20.08.2024 / 10:08

Лета падыходзіць да канца, але надвор’е ўсё яшчэ радуе цёплымі днямі. Для тых, хто хоча правесці выходныя на прыродзе, мы сабралі рэкамендацыі для вандроўкі ў Літве, а таксама пагутарылі з беларусамі пра іх досвед і даведаліся, якія месцы і парады яны могуць прапанаваць для камфортнага і прыемнага адпачынку.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Літва ідэальна падыходзіць для дзікага турызму: па-першае, тут шмат маляўнічых лесаў, рэк і азёраў, а па-другое – няма жорсткіх абмежаванняў адносна адпачынку з намётам у параўнанні з іншымі краінамі Еўрасаюза.

 

«Калі любіш падарожнічаць у Беларусі, то Літва таксама павінна спадабацца…»

Яўген, вопытны турыст: раней наш суразмоўца любіў падарожнічаць па Беларусі, а цяпер у эміграцыі вырашыў аднавіць старыя звычкі.

«У дзяцінстве я любіў ездзіць на вёску падчас летніх канікулаў. Часам проста хочацца збегчы з горада, таму мне падабаецца дзікі адпачынак. Гэта цікава і зручна, бо ты не залежыш ад інфраструктуры, да таго ж я не вельмі люблю людныя месцы. У цёплае надвор’е часцей за ўсё я спыняюся з намётам. Таксама я люблю падарожнічаць пешшу ці на ровары».

Яўген адзначае, што ландшафт Літвы вельмі нагадвае беларускі, асабліва Браслаўскія азёры і Нарачанскі край, дзе шмат пагоркаў і лесаў.

«Калі любіш падарожнічаць па Беларусі, то Літва таксама павінна спадабацца. Я адпачываў у ваколіцах Вільні. Там даволі маляўнічыя мясціны, шмат нацыянальных паркаў, дзе можна ездзіць і спыняцца на стаянках».

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Згодна з законам аб ахове лясоў нельга спыняцца на адпачынак па-за прызначаных месцаў, адзначае Яўген.

«Але на практыцы, калі гэта не ахоўная і не прыватная тэрыторыя, то праблемаў размясціцца з намётам не будзе. Іншая справа з  вогнішчам – яго можна разводзіць у спецыяльна прызначаных месцах.

Са стаянкамі тут даволі добра, асабліва ў рэгіянальных парках: ёсць парк Лабанорас, Аўкштайцкі парк, дзе можна спыніцца ўздоўж рэчак і вадаёмаў. Стаянкі там бясплатныя і звычайна заўсёды можна знайсці месца.

З цікавага – у Літве шмат аглядных вышак, на якія можна падняцца і паглядзець краявід. Таксама існуе нямала турыстычных клубаў. Напрыклад, ад Віленскага універсітэта, ён адкрыты для ўсіх. Яны амаль кожныя выходныя праводзяць паходы на дзень-два».

Яўген падкрэслівае, што вызначыў для сябе пэўныя правілы для дзікага адпачынку:

«Па-першае, калі сыходзіш з месца стаянкі, яно павінна выглядаць так, быццам бы цябе там не было. Калі цёплы сезон, то я звычайна не карыстаюся вогнішчам і гатую на газавай гарэлцы. Калі ночы халодныя, то тады шукаю спецыяльную стаянку. Я ніколі не паллю смецце ў лесе, асабліва пластык. Таксама я завёў правіла не шумець на прыродзе».

 

«Я ў лес з намётам езджу ўсё жыццё…»

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Наш наступны суразмоўца, Ян, таксама жыве ў Літве. На прыроду ён любіць ездзіць усёй сям’ёй: разам з жонкай і маленькай дачкой.

«Я ў лес з намётам езджу ўсё жыццё, у Беларусі любіў так адпачываць і тут працягваю. З намётамі я вандраваў разоў чатыры-пяць у Літве. Першы раз мы паехалі з сябрамі пару гадоў таму ў кемпінг у Клайпедзе: ён знаходзіўся ў лесе, і там было даволі добра. Там можна прыехаць з домам на колах ці на машыне, ёсць дзе прыкрывацца.

Таксама мы ездзілі з жонкай і дзіцём у іншы кемпінг, дзе людзі зрабілі пару дамоў, месцы для намётаў і вогнішча.

Сёлета мы знайшлі на Google Maps платны кемпінг каля Ігналіны – гэта такі азёрны край у Літве. Там мне спадабалася больш за ўсё. Там быў газ, кухня, шмат падвогнішчаў, лавы, сталы, уваход у возера. І нават крама з напоямі і кавай».

У Яна, як і ў Яўгена, ёсць пэўныя правілы адпачынку з намётамі.

«Мы ніколі не ўключаем музыку, бо слухаем прыроду. Бывае, калі трэці-чацвёрты дзень у лесе, нешта ў навушніках паслухаеш, але не ўключаеш гучна. Вогнішча палім абавязкова, таму шукаем месцы, дзе гэта дазволена. Вядома, я клапачуся, каб не нашкодзіць наваколлю. Ёсць такая прыказка: тое месца, куды ты прыязджаеш, пакінь у лепшым стане. Але гэта больш лясная этыка.

Яшчэ я традыцыйна бяру з сабой два гамака, гэта заўсёды сваякі прымаюць з радасцю. Таксама я люблю схадзіць па грыбы, збіраць іх і гатаваць на вогнішчы са смятанкай».

 

Пра што варта памятаць, збіраючыся на адпачынак

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Эксперты з літоўскага Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя нагадваюць, што для адпачынку на прыродзе існуюць пэўныя правілы, за парушэнне якіх можна атрымаць штраф.

Напрыклад, аўтамабілістам варта памятаць аб патрабаваннях прыбярэжнай ахоўнай зоны – не паркаваць машыну бліжэй за 25 метраў ад берага азёра.

Паркоўка ў лесе дазволена толькі ў спецыяльна адведзеных месцах або на абочыне дарогі, каб іншыя аўтамабілі маглі рухацца па дарозе. Таксама пры паркоўцы на краі дарогі неабходна сачыць за тым, каб не заехаць на мох, лішайнікі або камыш.

Размяшчацца для адпачынку ў лесах і раскладаць агонь можна толькі на абсталяваных грамадскіх аб’ектах адпачынку. Для начоўкі на прыродзе (напрыклад, пры ўстаноўцы палатак) важна выбіраць месцы для адпачынку, зоны адпачынку, лагеры, кемпінгі.

Даведацца, якія лесныя масівы з’яўляюцца ахоўнай зонай, можна на мапе месцаў адпачынку і лагераў Дзяржаўнай службы аховы запаведных тэрыторый.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость