Вопытная гаспадыня сёлета ў якасці эксперыменту вырашыла апрабаваць новы гатунак агуркоў «алігатар». Насенне спачатку высадзіла ў гаршчкі, а ў пачатку мая зялёныя калівы прапісаліся ў цяпліцы. Не прайшло і месяца, як з’явіліся першыя плады, піша postawy.by.
— Салодкія, сакавітыя, духмяныя, не патрабуюць дадатковага догляду, — кажа спадарыня Алена. — У асноўным ужываем у ежу ў свежым выглядзе, паспрабавала зрабіць і маласольныя — усе засталіся ў захапленні.
Звычайная даўжыня пладоў складае каля 40 сантыметраў, а даўжыня гэтага агурка — 55.
Дарэчы, агурок хаваўся ад гаспадыні. Жанчына выпадкова заўважыла яго, калі стала абрываць засохлае лісце.