20.11.2014 / 16:11

Пра сімвалізм у грамадскім абмеркаванні экалагічных пытанняў, ідэальныя пажаданні і фактычныя магчымасці распавялі Ірына Сухій і Таццяна Сініца падчас заключнага дня Фестывалю ўрбаністыкі ў Мінску.

У нас няма культуры грамадскага ўдзелу”

У мяне зараз уражанне, што я вам раскажу банальнасці: усім зразумела, што грамадскасць мусіць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў”, - так пачала свой выступ Ірына Сухій, афіцэр па адвокасі таварыства "Зялёная сетка", ГА "Экадом".

Здавалася б, удзел трэба і мясцовым жыхарам з экаактывістамі, і бізнесу з дзяржавай. Але пра сацыяльную адказнасць бізнеса ў нас пачалі гаварыць зусім нядаўна, а дзяржорганы лічаць калі не ворагамі, то дакладна не сябрамі.

Жыхары гораду цікавяцца пераважна тым, што тычыцца іх непасрэдна – Кемпінскім, але толькі калі той сапсаваў ім панараму. Экаактывісты, несістэмныя, і, “напэўна, адна з праблем удзелу грамадскасці – мы вельмі спарадычна пачынаем у нечым удзельнічаць, - кажа Ірына. - Няма ў нас культуры грамадскага ўдзелу. Будзе абмяркоўвацца Генплан гораду – колькі з нас зазірне туды?”

Другая праблема – дужа шмат абмеркаванняў праходзяць, калі абмяркоўваць ужо нешта позна, застаецца толькі праінфармаваць. І гэта побач са страхам абмеркаванняў у тых, хто забудоўвае і г.д. – занадта шмат там раздражнення, якое бярэцца з немагчымасці на нешта паўплываць.

Для ідэальнага абмеркавання, якога ў нас пакуль няма, на думку Ірыны, неабходна некалькі рэчаў. Адна з іх – шмат часу, што нязвыкла на постсавецкай прасторы. А таксама:

  1. Мець мэтай насамрэч абмеркаваць з людзьмі. Мэта праінфармаваць, замаскіраваная пад нешта іншае, прыводзіць да негатыву.

  2. Альтэрнатыўнасць: мо немагчыма ўлічыць меркаванне кожнага, але нашмат больш атрымаецца, калі абмяркоўваць на перадпраектнай стадыі, калі яшчэ не ўкладзеныя мільёны.

  3. Зваротная сувязь: зараз пасля прыняцця рашэння найчасцей дзяржорганы не даюць адказаў наконт прынятых/адкінутых прапановаў.

  4. Уключэнне ўсіх зацікаўленых бакоў: часта кажуць, што пытанні абмяркоўваюцца спецыфічныя, людзі не зразумеюць. Тлумачэнне мусіць быць на ўзроўні, зразумелым тым, для каго ідзе будоўля - жыхарам.

  5. Мэты абмеркавання мусяць быць рэалістычнымі: не пратэставаць супраць парковак агулам, а за іх вынас з двара.

Падсумоўваючы, Ірына назвала ўдзел людзей у нас сімвалічным – праз інфармаванне: “А вельмі часта і гэта не адбываецца, прачынаешся – а ў цябе ў двары плот і нешта будуюць… Мала каму ў Беларусі трэба ўдзел грамадзянаў і мала адэкватных механізмаў”.

Беларусь ратыфікавала Архускую канвенцыю, зараз яна імплементуецца ў заканадаўства, і не так даўно Беларусь атрымала рэкамендацыі ад сакратара Канвенцыі ў адказ на скаргу НДА - працэс ідзе. Але, на думку Ірыны, для таго, каб законы запрацавалі, галоўнае – удзел грамадства.

Законныя формы: ідэальныя і недасягальныя

Ірына намалявала ідэальны малюнак. Я раскажу, якія механізмы дае нашая дзяржава”, - кажа Таццяна Сініца, юрыст таварыства “Зялёная сетка”. Іх два - грамадскае абмеркаванне і грамадская экалагічная экспертыза.

Грамадскае абмеркаванне можа адбывацца ў адносінах горадабудаўнічых аб’ектаў, справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на наваколле (рус. ОВОС) і пры выдачы дазволу на выдаленне некаторых аб’ектаў расліннага свету.

Самыя складаны выпадак з горадабудаўніцтвам – там прадугледжанае абмеркаванне ў форме інфармавання і аналалізу грамадскага меркавання і ў форме працы камісіі.

Сама назва кажа аб тым, што як такога абмеркавання не прадугледжана, - упэўненая Таццяна. - Напрыклад, у форме інфармавання будзе праводзіцца абмеркаванне Генплану Мінска”.

Аналіз грамадскага меркавання з’яўляецца аналізам прапановаў грамадскасці, і зваротная сувязь тут не прадугледжана. У форме камісіі разглядаюцца, напрыклад, праекты што тычацца парковак ці дваровых пляцовак. Вельмі важна, што ў камісію могуць трапіць мясцовыя жыхары ў колькасці да трох чалавек. У адрозненне ад папярэдняй формы, тут на прапановы дадуць аргументаваныя, падрабязныя адказы на сайце выканкаму.

Ацэнка аналізу аб уздзеянні на наваколле робіцца пры будоўлі ЦЭЦ, чыгункі, захавання адходаў і любых аб’ектаў, якія могуць уплываць на наваколле. Яна мусіць праводзіцца на стадыі распрацоўкі праекту, і грамадскае абмеркаванне – адзін з абавязковых этапаў аналізу. Але сход для гэтага адміністрацыя правядзе толькі па заяве мясцовых жыхароў.

На жаль, сход не азначае, што там будзе праводзіцца галасаванне, - тлумачыць Таццяна. - Вы можаце задаць пытанні, выступіць, атрымаць адказы. Але рашэнне ўжо прынята, абмяркоўваюцца дэталі”.

Самая дэмакратычная і камічная працэдура на выданне дазволу на выдаленне аб’ектаў расліннага свету. Для высечкі любога дрэва трэба дазвол мясцовага выканкаму, а для яго патрэбнае грамадскае абмеркаванне з мясцовымі жыхарамі і галасаванне.

Праблема ў тым, што ў заканадаўстве процьма выключэнняў. І па сутнасці выпадкаў, калі такое грамадскае абмеркаванне мусіць праводзіцца, няма, - падсумоўвае Таццяна. - Працэдура ідэальная, але фактычна яе могуць не праводзіць ніколі”.

Грамадская экалагічная экспертыза – для тых жа выпадкаў, што і дзяржаўная. Ініцыяваць могуць грамадзяне і НДА, са сваімі адмыслоўцамі і за свае грошы. У астатнім працэдура ідэнтычная, а вынікі носяць рэкамендацыйны характар, нават калі яны супрацьлеглыя дзяржаўнай экспертызе. Праўда, да агульнай дакументацыі іх дададуць.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость