20.10.2016 / 16:10

Лужкаўская сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна не першы год працуе ў экалагічным накірунку. У будынку размешчаны музей прыроды, ёсць уласны зімовы сад, дэндрарый, створаны клуб АПБ «Крылаты дазор». Педагагічны калектыў ўсімі намаганнямі імкнецца развіваць экалагічную свядомасць сваіх навучэнцаў, а таму актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх экалагічных акцыях. Апошняй з іх была «Зробім», падчас якой удзельнікі займаліся прыбіраннем ужо звыклых і замацаваных за імі тэрыторыямі.

Адзін з самых няўдзячных аб’ектаў — бераг ракі Мнюты, побач з якім размешчаны школьны стадыён. Тут жа знаходзіцца зона адпачынку. Гэтая акалічнасць нясе пэўны «адбітак», які дзеці церпяліва вясной і восенню спрабуюць звясці да мінімуму.

Сваімі ўражанямі ўдзельнікі акцыі падзяліліся з Віцебскім Зялёным парталам:

— Мы ачышчаем прыроду ад бутэлек, паперак, і наша Зямля становіцца ўсё чысцей і чысцей, — кажа Яўгенія Агурэнь, вучаніца 8-га класа Лужкаўскай сярэдняй школы.

— Ты сапраўды ў гэта верыш пасля таго, як вы кожную вясну, а цяпер яшчэ і восень ходзіце прыбірацца на бераг ракі?

— Так. Калі кожны будзе прыбіраць смецце там, дзе ён жыве і адпачывае, то гэта, у рэшце рэшт, прывучыць людзей да парадку. Мы — невялікі, але карысны прыклад, за якім павінны рухацца астатнія.

— Аднаму чалавеку немагчыма зрабіць наша краіну чысцей, толькі разам, — упэўненая пяцікласніца Даша Нарэйка.

— Такім чынам мы прыносім карысць прыродзе, — дадае Рома Шабан з 8-га класа. — Магчыма, і іншыя людзі таксама не будуць, гледзячы на нас, раскідваць смецце. Спадзяюся на тое, што некалі мы прыйдзем вясной на бераг Мнюты, а там парадак.

— Гэта вельмі патрэбная акцыя, — адказвае на пытанне пра мэтазгоднасць «Зробім» Дзіма Мядзелец, вучань 8-га класа. — Яна мае вялікае значэнне, таму што мы — тое пакаленне, якое ў будучым складзе асноўную частку грамадства, і калі мы з малых гадоў будзем мець усведамленне таго, што трэба берагчы прыроду і перашкаджаць яе забруджванню, то і сваіх дзяцей зможам выхаваць так жа. А значыць, грамадства, у рэшце рэшт, стане экалагічна свядомым.

«Зробім» — гэта такая акцыя, калі тыя, хто не забруджваюць прыроду, прыбіраюцца за тымі, хто забруджвае, — тлумачыць васьмікласнік Уладзіслаў Вершаловіч.

Непагадзіцца з такім меркаваннем вельмі цяжка. Але для таго і працуе Лужкаўская сярэдняя школа ў экалагічным накірунку, каб пераканаць дзяцей у тым, што толькі агульнымі намаганнямі магчыма дасягнуць выніку. Для гэтага ў школе створаныя добрыя ўмовы. У будынку размешчаны музей прыроды, дзе панарамы біяцэнозаў дазваляюць вывучаць насельнікаў змешанага лесу, балота, вадаёма. Асноўнымі наведвальнікамі музея з’яўляюцца вучні малодшых класаў. 

Музей прыроды
Музей прыроды

Сапраўдны аазіс прыгажосці — зімовы сад, дзе сабрана каля 80 відаў пакаёвых раслін. Даглядаць за імі дапамагаюць удзельнікі аб’яднання па інтарэсах «Юныя кветкаводы».

Зімовы сад
Зімовы сад

На тэрыторыі прышкольнага участка размешчаны дэндрарый, асноўнай тэматыкай якога з’яўляюцца інтрадуцыраваныя віды. Тут можна ўбачыць як станоўчыя прыклады інтрадукцыі — айва японская і ядловец казацкі, так і адмоўныя — чырвоны дуб, сумнік канадскі.

Дэндрарый
Дэндрарый

Школа супрацоўнічае са школьным лясніцтвам. За вучнямі замацаваная экалагічная сцежка, дзе яны могуць праводзіць экскурсіі, назіранні, даследаванні. 

Сцежка дае магчымасць адчуць сябе сапраўдным сябрам прыроды.

Маладым і перспектыўным з’яўляецца клуб АПБ «Крылаты дазор». Гэтае аб’яднанне існуе толькі другі год, але інтарэс да птушак, які дэманструюць вучні, сведчыць, што гэта праца прынясе плён.

Автор:
Фотограф:
Алёна Лапацкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость