прыгажосцю прыроды і асабліва птушкамі, за якімі ў гэты перыяд асабліва цікава паназіраць. А вось на што трэба звярнуць увагу, паспрабуем разабрацца.

Тры прычыны здымаць птушак у парку

Па-першае, гэта добры занятак для актыўнага адпачынку, атрымання пазітыўных эмоцый, падняцця настрою і нават зняцця стрэсу.

Да таго ж, для тых, хто не ведае птушак — гэта магчымасць з імі пазнаёміцца і павучыцца вызначаць.

Па-трэцяе, паркавыя птушкі адрозніваюцца большым даверам да чалавека, таму калі вы фатограф-пачатковец — гэта добрая нагода павучыцца здымаць жывыя аб’екты.

А аматараў і прафесіяналаў назіранне за птушкамі тым больш не пакіне без цудоўных кадраў!

Шукайце не толькі птушку, але і цікавы фон ды ракурс. Не спяшайцеся адразу націскаць кнопку спуску, як толькі злавілі птушку ў кадр. Пастарайцеся ўзяць некалькі розных ракурсаў. Тым больш, што птушка ўсё роўна будзе перамяшчацца. Пры цікавым ракурсе і ўдалым фоне самыя звычайныя віды, як напрыклад шызы голуб, будуць выглядаць на вашым здымку зусім незвычайна.

Не абавязкова рабіць партрэтны здымак птушкі

Розныя віды птушак абсалютна па-рознаму рэагуюць на вашу прысутнасць. І як заўсёды, найбольш смелыя птушкі ў тых частках парку, дзе людзі любяць іх падкармліваць. Некаторыя нават будуць з нахабнасцю да вас падлятаць.

І гэта не толькі шызыя галубы ды вераб’і, але таксама вялікія сініцы, зелянушкі, кавалікі ды берасцянкі. У такіх выпадках партрэтны здымак вам гарантаваны.

Дзятлы не самыя палахлівыя з паркавых птушак, але актыўна перамяшчаюцца з дрэва на дрэва. Таму давядзецца крыху пабегаць. Згадзіцеся, чым не актыўны адпачынак?

Самка вялікага дзятла

Найбольш верагодна сустрэць вялікага ці малога дзятлаў, але калі ўдача крыху ўсміхнецца, то ў кадр трапіць менш часты від — сярэдні дзяцел. Адрозніваецца ён ад вялікага адсутнасцю гэтак званых «вусоў», больш заўважнай «шапачкай» (ёсць у самцоў і самак) і бакавымі плямкамі на целе. Параўнайце…

Іншыя птушкі будуць вас трымаць у пастаянным полі зроку і на пэўнай адлегласці, як напрыклад, вялікія галубы. Гэтыя птушкі толькі зусім нядаўна (прыкладна з канца XX стагоддзя) сталі неад’емнай часткай гарадзенскіх паркаў. Але нораў у іх зусім не такі, як у шызых галубоў. Да людзей адносяцца яны хутчэй з цярпімасцю і перасцярогай. Як толькі вы зробіце лішні крок у іх бок, парушыўшы ўмоўную мяжу — бывайце, добрыя кадры разам з птушкамі…

Але калі птушка ад вас дастаткова далёка — гэта яшчэ не знак правальнага здымку. Крышачку фантазіі — і далёкі шпак на сухой галінцы выдатна ўпішацца ў кадр!

Выкарыстоўвайце перашкоды

На жаль, большасць птушак усё ж не будуць радыя вашай увазе. Дразды, крапіўнікі, пячураўкі ды іншыя птушкі па магчымасці будуць хавацца, заміраць і сачыць за вамі сярод зарасцяў расліннасці. Але гэтым таксама можна ўмела скарыстацца. Перашкоды галінак і лісця могуць ствараць цікавыя эфекты для вашага здымка.

Чорны дрозд

Старайцеся прадчуваць сюжэт

Лета — гэта яшчэ і час злёткаў — птушанят, якія пакідаюць гнёзды. У першыя дні пасля вылету яны звычайна паводзяць сябе дастаткова даверліва, бо яшчэ не адчуваюць небяспекі. Таму сфатаграфаваць іх нескладана.

Злётак дразда-піскуна

Але не спяшайцеся. Набярыцеся цярпення і пачакайце, пакуль да птушаняці падляцяць дарослыя птушкі з кормам. Так вы зможаце сфатаграфаваць працэс кармлення, што значна ажывіць ваш кадр. Праўда, здымаць прыйдзецца вельмі хутка, бо час перадачы спажывы займае літаральна долі секунд. Таму назіраць за злёткамі можна не адну гадзіну, але гэта таго варта.

А пакуль птушаня чакае, бацькі актыўна збіраюць дробных насякомых ды лічынак. За дарослымі птушкамі з поўнай дзюбай спажывы таксама можна паназіраць…

Самка берасцянкі са спажывай для птушаняці

Часам здымка злёткаў можа стаць нават небяспечнай. Асабліва калі маеце справу з шэрымі варонамі. Гэтыя птушкі будуць гатовы нават атакаваць, калі палічаць, што іх птушанятам паграджае небяспека. І тут ужо зусім не важна, хто вы — надакучлівы фатограф або проста шпацыруючы чалавек, які апынуўся на шляху іх птушаняці не ў патрэбным месцы і не ў патрэбны час. Застанецца ў такім выпадку толькі адно — бегчы…

Злётак шэрай вароны

Гэта яшчэ раз даказвае, што фотаздымка птушак — актыўны від адпачынку.

Фатаграфуйце, але не перашкаджайце

Не дапускайце лішніх хваляванняў з іх боку. Не затрымлівайцеся каля гнёздаў і тым больш не здымайце птушак на саміх гнёздах. Толькі такім чынам і яны застануцца ў бяспецы і вы атрымаеце прыгожыя кадры.

Шызы голуб

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость