20.08.2019 / 16:08

Ці здольны вы адчуць розніцу паміж крынічнай вадой і фільтраванай? Ці ведаеце, што на Зямлі жывуць людзі, якія пакутуюць ад адсутнасці свабоднага доступу да пітной вады? Ці вядома вам тое, што паліэтыленавы пакет здольны даплыць да Балтыйскага мора? Што мы ведаем пра ваду і ці разглядаем яе як вычарпальны рэсурс планеты?

Толькі на адзін дзень у сценах Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" аматары арту, элюзіі і перформансаў маглі пагрузіцца ў "Адносную вільготнасць". Так называецца выстава, што створана па выніках пленэра, які традыцыйна праходзіць у маляўнічым прыродным месцы — на Блакітных азёрах, на хутары Балдук.

У гэтым годзе тэмай была вада — яе станы, пераўвасабленні. Больш глыбока даследаваць гэту прыродную стыхію мастакам з Беларусі, Расіі і Італіі дапамаглі эколагі, стасункі з мясцовымі жыхарамі і актывістамі, разуменне лакальнага кантэсту асяроддзя і аналіз глабальных праблем.

Жывучы ў гарадах, маючы пастаянны і неабмежаваны доступ да вады, мы можам нават не задумвацца, што на планеце існуюць краіны, дзе пітная вада — раскоша.

Згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ЮНІСЕФ:

  • 2,1 мільярды не забяспечаны бяспечным і даступным водазабеспячэннем па месцы жыхарства;
  • 4,5 мільярды не маюць бяспечных сродкаў санітарыі;
  • 361 тысяча дзяцей ва ўзросце да пяці год памірае ў год ад дыярэі праз забруджанне водных рэсурсаў.

Альбо не ўяўляем, як уплываем на водныя рэсурсы штодня праз звыклы лад жыцця.

Эколагі прызнаюць: стан многіх водных экасістэм змяніўся да непазнавальнасці. І прычын таму можа быць некалькі: вядзенне гаспадарчай дзейнасці чалавекам, у прыватнасці сельскагачпадарчай, празмерныя спажывецкія звычкі і скід адходаў, кліматычныя змяненні.

Гэта легла ў аснову аўдыё і візуальных твораў на выставе. Дзевяць мастакоў па-свойму прачулі вадкую субстанцыю: Ігар Корзун, Сяргей Гудзілін, Вольга Маслоўская, Анастасія Ганчарова, Bazinato, Ягор Войнаў, Давідэ Бевілакуа, Варвара Суднік.

Наведвальнікі маглі стаць прамымі ўдзельнікамі выставачнага працэсу. У самым канцы арганізатары прапанавалі прадэгуставаць ваду з розных крыніц і вызначыць для сябе найбольш "жывую", наталяючую смагу і іграючую на смакавых рэцэптарах.

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость