20.11.2019 / 11:11

Закінутыя і занядбаныя манументальныя збудаванні маюць сваю прыцягальную эстэтыку. Паўразбураныя, з выветранай цэглай і аголенымі камянямі, паедзеным дрэвам і іржавым жалезам, паросшыя зелянінай – яны вабяць сваёй гісторыяй, слядамі мінулага, прысутнасцю людзскога быту. На мапе Беларусі такіх аб'ектаў – безліч. Адны з іх даўно аблюбаваныя турыстамі, шчэмяць сэрца згубленай спадчыны, іншыя ж, адваяваныя прыродай, мала вядомы, вядуць ціхае нядбайнае існаванне.

У 80 кіламетрах ад сталіцы, на ўскрайку Налібоцкай пушчы на беразе Іслачы знаходзіцца санаторый "Лясное".

Пабудаваны ў другой палове мінулага стагоддзя, ён належыць Міністэрству сувязі БССР, у сучаснай Беларусі пераходзіў ад уладальніка да ўладальніка па міністэрскай лініі. Пакуль у 1996 годзе не быў канчаткова закрыты.

Казалі, што ў будынка, ці хутчэй тэрыторыі, знайшоўся новы інвестар-гаспадар. Бо яшчэ год пяць-шэсць таму аматараў палазіць па занядбаных аб'ектах ганяў стораж. Сёння ж былы санаторый цалкам даступны турыстам, ахвочым адпачываць дзікуном на свежым паветры і пад адкрытым небам.

Для сталкераў гэты санаторый таксама прыцягальны, бо мае адну страшную асаблівасць: знаходзіцца як раз у пляме забруджання цэзіям-137спадчына ад аварыі на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС.

Невыпадкова сярод дробных сталкераў санаторый звыкла называюць "беларускай (ці лакальнай) Прыпяццю". Аднак што стала прычынай "смерці" санаторыя – радыяцыя ці эканамічная немэтазгоднасць трымаць на балансе аб'ект – наўрадці хтосьці адназначна адкажа.

Знайсці гэты аб’екты не складана. На мапе ён так і пазначаны – Закінуты санаторый "Лясное".

Дарога з Мінска на аўтамабілі займае крыху больш за гадзіну ў гродненскім накірунку. З трасы навігатар вядзе ў Налібоцкую пушчу, але практычна адразу ж за знакам на Т-падобным скрыжаванні скіроўвае на гравейную дарогу ў бок Івянца.

Па ёй праз вёску Яцкава-Замостныя і пасёлак Першамайскі. Арыентырам на паварот да санаторыя з'яўляецца знак з раскладам міжгародняга транспарта. Яго цяжка прапусціць, бо ён першы, што сустракаецца па дарозе. Далей налева ў залесак па асфальтаванай дарозе, на якой яшчэ праглядаецца алея з дрэваў.

Пры ўездзе на тэрыторыю санаторыя віднеюцца ў зарасніку рэшткі плота з сеткі рабіцы. Адсюль з-за дрэваў праглядаецца вежа санаторыя, аздобленая чырвонай чарапіцай і флюгелем, на адным баку якога фігура буслоў, на другім – васілёк. Пры моцных парывах ветру, ён выдае плаксівы гукі састарэлага металу.

Да будынка вядзе дарожка з выязджанай каляінай, дзе-нідзе з-пад зарасніку выбіваецца стары бардзюр і праглядаюцца кампазіцыі культурных элементаў азелянення – жывая загарадзь з шыпшыны, лютэуса, ядлаўца.

Пры набліжэнні да санаторыя, пачынае адкрывацца корпус трохпавярховай пабудовы, якая мае асіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Асноўныя яго памяшканні – пакоі размешчаны па левы бок ад вежы. Тут жа знаходзіцца былая сталовая з кухняй, што апендыксам адыходзіць ад асноўнага будынка.

Патрапіць унутр не так складана, у санаторыя практычна не засталося цэлых дзвярэй і вокан.

Таму зрабіць гэта можна праз любы з чатырох уваходаў: з пляцоўкі ля вежы, між сталовай і корпусам, з тыльнага боку фасада на галоўнай лесвіцы ці з лесвіцы з боку ракі.

Першы паверх дзеляць між сабой спальныя невялікія пакоі і пакоі для водных працэдур. Апошнія ўгадваюцца па бялёсай квадратнай плітцы на сценах. Сантэхнікі, ваннаў, рукамыйнікаў ужо нідзе не засталося. Керамічныя рэшкі можна знайсці сярод абсыпанай ці збітай ляпніны, што кучамі ляжыць на калідоры між калон.

На некаторых дзвярах у пакоі засталіся чорныя сляды ад падэшваў і грубай сілы, відаць, што іх даводзілася выбіваць. Хаця зараз ні на воднай не знойдзецца замка, пра колешнюю наяўнасць якіх  зеўраюць дзіры.

Адсутнічае ў пакояў і мэблі ці хаця б ацалелых плафоны і патроны. Нават убудаваныя шафы, індывідуальныя санвузлы і тыя разбіты ўшчэнт.

З першага паверха насупраць галоўнай лесвіцы застаўся пераход у невялікую светлую сталовую. У ёй не засталося ніякага аздаблення, ззелянела ад вільгаці і абсыпалася цэгла. Тут жа хтосьці сарганізаваў для сябе месца пад вогнішча, вакол якога зладзіў лавы з цэглы і драўляных панэляў, якімі калісьці была абшыта сталовая, рэшткаў мэблі і дзвярэй.

Па галоўнай лесвіцы можна падняцца на другі паверх. Па абодва бакі ад яе размешчаны тыпавыя спальныя пакоі. А па цэнтры агульны, відавочна для адпачынку. Праз выбітыя вокны якога можна выбрацца на заліты бітумам дах кухні і да пірамідапабоднага даху сталовай.

Адсюль жа бачна як моцна асела страха над самымі крайнімі памяшканнямі ў левай частцы будынка.

На трэцім паверсе знаходзіцца пакой для адпачынку з камінам, выхад на падстрэшша з лесвіцы ў вежы і на невялікую тэрасу з боку ракі, абвалены кавалак якой віднеецца знізу.

Нягледзячы на тое, што санаторый даўно прыйшоў ў заняпад, жыццё ў ім віруе. У некаторых пакоях можна сустрэць сляды прысутнасці чалавека. Як і ў сталовай дзесьці арганізаваны месцы пад вогнішча, у іншых сцены распісаны графіці. Горшым следам людзей у санаторыі з'яўляюцца рэшткі адпачынку: бутэлькі, абгорткі ад сасісак, маянэзу, кетчупу.

Аблюбоўваюць людзі найбольш цэлыя памяшканні, у якіх сустракаецца нават некранутая паркетная падлога — звычайна гэта пакоі ў цэнтры будынка. У горшым стане знаходзяцца крайнія памяшканні з абодвух канцоў, відавочна яны прымаюць на сябе найбольшы ўдар ад прыроды, паравін году і часу.

Між тым санаторый не адзіны аб'ект у гэтай лакацыі. У двух хвілінах хадзьбы ва ўсходнім накірунку з-за ляском засталіся рэшткі сядзібнага дома Тышкевічаў ва ўрочашчы Вялае.

У 1840 годзе Бенедыкт Тышкевіч пабудаваў драўляную аднапавярховую сядзібу — паляўнічы домік. Пасля пажара на гэтым месцы ўзвялі дом з чырвонай цэглы ў два паверхі з двухсхільным дахам. Сіметрычны галоўны паўднёвы фасад вырашаны адкрытай арачнай галерэяй, якая добра захавалася да нашага часу.

Удар на сядзібны дом прыйшоўся ў гады Другой сусветнай вайны. Будынак быў ўзарваны партызанамі в мэтай выкурыць з яго гітлераўцаў. Надалей рэшткі разбіраліся людзьмі на будаўнічыя матэрыялы і выкарыстоўваліся альпіністамі для трэнеровак.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость