Напачатку шлях наш ляжаў у вёску Бычкова: паступіў сігнал, што мясцовыя жыхары выкідваюць смецце на беразе ракі.

І, сапраўды, на месцы мы ўбачылі шмат розных бытавых адыходаў.

Каб выявіць парушальнікаў, шмат часу не спатрэбілася: вёска ж невялікая.

Але на гэты раз інспектары штрафаваць нікога не сталі, абмежаваліся прафілактычнай гутаркай. Бо парушальнікамі аказаліся 80-гадовы пенсіянер ды маладзейшыя жыхары, якія атрымліваюць мізэрны заробак. Праўда, смецце яны цвёрда паабяцалі прыбраць і больш не забруджваць рэчку.

Пасля Бычкова шлях інспектараў ляжаў да некаторых азёр Глыбоччыны, у тым ліку на буйнейшае і глыбокае возера Беразвецкае.



Аляксей Віктаравіч правёў з рыбакамі прафілактычныя гутаркі, раздаў памяткі.

Ён адзначыў, што ў апошнія гады агульная культура рыбакоў вырасла, яны ўжо менш засмечваюць вадаёмы.


Пасля інспектарам паступіў сігнал аб незаконнай высечцы дрэваў недалёка ад Глыбокага. Едзем туды. У поле зроку інспектараў трапляе індывідуальны прадпрымальнік, які ўжо неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за падобнае парушэнне. На яго складаюць пратакол, парушальніка чакае штраф.


Але ў цэлым па выніках рэйду Аляксей Протас адзначае паляпшэнне экалагічнай культуры грамадзян. Ён заклікае берагчы прыроду, каб нам было што пакінуць у спадчыну будучым пакаленням.



